Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

П е р ш ы л ё к а й. Не ведаю, пане, што гэта такое, але на нас напала нейкая туга. Мы доўга сядзелі моўчкі, не маглі слова прамовіць адзін да аднаго. Потым адчулі ў сабе незвычайны цяжар, стомленыя вочы не маглі глядзець, і мы ўсе мімаволі заснулі.

Скамароха нейкі час стаяў задуманы.

– А ці мроілася вам што-небудзь у сне?

П е р ш ы л ё к а й. Мне сніўся дзіўны сон: бачыў старога пана нябожчыка, быццам з ім пераходзіў нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны ўвесь час заступалі пану дарогу, нібыта хацелі ўтнуць. Ён, журботны, не кажучы мне ані слова, усё далей і далей ішоў сярод нейкіх скалаў. Потым бачыў я мясцовасць, зусім не падобную да нашых ваколіц, і нейкія руіны. На захадзе ў чорных хмарах гасла сонца і шумеў голы лес. Я ўбачыў недалёка ад дарогі жахлівых звяроў і закрычаў: “Пане, давайце вернемся дахаты. Нас напаткае цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае”. – “О, доўгая і страшная будзе ноч, – адказаў ён мне, плачучы. – Не хутка звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход сонца, гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзься ад мяне”. Тут пачвары кінуліся на нас. Я перапалохаўся і страціў прытомнасць, а цяпер вось абудзіўся і яшчэ дрыжу ад страху.

Д р у г і л ё к а й. А мне здавалася, што я хадзіў ля каламутнае рэчкі, а на берагах з аднаго і другога боку тырчалі камяні, і яны былі падобныя да нейкіх сядзячых людзей у доўгіх брудных апранахах. Потым мне сустрэўся волат, тоўсты, шыракаплечы, вочы страшныя. Хацеў ад яго ўцячы, але ногі мае былі нібы закутыя ў кайданы, з месца зрушыцца не мог. Ён падышоў да мяне і выцяў так моцна, што я заляцеў амаль на самую сярэдзіну рэчкі. Калі мяне несла вада, я крычаў, просячы дапамогі, ды на мой крык толькі камяні адказвалі дзікім смехам, і гул ад іх здзекаў лунаў над берагамі. Пасля я ўбачыў: здалёк мой бацька падымаў да неба рукі і маці млела, бо мне не маглі дапамагчы. Затым зноў нечаканая перамена: я стаяў над нейкаю прорваю і там мяне зноў спаткаў той страшны чалавек. Ён папхнуў мяне ў прорву – і я імгненна прачнуўся ў вялікім страху.

Т р э ц і л ё к а й. Мне снілася бура. Яна зрывала дахі з дамоў, а вецер нёс нейкага шатана і скінуў яго перад самым ганкам…

– Годзе, годзе ўжо слухаць гэтае глупства; шум ветру і вільготнае паветра наслалі на вас цяжар і санлівасць, а гарачая кроў абудзіла ў галовах мудрагелістыя мроі. Ідзіце да сябе і кладзіцеся спаць.

Скамароха зноў у адзіноце неспакойна хадзіў па пакоі. Дзіўныя думкі снаваліся ў ягонай галаве, жахлівая здань увесь час стаяла перад ім. Уздрыгваў, прыгадваючы яе агідную постаць, але золата любіў так, што хацеў мець яго як мага болей, няхай сабе і з шатанавых рук, і прыгажосць Белае Сарокі вабіла яго. Хацеў пабачыць яе як найхутчэй і быць у ліку яе прыяцеляў.

Ён то парывіста хадзіў па пакоі, то задумаўшыся, стаяў як слуп. Браў кніжку і адразу кідаў яе ды гладзіў свайго сабаку. Спадзяваўся, што стомленыя думкі супакоіць сном, але імгненна ўскокваў з ложка, запальваў святло і думаў усё пра адно. Толькі перад узыходам сонца крыху задрамаў, ды і ў тым неспакойным сне мроіўся яму пасланец Белае Сарокі.

Ціхі ранак. Ужо сонца было высока. На пагорках пасвіліся чароды, аратыя працавалі ў полі. Пан Скамароха на ложку разважаў пра дзіўны ўчарашні выпадак і прарочыя сны. Нарэшце свіснуў. Прыбег лёкай і стаў чакаць загаду.

– Паспяшайце, каб сёння ўсе пакоі былі як найлепей прыбраныя. Вымыць падлогу, сцены і столь добра агледзець, каб не было пылу і павуціны. Таксама адпаліраваць мэблю і бронзу; люстры, каб адбівалі найяснейшае святло; абразы і шыбы старанна пачысціць, каб былі як новыя. Скажы аканому, каб паўсюль вакол маёнтка таксама быў парадак.

– Пан сёння чакае нейкіх знакамітых гасцей? – спытаўся здзіўлены лёкай.

– Не твой клопат ведаць, каго чакаю, выконвай, што чуў. Ідзі і гэты мой загад перадай іншым.

Сказаўшы гэта, пан Скамароха выйшаў у парк, доўга хадзіў у задуменні пад шатамі ліп, свіснуў, паклікаў сабаку да сябе і пайшоў у поле. Блукаючы паўсюль, нецярпліва чакаў вечара.

Тым часам лёкаі, гаворачы між сабою, дзівіліся нечаканай перамене пана, апавядалі адзін аднаму страшныя сны, якія бачылі ў час учарашняе буры. А між тым праца ў пакоях ішла спорна, і перад захадам сонца адпаліраваная мэбля, бронза і люстры былі як новыя.

Вось ужо і вечарэе. Скамароха загадаў лёкаям вывесці сабаку і каб ніводзін з іх не заходзіў да яго, пакуль не пакліча. Самотна ходзячы па пакоі, паліў люльку.

Пасля адчыніў вакно: усюды панавала цішыня і ўжо колькі зорак свяцілася на небе. Запаліў свечку, паставіў на стале – і тут убачыў у куце ўчарашняга госця. На тонкіх нагах, вочы, як дзве іскрынкі, кідалі святло, і дзікая ўсмешка прабягала па яго брыдкім твары. Перапалоханы Скамароха адскочыў на некалькі крокаў і сказаў:

– Не магу глядзець на цябе без агіды, твой твар мне страшны.

– Слабыя нервы маеш. Калі пазнаёмімся бліжэй, дык на ўсё будзеш глядзець без прыкрасці ды страху і лепш уладкуешся на свеце. Ты добра падрыхтаваўся прыняць госцю, зараз яна прыляціць.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Самая страшная книга 2016
Самая страшная книга 2016

ССК. Создай Свой Кошмар.Главная хоррор-антология России. Уникальный проект, в котором захватывающие дух истории отбирают не «всеведущие знатоки», а обычные читатели – разного пола, возраста, с разными вкусами и предпочтениями в жанре.ССК. Страх в Сердце Каждого.Смелый литературный эксперимент, которому рукоплещут видные зарубежные авторы, куда мечтают попасть сотни писателей, а ценители мистики и ужасов выдвигают эти книги на всевозможные жанровые премии («хоррор года» по версии журнала «Мир Фантастики», «лучшая антология» по версии портала Фантлаб, «выбор читателей» по версии портала Лайвлиб).ССК. Серия Страшных Книг.«Самая страшная книга 2016» открывает новый сезон: еще больше, еще лучше, еще страшнее!

Александр Александрович Матюхин , Евгений Абрамович , Илья Объедков , Максим Ахмадович Кабир , Михаил Евгеньевич Павлов

Ужасы