Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Так і блукаў ён без сну цэлую ноч па лесе. На ўсходзе пачало світаць, зарумяніліся аблокі. Люцэфуга, бачачы дзённае святло на небе, крыху супакоіўся. Вырашыў ісці на ўсход. Калі сонца ўжо было высока, пачуў голас касцельных званоў, і яны вывелі яго з лесу да чалавечага жытла.

Гэтая вёска яму незнаёмая, далёка зайшоў ён ад свайго дому; заходзіць у сялянскую хату, твар яго самотны, бледны, нявыспаны, змучаны начным блуканнем. Люцэфуга расказваў гаспадару пра сваё няшчасце, той доўга слухаў і здзіўляўся, што кабета была такою лёгкаю і паляцела з ветрам. Гаспадар задаволена глянуў на сваю жонку, што завіхалася па гаспадарцы, злітаваўся, запрасіў госця адпачыць і паабяцаў адвезці дахаты.

Люцэфуга вярнуўся ў жончыну вёску. Усюды пуста. Няма Аўрэлі. Паслаў людзей паўсюль, каб даведаліся пра яе. Пасланцы вярнуліся без аніякае весткі. Разышлася пагудка па ўсёй ваколіцы, і нават у горадзе было вядома, што Люцэфугава жонка паляцела з ветрам. Адны спагадалі яму, другія, чуючы такія дзівы, рвалі ад смеху бокі.

Ён не выходзіў з дому, усё разважаў, што рабіць. Аднаго разу сядзеў увечары самотны ў пакоі: шэры змрок і маўчанне былі яму сябрамі. Тут забягае лёкай і паведамляе, што прыехаў нейкі пасланец з лістом. Ён глянуў на яго з невыказнай радасцю: ліст быў падпісаны рукою Аўрэлі.

Люцэфуга прачытаў ліст і застыў як скамянелы. Аўрэля жывая, але каханне, што яна мела да мужа, страціла назаўсёды. Піша, што закончыла паветранае падарожжа за пяцьдзесят вёрст ад свайго дому, жыве цяпер у маёнтку даўняга свайго прыяцеля і вяртацца да мужа, у якога характар і погляды зусім іншыя, чым у яе, не думае. І таму яна рупіцца аб разводзе, не шкадуючы на гэта аніякіх грошай.

Люцэфуга хутка страціў жонку, маёнтак і ўсе надзеі; прыяцелі і знаёмыя, што прыязджалі да яго на гасціны і на начныя забавы, бачачы яго няшчасным, пагарджалі ім і здзекаваліся з яго. Не маючы сіл трываць гэтыя здзекі, ён схаваўся назаўсёды ад усіх знаёмых.

Мінула колькі гадоў. Пра Люцэфугу ніхто нічога пэўнага не чуў. Успаміналі толькі яго вяселле і развод. Пасля пайшлі пагалоскі, што жыве ён на гэтым свеце без усялякае мэты, узненавідзеўшы ўсё пад небам, праклінае сённяшні дзень і не верыць у будучыню.

Праз нейкі час кожны, хто ішоў па калідоры езуіцкага калегіума ў Полацку ля Архітэктанічнае залы, чуў голас Дзядка. Той паўтараў:

— О! Люцэфуга! Люцэфуга!

Пачуўшы гэта, шкаляры і настаўнікі смяяліся, гаворачы між сабою, што Драўляны Дзядок праз столькі часу згадаў пра Люцэфугу.

Надышла поўнач. Шмат хто ў кляштары езуітаў яшчэ не спаў. Чуючы нейкі незвычайны шум на калідоры, людзі павыходзілі з келляў, каб даведацца, што там чыніцца, і бачаць: стаіць ля сцяны ў слабым месяцавым святле нейкае страшыдла на мностве лапаў. Перапалоханыя, яны разбегліся і расказалі ўсё іншым. Пасля ўсім гуртам з запаленымі свечкамі выйшлі другі раз, але гэтае страшыдла, аслепленае святлом, ужо некуды знікла. Але лёскат і шум па-ранейшаму адзываўся ў цёмным калідоры. Перапалоханыя, усе сядзелі ў сваіх келлях і да відна не маглі заснуць.

Ранкам, збіраючыся адусюль, манахі апавядалі адзін аднаму пра тыя начныя жахі. Езуіт-брамнік казаў, што гэтае начы ён чуў на калідоры нейкі дзіўны лёскат, а пасля нібы енкі і падземныя стогны. Калі ён выйшаў з келлі, убачыў жахлівыя дзівы: нейкая пачвара сунулася па калідоры, быццам човен па вадзе, і мноства лапаў з аднаго і з другога боку падымаліся і апускаліся, нібы вёслы.

Перапалоханы, ён закрычаў:

— Усё жывое славіць Пана Бога!

Страшыдла імгненна знікла, а ён, запаліўшы свечку, ноч навылёт прамаўляў пацеры.

Дзіўнае відовішча бачылі некаторыя вучні, калі познім часам, не запальваючы святло, сядзелі ў сваіх келлях. Шмат хто, чуючы нейкі неспакой і страх, павярнуўшыся, заўважаў ля сябе страшыдла, якое адразу ж знікала; збіраліся ўсе ў адну грамаду, і ніхто ўжо не начаваў у келлі адзін.

Але і ўдзень было адно вусцішнае здарэнне. Нейкі музыка, што служыў пры езуіцкім касцёле, раней калісьці сябраваў са студэнтам Люцэфугаю. Гэты музыка быў адзін у пакоі, калі гадзіннік прабіў паўдня; ён на флейце развучваў духоўныя п’есы славутых кампазітараў. Потым склаў ноты, стаў спінаю да вакна і па памяці іграў варыяцыі, якія яму прыходзілі ў гэты час у галаву. І тут бачыць, як у цёмным куце з-пад падлогі вылазіць прусак, паўзе на сярэдзіну пакоя, спыняецца, пачынае надзімацца і расці. Пасля з-пад чорнай скарлупіны з’яўляецца чалавечая галава і страшнымі вачыма пазірае на музыку. Музыка пазнае Люцэфугаў твар; перапалоханы, выпусціў з рук флейту, скочыў ад вакна, а сонечны прамень стрэліў праз шыбу на страшыдла, і яно імгненна знікла. Музыка выскачыў з пакоя і, бегучы па калідоры, крычаў:

— Люцэфуга! Люцэфуга!

Усе са здзіўленнем глядзелі на яго, распытвалі, што з ім, але ён, бледны, як труп, маўчаў і дзіка аглядаўся. Прайшло шмат часу, перш чым ён апрытомнеў і расказаў пра тое страхоцце.

Перейти на страницу:

Похожие книги