Читаем Радкі і жыццё полностью

У суботу ў Зялёным, на дачы — з Вярцінскім, каля аўталаўкі, у мяне, у яго. Доўгая размова аб усім і ні аб чым; шмат гадоў жа не гаварылі ні трохі.

1.9.

Многа было і рознага, але галоўнае: вострае адчу­ванне нястачы часу. Кожнае лета час адпачынку неяк асабліва гэта выяўляе.

Рэцэнзіі па рукапісы кніг М. Яроша «Пятрусь Броўка» і Р. Няхая «Цана жыцця».

Прыслаў дзіцячую кніжку Павел Марціновіч.

Нарачанскія дзесяць дзён. Зноў радасць ранішняга купання і чыстай азёрнай вады. Грыбное лета.

У «ЛіМе» — добры артыкул Валянціны Коўтун «Наталіце зямлю дажджом...» — пра Янку Сіпакова. Арты­кул вылучаецца над усіхняй — і маёй — пісанінай: узмах крыла.

Узрушанасць, мера пранікнёнасці, стылёвая свабода, гнуткасць думкі, раскаванасць формы, напоўненасць зместу. ёсць паэтычнасць, народжаная суладдзем з першакрыніцай, і паэтычнасць, якая ідзе ад асабістага багацця душы і здольнасці адгукацца на прыгожае ў жыцці і паэзіі. Дзесьці, магчыма, ёсць перабор, эмацыянальнае пераважае над аналітычным, але пад уладу арТыкула я трапіў і добра адчуў, што лепей пра Сіпакова я напісаць бы не змог.

Пропаведзі сумлення і шчырасці ў нас — у літаратуры, крытыцы — часта не хапае іменна сумлення і шчырасці. Яны як быццам і ёсць, але побач — маленькія хітрасці, дробныя падтасоўкі і вось ужо — няшчырая шчырасць, шчырая няшчырасць.

Увесь час пытаеш сябе: а ты? I не магу адказаць, не магу ўбачыць староннім вокам, як жа я сам успрымаюся.

Раман Віля Ліпатава «И это все о нем...». Вельмі таленавіта, але выдумана. Хлёсткасць, эфекты побач з заяўкай на сур’ёзнасць. Урэшце галоўны пачатак першажыццёвай істотнасці паглынаецца стылёвым бляскам.

Пейзажы, партрэты, характары — у аздобе перабольшванняў. I ў выніку ніводнага характару з прынцыповай самабытнасцю асобы, лёсу, унутранага свету. Дапушчальныя варыянты. Замены.

А сэрца сцялася з весткі пра ягоную смерць. I ў анатацыі сказана правільна: «Имя Виля Липатова хорошо известно каждому читающему человеку».

Щедрость и систематичность труда — черта, как мне кажется, только истинно одаренных людей.

У свеце шмат яшчэ ў людзях жывога, прыгожага, яно шчымліва чуецца, і трэба толькі ім натхняцца.

8.10.

Напрыдумвалі шмат метафар і вобразаў адзіноты, самоты, болю і ўмеюць іх выявіць у тонкіх і складаных асацыяцыях, а ўсё гэта проста і строга глядзіць з душ і вачэй людзей, якія жывуць пакутай і цяжкасцю без думак пра тое, як гэта скажацца.

13.10.

Са старой «Юности» (1971, № 5).

Михаил Квливидзе. «Монолог Бараташвили» (пере­вод Д. Самойлова):

Собираюсь жить! Очи видят свет,

Сила есть, и ум не теряет нить...

Сколько лет уже, сколько долгих лет

Собираюсь жить, собираюсь жить!

Собираюсь жить! Сборам нет конца.

Собираюсь все и не соберусь!

Тают в кулаке вроде леденца

Сладость детских дней, молодости вкус!

15. 10.

Сіноптыкі назвалі гэта «сяродземнаморскі цыклон», а гэта — другі тыдзень сонца, паружавелага небасхілу і светлай сінечы.

16. 10.

I сённяшняе, і ўчарашняе, і папярэдняе: гэта восеньская святочнасць сонца, шапаценне лісцяў. Некалькі дзён назад — раніца ў тумане. 3 трывогай. 3 прыгляданнем да поля і лесу, з павевамі ветру і шапаценнем лісця. Забываўся на ўсё і самапаглынаўся нейкімі думамі,

але гэтыя думкі раптам набывалі шырыню і істотнасць, бо недзе і ў іх жыла гэта восеньская святочнасць: гэты шорпат лісцяў, радасць і сум, надзеі на справу і безнадзейнасць, яднанне з людзьмі і светам і адасобленасць ад усяго.

Сёння ездзіў у Астрашыцкі Гарадок. Калі ўбачыце там, што соўгаецца па вуліцах нейкі дзівак у расхлістаным плашчы, узіраецца ў твары людзей, быццам яны ў нечым яму знаёмыя, разглядае гэтыя прыземістыя і старыя, аселыя ў зямлю хаты, задумліва глядзіць на раку, сажалку і возера, прастойвае без выразнага сэнсу на могілках... — то гэта я.

Дзіўнае жаданне ўсё абысці, абгледзець і прыпомніць. А ўсё паўстае з трыццацігадовай даўнасці не над­та і змененым: цэнтр стаіць у той жа каардынатнай сетцы: шавецкая майстэрня, сельмаг, школа, сталярная, бальніца. Але няма, няма знаёмых: яны сустракаюцца толькі на могілках, на надпісах: Лявіцкі, Якунін, Кручонак, Мураўскі, Пашыкі, Абмёткі, Бацяноўскія, Аносік... яшчэ, яшчэ.

Дзесьці раскручваюцца новыя і новыя плёнкі знятага памяццю дзяцінства. Вось было два масты і млын, тут кралі мы ў завознікаў сена, цікавалі, каб адрэзаць конскі волас на вуды. Клуб — на рамонце, стаяць толькі сцены. Тут — цэлая процьма розных успамінаў. Між іншым — Я. пускаў мяне ў кіно бясплатна, але ж я з некім спрабаваў праскочыць так, і быў злоўлены. На возеры пад ледзь чутнай імжакай гойдаліся памалу лодкі з рыбакамі. Возера стала малым, як і ўсё іншае ад часу дзяцінства: усё-ўсё тужліва зменшылася, але яго было так яшчэ многа. Як заўсёды, я пагубляў думкі.

Магілу Веры Фамінічны ўсё засыпаюць новым ламаччам і смеццем, а што рабіць — не ведаю.

На брацкай магіле пакрысе сціраюцца надпісы, не­каторыя ўжо не чытальныя. Забыццё працуе, працуе; старэюць сосны на могільніку, магілам цесна, вольнага месца ўжо няма, а скрозь ляжаць маладыя-маладыя...

23.10.

Дзіцячы час. Наплывы таго, што, можа, і самому не номніцца.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже