Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Па ўсёй ваколіцы разышліся гэтыя чуткі, толькі і гаварылі пра злую кабету, якая перамянілася ў страшную Інсекту. Усе суседзі шкадавалі пана А., але ніхто з іх не пераведаў хворага, бо ўсе баяліся падысці да яго маёнтка.

Калі пан А. ачуняў і думаў, як пазбыцца праклятае Інсекты і злых духаў, з якімі яна, пэўна, пасябравала, ён успомніў параду сваіх лёкаяў і вырашыў запрасіць каплана і пасвянціць дом. Дык пасля захаду сонца, калі Інсекта, схаваўшыся ў траве, спала, ён загадаў запрэгчы коней і ўначы паехаў у Полацак.

Раніцаю пасля святое імшы сустракалі яго знаёмыя, з цікавасцю распытвалі пра дзіўную Інсекту і пра нешчаслівы выпадак, калі яго скінуў конь, бо ўжо пра гэта чулі і ў горадзе.

Калі прыйшоў у кляштар і расказаў, што з ім прычынілася, усе дзівіліся. Ксёндз, чалавек пабожнага жыцця, кажа:

— Гэта, напэўна, злыя духі і нейкая чараўніца, якая зусім выраклася Бога; трэба пану А. дапамагчы, паклапаціцца пра яго спакой і пра яе душу.

І тае ж раніцы пан А. з ксяндзом, не баючыся нападу Інсекты, выправіліся дадому.

Прыехалі ў маёнтак. Ксёндз, прачытаўшы свае малітвы, пачаў крапіць святою вадою пакоі. Страх успомніць, што там рабілася. Са страшным піскам і сыканнем з усіх кутоў пасыпаліся страшыдлы: матылі, у якіх заместа крылаў вырасталі з бакоў вогненныя языкі; тоўстыя чэрві, што дыхалі дымам, быццам пухіры ўзнімаліся ўгору; крыклівыя цвыркуны і крылатыя гады лёталі над падлогаю.

— Гэта грахі чараўніцы, — сказаў ксёндз. Ён загадаў адчыніць вокны.

Жахлівыя стварэнні з піскам і сыканнем адляталі і ніклі ў паветры.

Калі свянцонаю вадою выслабанілі дом ад страшыдлаў, пан А. завёў ксяндза ў сад, адкуль вылятала тая шкадлівая Інсекта. Там, калі каплан адмаўляў святыя пацеры, у кустах агрэсту абазваўся пісклявы голас, у якім чуліся кленічы і розныя блюзнерствы, а пасля нараканні, енк і плач. Сабраўся ўвесь двор паглядзець на гэтыя дзівы, ксёндз, кропячы свянцонаю вадою кустоўе, загадаў ёй вылецець адтуль і сесці на ліпавай галінцы. Яна імгненна, як страла, вылецела і села на ліпавым лісціку. Усе дзівіліся на яе: у гэтай Інсекце лёгка можна было ўгледзець жаночую постаць з крыльцамі. Ксёндз зняў яе з лісціка, пасадзіў у шкляны слоік і занёс у пакой.

Ужо без страху глядзелі ўсе зблізку на гэтую маленькую пачвару: доўгія валасы спадалі з галоўкі, якая была не большая за звычайную гарошыну; іскрынкамі блішчалі завушніцы ў вушах, і нешта ружавела на шыі, нібыта ланцужок караляў; жоўтая ядвабная сукенка была, здавалася, падпяразаная пасам такога самага колеру; твар бледны, відаць было, што ў гэтыя хвіліны курчылася ад гневу.

Наступнага дня пані Інсекта з ксяндзом прыехалі ў Полацак. Бачылі гэтае дзіва ўсе ў кляштары, і жыхары натоўпамі прыходзілі паглядзець на нечуваныя цуды. Кідалі ёй ежу ў шкляны слоік, але Інсекта сядзела моўчкі і не каштавала нічога; увесь гэты час была нямою, толькі відаць былі яе гнеў і неспакой.

— Трэба цяпер падумаць пра яе душу, — сказаў ксёндз і панёс яе ў слоіку ў зацішны куток кляштара, дзе быў доўгі калідор: з аднаго боку Архітэктанічная зала, з другога — музей; непадалёку ад гэтае залы пазіраў з муру, нібы з вакенца, драўляны бюст філосафа Сакрата. Ксёндз паклаў кабету Інсекту на філосафаву галаву і перад шматлікімі гледачамі чытаў ёй малітвы і гаварыў на духоўныя тэмы. Але што рабілася з галавою Сакрата! Страх успомніць! Яна ў той час была падобная на запаленую бомбу, кідалася сюды-туды; спалатнелі ўсе, хто блізка стаяў. Баючыся, каб яна не раскалолася і не зашкодзіла гледачам, ксёндз безупынку чытаў малітвы і вучыў пра міласць Пана Бога і пра любасць да бліжняга.

Штовечар адбываліся такія адправы дзеля гэтае Інсекты. І яна дзіўна выглядала з тою нешчасліваю Сакратаваю галавою. Страх апаноўваў кожнага, хто толькі праходзіў гэтым калідорам. Драўляны бюст, ад якога раней чулі столькі парад мудрых і пабожных, бэсціў і лаяў, не разбіраючыся, усіх прахожых. Шкаляры баяліся падысці да Драўлянага Дзядка, бо ўжо ён быў ім не зычлівым настаўнікам, а зацятым ворагам.

Гэтыя навукі і малітвы доўжыліся некалькі месяцаў. Нарэшце трапіла іскра веры і міласэрнасці ў сэрца той кабеце Інсекце, і драўляны бюст угаманіўся і палагаднеў. І ўжо з вуснаў Інсекты зляталі словы, поўныя боязі Божае і міласэрнасці да бліжняга. З’явілася яна аднойчы ксяндзу ў пекным абліччы, падобная да анёла, німб вакол чароўнага твару, сукенка бялейшая за снег. Яна падзякавала за малітвы, навукі і клопаты дзеля яе і ў міг вока знікла. Ксёндз укленчыў перад алтаром і дзякаваў небу за вяртанне і збаўленне гэтае душы.

Калі пан Ротмістар скончыў, панна Анэля і малыя дзеткі пана З., аддаўшы бацькам «дабранач», пайшлі ў другі пакой памаліцца нанач.

— Цікавую рэч расказаў пан Ротмістар, — сказаў гаспадар. — Пра такое здарэнне з Дзядком, калі галава мудраца была прыстанкам няшчаснае грэшніцы, я яшчэ не чуў. Вось і новае апавяданне да жыццяпісу Драўлянага Дзядка.

Перейти на страницу:

Похожие книги