Да позняга вечара гаварылі мы пра мінулыя часы, пра школьных таварышаў, пра знаёмых — жывых і тых, што ўжо спачываюць у магілах. У размовы нашы нязменна запляталіся смутак і надзея. Нарэшце пан Ротмістар узяў свой кій і шапку і хацеў ісці дахаты, але гаспадар пакінуў яго начаваць. Патушылі агонь, і я, ушчэнт стомлены пешаю вандроўкаю, моцна заснуў[180]
.ПРАХОДКА Ў ПОЛІ
Адпачынак мой быў прыемны, хоць і кароткі. Прачнуўся я на світанні. Пан Ротмістар яшчэ спаў, і я, баючыся парушыць яго спакойны сон, ляжаў і разважаў аб прыгодах Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты. Мне здавалася, што тая галава, пазіраючы на мяне, нагадвала пра пакуты, якія чакаюць чалавека на яго жыццёвай пуцявіне, тая кабета-грэшніца з’яўлялася ў маіх марах то ў абліччы страшнае Інсекты, то як пекны анёл у промнях, казала маёй душы, што толькі вера, міласць да Бога і да бліжняга — шлях да сапраўднага жыцця.
Думаючы пра гэта, я не заўважыў, як прамень ранішняга сонца зазірнуў у вакно. Пачуўся голас гаспадара. Ён падняўся раней усіх і даваў парабкам загады на дзень.
Спеў пастуха ўжо адзываўся з пашы. Прачнуўся пан Ротмістар; калі мы апраналіся і ён думаў пра дом, а я — пра далейшае падарожжа, зайшоў пан Зямельскі, павітаўся і загаварыў да мяне:
— Чаму ты так рана ўстаеш? Ісці такую дарогу — цяжкая праца, трэба добра адпачыць. Відаць, думаеш, што я дазволю развітацца з намі сёння? Пагасцюеш у мяне колькі дзён, бо калі ад’едзеш далёка на поўнач, Бог ведае, ці ўбачымся, хіба толькі на тым свеце. І пана Ротмістара прашу застацца на сёння з намі, бо ёсць у яго доме каму кіраваць гаспадаркаю.
Я паслухаўся гаспадара, і пан Ротмістар пагадзіўся з ім.
Галасы дзяцей, што ўжо прачнуліся, даляталі з другога пакоя; абазвалася гітара, пачуўся цудоўны мілагучны спеў. Гэта быў голас Анэлі. Яна кожнае раніцы, як анёл, што вітае новы дзень, усхваляла Божую Ўсемагутнасць і спявала пад гітару:
Думка мая разам з гэтай суладнасцю адляцела да неба, і ў тую раніцу я маліўся са слязьмі на вачах.
Неўзабаве ўся сям’я сабралася разам. Паснедаўшы, мы ўсе выйшлі ў поле; пан Зямельскі завёў нас у густы гай, дзе ля кожнага дрэва было відаць дбайнага гаспадара, і гэты лес быў падобны да пекнага саду. Пан распавядаў нам, што некалі тут была пустэча, але ягонаю рупнасцю праз колькі гадоў зашумеў тут гэты гай. І там і тут між зараснікаў асушаныя лугавіны з сакаўной высокаю травою і размаітымі духмянымі кветкамі. Старэйшы сын пана Зямельскага, прыпамінаючы ўчарашняе апавяданне пра кабету Інсекту, паказваў пану Ротмістару злоўленую жамярыцу, пытаючыся, ці такая была кабета Інсекта. Іншыя дзеці збіралі лепшыя кветкі і аддавалі іх Анэлі, а тая аздабляла дзіцячыя галоўкі вянкамі.
Няспешна шпацыруючы і адпачываючы часам ў засені густое бярэзіны, мы бавілі час у прыемных размовах. Пасля полудня таксама аглядалі гаспадрку, аж пакуль сонца не схілілася да захаду, не ўпала раса на травы і парабкі з косамі і граблямі не вярнуліся з сенажаці.
Увечары, калі ўся сям’я зноў сабралася разам, гаспадар запытаўся ў пана Ротмістара, ці не памятае ён якую-небудзь старую аповесць, ці, можа, чуў яшчэ што з апавяданняў пра Драўлянага Дзядка.
— Калі быў яшчэ студэнтам у Полацку, — сказаў пан Ротмістар, — я любіў слухаць апавяданні. Гаспадар мае кватэры доўга служыў пры кляштары езуітаў.
Ён часта расказваў незвычайныя гісторыі, якія сам чуў ад іншых. Гэта былі прароцтвы Драўлянага Дзядка асобным шкалярам. Некалькі тых апавяданняў я і цяпер яшчэ памятаю.
ШКАЛЯР ЛЮЦЭФУГА
Некалі ў Полацку быў надзвычай лянівы да вучобы шкаляр. Ён часта ўцякаў з калегіі, цягаўся па розных краях, няраз, зазнаўшы голад і холад, пасля доўгае вандроўкі мусіў вяртацца ў бацькоўскі дом. Хоць і ведаў, што за такія ўчынкі будзе пакараны і зноў трапіць пад нагляд настаўнікаў, але ўцякаў пры кожным зручным выпадку. Бацька гэтага вучня быў чалавек небагаты і хацеў хоць не маёнткамі, дык, прынамсі, навукамі ўзбагаціць сваё дзіця. Колькі разоў адвозіў яго з дому ў горад, і калі словы-напаміны не дапамагалі, плаціў таму, хто згаджаўся быць сыну за неадступнага вартаўніка, не пакідаючы яго ні ў працы, ні ў адпачынку. Пад такім наглядам Люцэфуга мусіў студыяваць навукі, хоць усё адно ленаваўся. Прырода ўзнагародзіла яго здольнасцямі, і ён мог бы быць найлепшым вучнем, але быў першы толькі па свавольствах і непаслушэнстве.
У апошнія дні ліпеня ў полацкіх школах пачыналіся вакацыі. Шкаляры пасля іспытаў, перш чым раз’ехацца па дамах, гуртам прыходзілі пагутарыць з Драўляным Дзядком. Кожны пытаўся ў яго пра сваё. Адны хацелі ведаць, што думаюць настаўнікі пра іх стараннасць і паводзіны, другія — ці перавядуць іх пасля вакацый у вышэйшы клас, ці ўзнагародзяць кніжкаю ці абразкамі за стараннасць і поспехі ў навуках.
У гурце гэтых вучняў быў і той нядбайны шкаляр.