– А можа, і служаць яму злыя духі? Ты ж, дзядзька, і сам верыш, што ёсць чараўнікі.
– Веру. Але Родзька – чалавек добры, так людзям здаецца. Чараўнікі ж, што знаюцца са злымі духамі, шкодзяць людзям, а я не чуў, каб ён каго пакрыўдзіў, у нядзелю ходзіць у касцёл і старанна моліцца; дарэчы, ён падданы езуітаў.
Калі мы так размаўлялі, загаўкаў сабака на панадворку, Завальня глянуў у вакно.
– Вось, – кажа, – пра пана памоўка, а пан на парог; дачакаўся я нарэшце: вязе Родзька рыбу.
Заходзіць Родзька, у руках зроблены са старога нерата залубянелы на марозе мех (здавалася, што сплецены ён з дроту); з мяха прасвечвалася срэбная луска свежае рыбы. Росту ён быў малога, твар бледны і сухі, жарыя вільготныя валасы неахайна падалі на плечы: у маіх вачах быў ён падобны ў гэты момант да Трытона108, які, усплыўшы з марскога дна, трубіў у ракавіну ў кампаніі Нептуна або Амфітрыты109. Рыбак пакланіўся і высыпаў рыбу на падлогу.
– Даўно чакаў, – сказаў Завальня. – Усё пазіраў у вакно, пачаў ужо хвалявацца, думаючы, што і цябе вось няшчасце напаткала.
– Дзякуй Богу, і сёння яшчэ мая праца не марная. Але ж цяпер час такі: усюды патрабуюць рыбы, мусіў і туды і сюды даставіць добрым панам і суседзям.
– А ўзімку, – сказаў я, – ці клічаш у памагатыя вецер, каб лепей лавілася?
Кажуць, нібы
Ён, гледзячы на мяне з усмешкаю, кажа:
– Мае паслы – белыя крачкі – наводзяць вецер і буру, але цяпер іх няма; адляцелі ў вырай. Не, паніч, не давай веры ўсяму, што людзі кажуць, езуіты не таму нас вучаць, каб мы выклікалі злых духаў на дапамогу; хто працуе, таму і Бог дапамагае, аніякіх не хачу я ведаць таямніц, ад якіх душы цяжка.
Мой дзядзька, перапыняючы гаворку, прамовіў:
– Янка – чалавек яшчэ малады, цяперашняга свету, не верыць ні ў якія чары, а толькі жартуе з цябе.
Пасля Завальня загадаў пазбіраць рыбу з падлогі, заплаціў Родзьку колькі належала, пасадзіў на лаве, прынёс гарэлкі і хлеба на прыкуску.
Выпіўшы і закусіўшы, Родзька, пазіраючы на мяне, сказаў:
– Маладыя людзі не бачылі і не чулі, што дзеецца на свеце, таму і не вераць. Я шмат расказаў бы пра гэта, але час позні; сонца нізка: трэба ехаць дадому.
Мой дзядзька рады – рыбак можа нешта цікавае расказаць – налівае госцю яшчэ кілішак гарэлкі і кажа:
– Раскажы нам якую цікавую гісторыю, што зазнаў сам або чуў ад старых людзей, дарэчы, цяпер неба яснае і ветру няма: не будзеш блукаць. Але хоць бы і завея дарогу замяла, табе кожная купіна лазы ці трыснягу густога пакажа шлях, бо ты з дзяцінства ведаеш на гэтым возеры кожны куток.
Родзька ўжо крыху захмялеў; твар ягоны палагаднеў і заружавеўся.
– Добра. Раскажу пану, як у нашых краях праз чары і праз шкодлівых людзей распладзіліся злыя духі.
– Ці ж злыя духі, – сказаў я, – могуць пладзіцца, як звяры?
– Могуць, бо людская злосць ім – найлепшая паша. У нашых ваколіцах старыя памятаюць шчаслівейшае жыццё, калі было яшчэ шмат пачцівых, старанных і працавітых людзей; у той час, кажуць, кожны гаспадар меў у дастатку зямлі, і радзіла зямля заўсёды добра, хапала хлеба і корму жывёле. У азёрах і рэчках было столькі рыбы, што моладзь, бавячыся ля вады з першай-лепшаю прыладаю, лавіла столькі рыбы, што ледзь магла забраць з сабою дадому. Паноў было не шмат, ды і тыя пабожныя, і жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною. Цяпер жа кожны паўпанак, маючы колькі ўбогіх хацін, дорага плаціць за карэты і багатыя строі, вымудраецца, каб здабыць грошы: прадае жывёлу і апошні хлеб, даводзіць бедны люд да таго, што той мусіць кожную вясну карміцца горкім бабоўнікам. А каб мець большы прыбытак з азёраў, наводзяць штогод зімою асташоў111, кажуць, што гэтыя рыбакі нібыта пасылаюць пад лёд злога духа і той заганяе рыбу ў нерат; дык яны спустошылі ў нас усе азёры, навучылі нашу моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням; намарна пайшлі засцярогі ксяндзоў ды старых людзей. І ў нас развялося злых духаў столькі, што колькі разоў з’яўляліся яны перад мноствам люду, чаго раней у нас ніколі не бывала.
Раскажу пану пра дзіва, якое бачылі на возеры Расоны, гэта не вельмі далёка ад нашае Нешчарды, як вядома пану, не больш за трыццаць вёрст. Дык вось, расказаў мне пра гэта адзін з тамтэйшых жыхароў, таксама падданы езуітаў.
Калісьці вясною вярталіся сяляне з прыгону, сонца яшчэ не села, але перад нядзеляю аканом адпусціў іх дахаты раней, чым зазвычай. Вечар быў ціхі, неба яснае, на высокіх бярозах сумна кукавалі зязюлі, у небе спявалі жаваранкі, цёхкалі салаўі ў кустоўі. Маладыя, едучы конна, гаварылі пра свае прыгоды, а старыя – пра гаспадарку. І тут нечакана пачулі музыку: нехта за лесам граў на дудзе і спяваў так гучна, што па ўсёй ваколіцы неслася рэха, а песню гэтую ўсе яны ведалі.