Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Ці памятаеш той дзіўны захад сонца, які бачылі мы колісь, наведваючы гэтыя ваколіцы? Якое цудоўнае было неба! Пасмы густых хмараў расцягнуліся над даляглядам, а іх распаленыя краі гарэлі рубінавым агнём; з воблака лілося, накшталт вадаспаду, чырвонае святло, і, быццам на абразах, залатыя промні, падзеленыя ценямі, стралялі ўгору. Нас захапляў гэты пекны малюнак, а хмары ўсё больш і больш гусцелі, і ўрэшце знікла святло; агонь бліскавіцы прабег па небе, і бузупынна грымела на захадзе. Пастух, гледзячы на неба, сказаў: “Будзе рабінавая79 ноч!” – і са сваім статкам паспяшаўся да вёскі. І мы схаваліся ад навальніцы ў хату, якя там славілася дабрынёю і ветлівасцю гаспадара.

О, які страх наводзіць такая рабінавая ноч на люд беларускі! У тую пару, калі на палетках даспявае ўраджай, яна, як найстрашнейшы непрыяцель, пагражае знішчыць усе надзеі земляробаў. Сустракае яе селянін, узносячы вочы да неба, з пацерамі на вуснах і з благаннем касцельных званоў.

Трывожна ў хаце ў нашага гаспадара: катоў і сабак выганяюць, бо уцякаючы ад перуноў, злы дух – паводле веры тутэйшых жыхароў – хаваецца звычайна ў целе гэтых жывёлін; кідаюць на жар свянцоныя зёлкі і пасля кожнае бліскавіцы дрыготкім голасам паўтараюць малітвы.

Змрок навокал: хмары зацьмілі неба і зямлю; перуны, як вогненныя вужакі, снавалі адзін за адным сярод чорных воблакаў; грымоты скаланалі будынак, дождж з градам сек у вокны, вецер выў за сцяною. Мінула поўнач, а пра сон ніхто і не думаў; уся сям’я, сабраўшыся разам, пасылала небу малітвы. Аліна стаяла ля маці, твар яе быў белы, як лілея; з надзеяю і спакоем душы, як анёл-суцяшальнік, казала дзяўчына бацькам пра волю і міласэрнасць Божую.

Атоне! Ты памятаеш тую ноч?! Ты ў той час не чуў ні выцця вятроў, ні навальнічных грымотаў; твае вочы і думкі былі занятыя Алінаю; у душы было найяснейшае надвор’е, бо прамень Алініных вачэй сустракаў твой позірк і пранікаў у сэрца. Гэтая ноч была для цябе светлай мараю. Цяпер, удалечыні ад бацькоўскае зямлі, ці бачыш яшчэ калі-небудзь гэтыя пекныя вочы ў смутным задуменні ці ў сне? Але час усё руйнуе!

Колькі зорак з’явілася на небе; вецер пагнаў на лясы і горы рэшткі хмар; заранка румяніла неба. Узышло сонца; відаць пазрываныя стрэхі некаторых будынкаў; на полі набрынялае вадою калоссе ўпала на зямлю; лугі, пакрытыя пяском, які ручаі нанеслі з пагоркаў; высокія хвоі і вязы ляжалі на зямлі, нібы грэцкія героі пасля слаўнае бітвы пры Фермапілах. Усюды страшныя сляды пакінула навальніца.

Сустракаю стогадовы дуб. Ён вытрываў, перамог непагадзь і віхуры, рабінавыя ночы не адолелі старога героя! Яшчэ раскіне зялёныя шаты, запрашаючы пілігрыма адпачыць у прахалодзе засені. Ён сведка даўняе мінуўшчыны, памятае прадзедаў, і праўнукаў нашых абароніць ад летняе спёкі.

Тут у святочныя дні збіраюцца сяляне з усёй ваколіцы. Я бачыў іх забавы. Яны выносяць з дамоў сталы, і старыя, сеўшы пры гарэлцы, гавораць пра мінулае жыццё, пра суседзяў, паноў і пра палітую потам зямлю, што скупа дзячыць за мазольную працу. Дудар у халадку пад дубам надзімае скураны мех; моладзь пачынае свае залёты, кружыцца кола танцораў. Тут сустрэнеш жаўнера, які, крануты іх гасціннасцю, забудзе пра сваю далёкую радзіну, захоча паскакаць, возьме на вока якую прыгажуню – і ў гэты час ён найшчаслівейшы з людзей.

Недалёка ад гэтых мясцін, над рэчкай Дрысаю, стаіць маёнтак Краснаполь80, акружаны з усіх бакоў лесам. Там ёсць месца, дзе, кажуць, жыў калісьці – яшчэ за паганскімі часамі – князь Бой81, што выславіўся на Белай Русі як магутны асілак. Ён княжыў над усім людам з гэтых дзікіх краёў на берагах Дрысы. Яго звычайнай забаваю было паляванне з лукам і стрэламі ў пушчах на ласёў і іншых дзікіх звяроў. Меў ён пару адданых ганчакоў; адзін з іх зваўся Стаўры, другі – Гаўры. Былі яны надзвычай дужыя і кемныя; найстрашнейшы мядзведзь у сутычцы з імі не мог вытрываць; яго адразу ж разрывалі, як харты зайца.

Калі Бой на ловах адыходзіў ад сяброў і акружалі яго ліхадзеі, дык ён разганяў і забіваў іх, пускаючы сваіх дужых сабак. Няраз, калі заблукае ў далёкіх лясах, сабакі, ідучы наперад, выводзілі яго на дарогу і да самага дому.

Шмат разоў гэтыя сабакі ратавалі гаспадара ад небяспекі і былі найпрыемнейшаю забаваю ў яго жыцці. Загадаў ён падданым сваім, каб шанавалі сабак і віталі іх як найважнейшых асобаў з ягонага почту. А калі ад старасці сабакі адзін за адным памерлі, дык за заслугі прызначаны былі ім святыя дні.

Люд збіраўся на тое месца, дзе закапалі іх косці, прыносіў пітво і ежу. Гулялі да позняе ночы. Рэшткі пачастунку і косці кідалі ў вогнішча, паўтараючы імёны двух ганчакоў – “Стаўры! Гаўры!” і выклікалі іх цені з таго свету.

І цяпер яшчэ паміж людам у асобных вясковых хатах патаемна спраўляюць тое свята раз на год – перад Сёмухаю82. Гаспадар бярэ які ласы кавалак, нахіляецца пад стол і тройчы паўтарае:

Стаўры, Гаўры, гам, пріхадзіце к нам!

Перейти на страницу:

Похожие книги

Самая страшная книга 2016
Самая страшная книга 2016

ССК. Создай Свой Кошмар.Главная хоррор-антология России. Уникальный проект, в котором захватывающие дух истории отбирают не «всеведущие знатоки», а обычные читатели – разного пола, возраста, с разными вкусами и предпочтениями в жанре.ССК. Страх в Сердце Каждого.Смелый литературный эксперимент, которому рукоплещут видные зарубежные авторы, куда мечтают попасть сотни писателей, а ценители мистики и ужасов выдвигают эти книги на всевозможные жанровые премии («хоррор года» по версии журнала «Мир Фантастики», «лучшая антология» по версии портала Фантлаб, «выбор читателей» по версии портала Лайвлиб).ССК. Серия Страшных Книг.«Самая страшная книга 2016» открывает новый сезон: еще больше, еще лучше, еще страшнее!

Александр Александрович Матюхин , Евгений Абрамович , Илья Объедков , Максим Ахмадович Кабир , Михаил Евгеньевич Павлов

Ужасы