Правіла спыніўся ў дзвярах, закурыў і хцівым позіркам вузкіх вачэй пачаў аглядаць чаргу. Чарга не дужа вялікая, але гаманкая і мітуслівая. Чалавек з трыццаць муляраў, тынкоўшчыкаў, арматуршчыкаў, цесляроў прыперліся да сцяны ўздоўж калідора, гаманілі і ціснуліся наперад. Некаторыя без чаргі лезлі і штурхаліся ля маленькага закратаванага акенца, застаўленага разлінаванай фанерынай, мабыць, ад якой-небудзь дошкі паказчыкаў. У гэтай фанерыне ўнізе — маленькая дзірачка, у якую толькі пралезе рука, каб чыркнуць у ведамасці і ўзяць грошы. У калідоры адны хлопцы. Дзяўчаты часам паказваюцца ў дзвярах, нясмела зазіраюць у гэты гоман і скарэй уцякаюць назад. Уцякаюць, бо Правіла ці яшчэ хто з гэткіх жа языкастых нахабнікаў не зазяваюцца і адразу ўсмаляць жарт, ад якога дзяўчыне адзін паратунак — уцячы.
Сціснуты спераду і ззаду і падпёрты сцяною, Косця цярпліва чакаў свае чаргі. Нахмурыўшы бровы, хлопец неўпрыцям пазіраў у парог, дзе, заклаўшы ў кішэні рукі, усё шныпарыў па людзях Правіла. Ён даўно ўжо атрымаў сваю палучку (без чаргі, вядома), збегаў, відаць, на рог спатоліць прагу, і цяпер яшчэ нешта трэба гэтаму злыдню. Косцік здагадваўся, каго выглядваў Правіла, і хлопцава нутро напаўнялася абурэннем.
— Федзька, — крыкнуў ён сябру. — Федзька, гэй!
Федзька быў ля самага акенца. На вокліч таварыша ён павярнуў белабрысы, круглы, заўжды з усмешкаю твар і моўчкі глянуў на сябра сваімі дзявочымі прыгожымі вачыма.
— Федзька, чакай мяне. Чуеш?
Пэўна, хлопец пачуў, але не адказаў нічога. Не адказаў, вядома, таму, што па калідоры да чаргі, раздзімаючы тонкія ноздры, ужо падыходзіў Правіла. Ён спыніўся збоч Косці, прыплюшчыў праз дым сваё хцівае вока і, не вымаючы з зубоў папяросы, ляніва спытаўся:
— Яшчэ морда цэла? Га?
— Не палохай, — спакойна адказаў хлопец. — Няма чаго абіраць людзей.
— Ага, так, Няўломак?
— Так.
Правіла яшчэ пажмурыўся з хвіліну, нібы згадваючы, што зрабіць гэтаму хлопцу, а потым, паводзячы з боку ў бок кашчаватай хрыбецінай, выйшаў на двор.
Чарга пасоўвалася марудна, хлопцы пацелі, штурхаліся ля акенца, цяжка было пралезці туды, але не лягчэй і вылезці. Ужо не адзін гузік, звонка цокаючы, каціўся ў кут па бетоннай падлозе. Але што там гузікі — сёння ўсе былі багатыя і вясёлыя, і хоць балелі бакі, але смяяліся твары, і ніхто не сварыўся.
Неўзабаве, адштурхоўваючыся ад людзей, нібы тыя не хацелі выпушчаць яго, вылез з натоўпу і Федзька. Яго шэрая кепачка нейкім цудам трымалася на патыліцы, хлопец аберуч прыціскаў да грудзей свой двухтыднёвы заробак.
— Глядзі ж, чакай мяне. Разам пойдзем, — папярэдзіў Косця.
Федзька кіўнуў галавой і адступіў на вальнейшае месца.
На дварэ наступаў вечар, і ў калідоры патроху цямнела. Недзе, змагаючыся з хмарамі, раз — пораз заглядвала ў акно сонца, і на сцяне пад столлю нядоўга, але ярка ззяла касабокая латка святла. Пакрысе яна ўсё менела і, нарэшце, знікла зусім. «Хоць бы не зачыніўся магазін, — занепакоіўся Косця. — Ну ды цяпер ужо хутка…». Яшчэ міне трохі часу, і ён атрымае палучку, заробленую жорсткімі, збітымі цэглай рукамі, і пабяжыць у ювелірны магазін. Там ён даўно ўжо аблюбаваў сабе жаданую пакупку — наручны гадзіннік «Кама» — дзівосную штуковіну з чорным цыферблатам і фосфарнымі лічбамі. Уначы, калі выключаць у інтэрнаце святло, яны будуць ціха свяціцца роўнымі зеленаватымі агеньчыкамі, бы тыя светлячкі на трухліне. Прачнешся, зірнеш — адразу відаць, колькі яшчэ спаць, ці скора ранак. На будоўлі таксама стане вунь як зручна, заўжды відаць, якая гадзіна, не трэба будзе чакаць гудкоў ці, задраўшы голаў, пытацца пра час у кранаўшчыцы Зінкі.
Чым бліжэй да акенца, тым цясней рабілася ў чарзе. Хлопцы бясконца штурхаліся, і ўсё таму, што адны стаяць гадзінамі, чакаюць, а другія пнуцца атрымаць адразу.
Вядома, гэта ўсё зубастыя ды хвацкія, і ніхто не дасць ім добрага адпору.
Адзін з такіх — Шпур, мурласты і рукасты дужака, заўсягдашні Правілаў хаўруснік. Рассоўваючы людзей локцямі, ён пралез да акенца і атрымаў грошы. Хлопцы бурчалі, але ціснуліся, саступалі з дарогі, і ніхто як след не дапёк гэтаму нахабніку. Адзін толькі Косця не хацеў зважаць і, хоць з выгляду быў зусім блазан супраць баксёрскай постаці Шпура, злосна кінуў з чаргі:
— Хлопцы, нашто пушчаеце? Хай бы пастаяў, падумаеш, цаца!
Шпур азірнуўся на голас, паказаў кулак і падаўся сабе ў дзверы. Косця пашкадаваў толькі, што не дадзена яму болей сілы — ён правучыў бы нягодніка як след.
Але вось і яго чарга. Хлопец нетаропка і роўна вывеў сваё прозвішча на чыстым радку і, падабрэўшы, пазіраў у акно, дзе ўжо мільгацелі яго хрумсткія паперкі. Як таго патрабуе парадак, ён тут жа, ля акенца, яшчэ раз пералічыў іх — 378 рублёў — здаецца, якраз хопіць на яго мару і яшчэ застанецца. На пражыццё не хопіць, вядома, але ён як-небудзь стрывае. Галоўнае — набыць гадзіннік, які ўжо сніцца яму амаль кожную ноч.
Хлопец вылез з чаргі, у патайную кішэню пінжака акуратна засунуў грошы, зашпіліў яе шпількай і пайшоў шукаць Федзьку.