Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Трэцяе здарэнне было яшчэ страшнейшае. Хоць я яго і не бачыў, аднак чуў ад надзейных людзей, дый пра гэта гаварылі ва ўсіх навакольных вёсках. Апоўначы наш пан, той госць шатанскі і лёкай Карпа ўзялі ў аборы чорнага казла, завялі яго на могілкі. Кажуць, што выкапалі яны з магілы наўца38, чарнакніжнік надзеў на сябе нябожчыкаву чамарку39, забіў казла і яго мясам і крывёю адпраўляў нейкія страшныя ахвяры. А што там дзеялася тае начы, нельга ўспомніць без страху. Казалі, што нейкія страшыдлы запоўнілі ўсё неба, нейкія звяры, падобныя да мядзведзяў, дзікоў і ваўкоў, бегалі вакол, равучы так, што пан і Карпа ад страху знепрытомнелі і пападалі на зямлю. Не ведаю, хто іх прывёў да прытомнасці, але пасля тае страшнае ночы чарнакніжнік знік, і ніхто яго потым не бачыў. Пан увесь час маркоціўся, хоць меў шмат золата і іншага багацця – чаго толькі не захоча – усё ёсць; зрабіўся яшчэ больш люты, ніхто яму дагадзіць не мог, нават Карпу выгнаў з маёнтка.

Калі падарожны апавядаў гэта, дык было чуваць, як шапталіся слухачы: “Вот ужэ страх так страх, аж мароз па скуры падзіраець”. І дзядзька адазваўся такімі словамі:

– Мусіць, спачатку ён быў фармазонам40 ці пабратаўся з недаверкамі41, а чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы. Але што ж далей?

Падарожны апавядаў далей:

– Карпа, выгнаны з маёнтка, аддадзены быў у работнікі аднаму заможнаму гаспадару. Ды там ён болей замінаў, чым быў памочнікам, бо, жывучы з дзяцінства ў маёнтку, зрабіўся лайдаком, да таго ж упартым і неслухмяным. Да аканома часта даходзілі скаргі, і той пераводзіў яго з аднае хаты ў другую, але нідзе не мог ён застацца надоўга. Нарэшце Карпа папрасіў аканома заступіцца за яго перад панам, каб далі яму хату і колькі дзесяцін зямлі, бо калі ён сам зробіцца гаспадаром, дык будзе, маўляў, больш старанны. Пан згадзіўся. Пабудавалі яму новую хату, адрэзалі лепшае зямлі, далі пару коней, колькі кароў ды іншае жывёлы на развод. Урэшце задумаў ён жаніцца. Але ніводная гаспадарская дачка не хацела ісці за яго, бо ніхто ні на яго, ні на ягоную гаспадарку не спадзяваўся, бо ведалі ўсе, што ў яго ні веры, ні Бога ў сэрцы няма.

У гэтай вёсцы жылі колісь мае бацькі, і быў у нас сусед Гарасім. Чалавек ён быў старанны, усяго яму хапала, служыў добра пану, спраўна плаціў падаткі. Меў ён адзіную дачку, Агапку. Пекная была дзяўчына: здаровая, румяная, як спелая ягада. Даўней, як прыбярэцца і прыйдзе на кірмаш з жычкаю42 ў касе, у чырвонай шнуроўцы43 – свеціцца, як цвет макавы, усе не могуць на яе наглядзецца, кожны любіў з ёй патанцаваць, і дудар для яе граў найахвотней. Ах! прызнаюся: і мне ў той час яна так прыпала да душы, што і сёння ўспамінаю яе ўздыхаючы. Падабалася яна і Карпу. І вырашыў ён дамагацца яе, але, ведаючы, што не любіць яго дзяўчына, а бацькі не хочуць мець сабе такога зяця, і сватоў, прысланых ад яго, не прынялі, Карпа, каб было па-ягонаму, ідзе да пана, просіць, каб загадаў Агапцы ісці замуж толькі за яго. Бацькі ж яе, даведаўшыся пра гэта, прасілі аканома і ўсю воласць44 заступіцца, бо Агапка яшчэ занадна маладая і не здолее добра ўпраўляцца ў ягонай хаце; і гаспадарка ў яго ўвачавідкі развальваецца, нічога добрага ад яе не прычакаеш. Па просьбе аканома і вяскоўцаў пан адклаў вяселле на наступны год, а Карпу загадаў, каб напрыканцы гэтага тэрміну паказаў, што зрабіў карыснага і колькі зарабіў грошай.

Кахаў і я Агапку, але каб пабрацца з ёю – пра такое і думаць не мог. Баяўся панскага гневу, і з Карпам цяжка было спрачацца, бо быў ён дворскі45, з рознымі чараўнікамі меў фамільярнае сяброўства і калі б толькі даведаўся пра маю прыхільнасць да Агапкі, дык, пэўна, зрабіў бы са мною што-небудзь кепскае. Дык я толькі пакрыёма ў душы сумаваў, прасіў Бога, каб гэтая нявінная авечка не трапіла ў кіпцюры да шалёнага ваўка. Але сталася ўсё інакш.

Карпа – чалавек несумленны і лянівы – ідзе на параду да Парамона, найстрашнейшага чараўніка ў нашай ваколіцы, апавядае яму пра сваю сімпатыю да Агапкі, пра ўмовы, якія пан загадаў яму выканаць за год. Словам, просіць яго, каб адкрыў спосаб, якім хутка можна забагацець, а ён гатовы на ўсё, хоць душу д’яблу прадаць, абы толькі дамагчыся свайго.

Парамон выняў са скрыні загорнутыя ў паперу нейкія зярняткі і, даючы іх Карпу, так раіць:

– Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі яго гэтым зернем, і ён праз колькі дзён знясе яйка, не большае за галубінае. Гэтае яйка ты павінен насіць цэлы месяц пад леваю пахаю. Праз месяц вылупіцца з яго маленькая яшчарачка, якую будзеш насіць пры сабе і кожны дзень карміць малаком са свае далоні. Расці яна будзе хутка, а па баках у яе вырастуць скураныя крылы. Праз месяц яшчарка ператворыцца ў крылатага цмока. Ён будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, дык гэта значыць, што будзе мець пры сабе золата і срэбра. Жыві з ім у дружбе, калі хочаш быць багаты, бо калі ўгнявіш, дык ён можа спаліць табе хату і ўсё тваё дабро.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Самая страшная книга 2016
Самая страшная книга 2016

ССК. Создай Свой Кошмар.Главная хоррор-антология России. Уникальный проект, в котором захватывающие дух истории отбирают не «всеведущие знатоки», а обычные читатели – разного пола, возраста, с разными вкусами и предпочтениями в жанре.ССК. Страх в Сердце Каждого.Смелый литературный эксперимент, которому рукоплещут видные зарубежные авторы, куда мечтают попасть сотни писателей, а ценители мистики и ужасов выдвигают эти книги на всевозможные жанровые премии («хоррор года» по версии журнала «Мир Фантастики», «лучшая антология» по версии портала Фантлаб, «выбор читателей» по версии портала Лайвлиб).ССК. Серия Страшных Книг.«Самая страшная книга 2016» открывает новый сезон: еще больше, еще лучше, еще страшнее!

Александр Александрович Матюхин , Евгений Абрамович , Илья Объедков , Максим Ахмадович Кабир , Михаил Евгеньевич Павлов

Ужасы