Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Пан Завальня любіў прыроду, найбольшай прыемнасцю для яго было садзіць дрэвы, і таму, хоць дом яго стаяў на гары, за паўвярсты нельга яго ўбачыць, бо быў з усіх бакоў прыкрыты лесам. Толькі рыбакам, што плавалі па возеры, адкрывалася ўся пабудова. Ён таксама меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала, і кожную ноч ён засынаў не іначай, як слухаючы чарадзейныя гісторыі. Таму ўжо было звычайным, што, пакуль ён не засне, хто-небудзь з чэлядзі мусіў апавядаць яму якую простанародную аповесць, і ён слухаў цярпліва, хоць бы адна і тая ж гісторыя паўтаралася некалькі дзесяткаў разоў. Калі хто прыязджаў да яго, маючы якую патрэбу, які-небудзь падарожны ці квестар29, ён найласкавей яго прымаў, частаваў, пакідаў начаваць і выконваў усе жадункі, узнагароджваў, абы толькі той расказаў яму якую казку. А асабліва ўвосень, калі ночы доўгія. Той госць быў для яго наймілейшы, які меў у запасе найбольш гісторый, розных здарэнняў і показак.

Калі я прыехаў да яго, ён быў вельмі мне рады, распытваў пра шаноўных людзей, у якіх я праслужыў столькі гадоў30, расказваў пра сваю гаспадарку, пра бярозы, ліпы і клёны, якія шырока распасцёрлі свае галіны над дахам. Некаторых суседзяў хваліў, іншых жа ганіў, што яны займаліся толькі сабакамі і паляваннем. Нарэшце, пасля доўгае размовы пра сёе ды тое, кажа мне:

– Ты чалавек вучоны, хадзіў у езуіцкую школу31, чытаў многа кніжак, гутарыў з вучонымі людзьмі, павінен ведаць шмат разнастайных гісторый, сёння ўвечары раскажы мне што-небудзь цікавае.

Дык я пачаў прыпамінаць, чым бы пахваліцца. Я нічога не чытаў, апрача гісторыкаў і класікаў. Гісторыя народаў – не займальная рэч для таго, каго не цікавяць тэатр свету і асобы, што іграюць розныя сцэны. Для майго дзядзькі адзінай гісторыяй былі Біблія, са свецкіх жа паданняў ён дзесьці вычытаў, што Аляксандар Македонскі, прагнучы даведацца пра вышыню неба і глыбіню мора, лятаў на грыфах і апускаўся на дно акіяна32 і такая чалавечая смеласць яго, дзядзьку, здзіўляла і займала. Трэба было і мне расказаць што-небудзь падобнае, таму вырашыў пачаць з “Адысеі” Гамера, бо ў гэтай паэме поўна чараў і дзіваў, як і ў нашых асобных простанародных аповесцях.

Блізу дзесятае гадзіны вечара, калі вясковыя жыхары канчаюць сваю працу, мой дзядзька пасля малітвы ідзе спачываць. Ужо сабралася ўся чэлядзь паслухаць новыя аповесці, а ён сказаў так:

– Ну, Янка, раскажы ж нам што цікавага, я буду пільна слухаць, бо сёння адчуваю, што не хутка засну.

Тады я, каб мае аповесці былі лепш зразумелыя для слухачоў, расказаў коратка пра самых галоўных грэцкіх багоў, багінь і герояў, пасля пра залаты яблык, пра суд Парыса, пра аблогу Троі. Усе слухалі з цікавасцю і здзіўленнем. Я чуў, як некаторыя з чэлядзі гаварылі:

Гэтай басні прыпомныць не можна, дужа цяшкая.

– А ці было калі ў сапраўднасці тое, што ты расказваеш? – пасля доўгага маўчання перапыніў дзядзька.

– Так некалі верылі паганцы, бо гэта было да нараджэння Хрыстовага.

Вядома з гісторыі пра гэты народ, вядома таксама і пра яго рэлігію.

– І такому вас вучаць езуіты ў школах, нашто ж гэта прыдасца?

– Хто вучыцца, – адказаў я, – той павінен пра ўсё ведаць.

– Ну, то кажы далей.

І далей я апавядаў без перапынку. Ужо было пасля паўночы. Чэлядзь, разыходзячыся, паціху паўтарала паміж сабой:

Нам гэтай басні ня выўчыцца, усё што-то ні па-нашэму, тут нічаго ні прыпомніш.

Праз пэўны час я пачуў моцны храп майго дзядзькі і, усцешаны з гэтае прычыны, перажагнаўся і заснуў.

На другі дзень ён як вясковы гаспадар устаў вельмі рана, агледзеў увесь свой маленькі маёнтачак, вярнуўся ў дом і, набліжаючыся да мяне, калі я яшчэ драмаў, загукаў:

– О, як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта грэх, і цябе назавуць гультаём! Але твая ўчарашняя гісторыя вельмі вучоная, хоць забі, не помню аніводнага імя тых паганскіх багоў. Дый гэта не апошні раз, пагасцюеш у мяне да вясны і за доўгія зімовыя ночы шмат мне раскажаш пра сёе і пра тое.

У час майго побыту ў дзядзькавым доме мусіў я амаль пяць тыдняў кожную ноч усыпляць яго пераказам славутых паэм грэцкіх або лацінскіх класікаў, аднак найбольш яму падабалася з “Адысеі” мудрасць Уліса33 на берагах Цырцэі і на востраве цыклопаў. Паўтараў мне няраз:

– А можа, некалі даўно і бывалі такія агромністыя веліканы, толькі дзіўна, што з адным вокам на ілбе. Але ж і хітрун гэты Уліс – напаіў, выкалаў вока і выехаў на баране.

Не мог таксама ён забыць шостае песні з Вергілія34, дзе Эней увайшоў у пекла. Паўтараў некалькі разоў такія словы:

– Хоць ён быў і паганін, ды якое шляхетнае пачуццё і любасць да бацькі – ісці ў такое небяспечнае месца. Але якая ў іх дзіўная вера, у нас душачкі збавёныя ідуць у неба, а яны сабе прыдумалі нябеснае валадарства так глыбока пад зямлёй. Дзіўная рэч!

Аднаго разу, размаўляючы са мною, запытаўся ён, ці даўно я быў у Полацку.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Самая страшная книга 2016
Самая страшная книга 2016

ССК. Создай Свой Кошмар.Главная хоррор-антология России. Уникальный проект, в котором захватывающие дух истории отбирают не «всеведущие знатоки», а обычные читатели – разного пола, возраста, с разными вкусами и предпочтениями в жанре.ССК. Страх в Сердце Каждого.Смелый литературный эксперимент, которому рукоплещут видные зарубежные авторы, куда мечтают попасть сотни писателей, а ценители мистики и ужасов выдвигают эти книги на всевозможные жанровые премии («хоррор года» по версии журнала «Мир Фантастики», «лучшая антология» по версии портала Фантлаб, «выбор читателей» по версии портала Лайвлиб).ССК. Серия Страшных Книг.«Самая страшная книга 2016» открывает новый сезон: еще больше, еще лучше, еще страшнее!

Александр Александрович Матюхин , Евгений Абрамович , Илья Объедков , Максим Ахмадович Кабир , Михаил Евгеньевич Павлов

Ужасы