«Яны ведалі, што прысуд ім быў вынесены даўно, гэты зыход быў відавочны, як толькі яны кінулі выклік страшнай сіле і сталі са зброяй у строй. Выклік быў дзёрзкі і рашучы, а сілы ўсё ж малыя. Як заўжды, масы засталіся ўбаку, не падтрымала іх Беларусь. Але яны павінны былі пачаць. Для іх было відавочна: тое трэба было колісь зрабіць, раней ці пазней. Без таго, без іхняе безагляднае адвагі, ахвяр і крыві ўся іх нацыянальная справа, бы невылечны сухотнік, асуджана на вялы, задоўжаны скон. Цяпер гэтаму не бываць! Зерне кінута, па вясне ўгрэецца глеба, будуць усходы! Колькі б зіма ні доўжылася, настане вясна! Яны ж угнояць глебу, мусіць, такое іх гістарычнае прызначэнне, так трэба. Для вольнай радзімы, для гісторыі…»
[1994 г.]