Ад пачутага мне зрабілася ніякавата. Ніколі ня мела блізкіх стасункаў з наркаманамі. Ведала, што ў Менску яны зьбіраліся ў кавярні «Пінгвін», цяпер пераробленай у безаблічную рэстарацыю з марскім назовам. А мой сябра паэт вадзіў мяне па маленькіх кавярнях… Я запомніла з неахайнай купкі заўсёднікаў «Пінгвіна» дзяўчыну з нібыта размытымі дажджом рысамі твару, у якой хіпоўскую павязку на галаве ўпрыгожвалі рыбацкія мармышкі. Вочы ў дзяўчыны з мармышкамі былі сьветлыя, і здавалася, з нейкай празрыстай плёнкай… Сябра грэбліва патлумачыў: «наркаманка». Але да Стэлы грэбліва ставіцца я не магла.
Юрась моўчкі сеў у машыну. У яго быў такі твар, што ў мяне скаланулася сэрца. Як ён яе кахае… А чаму не? Хворых і няшчасных, ад каго адны клопаты, часам кахаюць куды глыбей і адданей, чым здаровых ды ўдалых.
Кіроўца ўсё гэтак жа моўчкі зьняў навушнікі і завёў машыну. Я так і не зразумела, чуў нашы размовы гэты прылізаны хлопец, або не? Ідэальная прыслуга.
Калыванаўская сядзіба, як я і чакала, была абкружаная высозным бетонным плотам. Сосны палахліва спыніліся перад ім раўнюткім шэрагам. Можа, гэта рэшта «савецкага» выхаваньня, але да такіх платоў у мяне трывалая агіда... А калі бачу, як перада мной бязгучна разьязджаюцца жалезныя вароты, ахоплівае дурны дзікі страх – нібыта штурхаюць у турэмную камеру...
Восеньскі дзень кароткі, яго твар ужо цямнеў ад стомы. Але пейзаж за жалезнымі варотамі быў падсьвечаны нізкімі – нібыта для гномаў – круглымі ліхтарамі, і бачыўся выразна і адначасова прывідна. Рэшткі старой брамы... Дзьве мармуровыя багіні па абодва бакі дарогі вартуюць прысаду; адна трымае ў руцэ аліўкавую галінку, другая – меч. Але час адняў у велічных каменных постацяў антычны бляск. У адной багіні не хапала рукі, у другой адбіты нос... Здавалася, што па гэтых абшарпаных, патрэсканых статуях абавязкова поўзаюць смаўжы...
Я не магла пазнаць, што за дрэвы сашчапілі ў прыцемку над дарогай свае пазбаўленыя лісьця густыя галіны — нібыта ведзьміныя валасы, выпрастаныя ветрам і залітыя сьвятлом поўні. Але гэтым волатам, відаць, была не адна сотня гадоў. Фары машыны высьвечвалі каржакаватыя сівыя ствалы. Мы ехалі зусім павольна, і мяне ўразіла цішыня вакол... Нішто сабе маёнтак! Раптам паказаўся яшчэ шэраг статуй. На п’едэсталах узвышаліся постаці, падобныя да рымскіх імператараў. Гэтыя скульптуры яшчэ больш пацярпелі ад часу. На некаторых пастаментах засталіся толькі ногі невядомых герояў... Дарога вільнула ўбок, і я нарэшце ўбачыла рэзідэнцыю пана Калыванава. Не падобна да жытла алігарха. Двухпавярховы дом з чатырма калонамі, з вострым дахам і вежамі па кутах. Зусім ня цацачная падробка, на якія я нагледзелася. Гэты будынак паглядаў на нас нібыта з-пад старасьвецкага капелюха – гэткі састарэлы, але ўсё яшчэ ганарысты шляхцюк...
— Людвісарава, — шапнуў мне Юрась.
Вось яно што... Маёнтак славутых магнатаў... А я лічыла, што ён зруйнаваны. Праўда, непадалёк у прыцемку бялелі самотныя калоны, нібыта разгубленыя тым, што больш ня трэба падтрымліваць цяжар даху... Відаць, новыя гаспадары аднавілі толькі частку палаца.
Але ўнутры дома нічога не нагадвала пра старасьвеччыну. Пунсовыя дываны, белыя сьцены, а на іх — яркія і стракатыя, нібыта спадніцы аперэтачнай Сільвы, пастэлі ў металёвых рамках. Ды яшчэ мёртвае зыркае сьвятло лямпачак, падобных да вачэй робата.
— Ну, вось і дома! – Віталь Янчын шырока разводзіў рукамі, нібыта ўсё бачанае належала яму. Двое мужчынаў у аднолькавых швэдарах колеру кавы з малаком і з аднолькавымі квадратнымі сківіцамі і пляскатымі баксёрскімі насамі ветліва ўсьміхаліся. Той, што быў вышэй, з кароткімі рудымі валасамі, паказаў рукой налева.
— Вось па тым калідоры вашыя пакоі. Вячэра а восьмай, гаспадар абяцаў прыехаць, так што пазнаёміцеся.
Голас яго нагадваў трамбон, на якім звар’яцелы музыка спрабаваў сыграць партыю флейты. Такім голасам добра крычаць «Выходзіць па аднаму! Рукі за галаву!» Другі мужчына, каржакаваты і чарнявы, гэтак жа ветліва дадаў:
— Уладкоўвайцеся, і што трэба для працы – адразу нам кажыце. Дамовіліся? Я – Анатоль. А гэта – Ігар.
У пакоі меліся кандыцыянер і кампутар. Але мне было так трывожна, што замест таго, каб раскласьці прывезеныя рэчы, падпарадкаваць сабе чужую прастору, я проста села на канапу, пакрытую белай атласнай коўдрай, і так і праседзела амаль гадзіну, перабіраючы ў думках падзеі апошняга часу, нібыта пацеркі з чорных перлінаў... І я амаль жадала, каб нітка, што зьвязвала іх, парвалася, і нешта назаўсёды згубілася ў бездані забыцьця. Але нітка часу рвецца толькі разам з жыцьцём.