Здаецца, нічога дзіўнага не было сказана. Толькі я заўважыла, як прафесар скрывіў вусны – зьедліва так, нядобра скрывіў. І мне стала зноў трывожна. Я зірнула на Юрася і сустрэла ягоны спакойны пагляд. Чаму я ўсхадзілася? Даюць добрую працу – рабі. Што я, пра тыя гадзіньнікі не напішу, пра вежу? А пра Аркадзя, беднага, дык проста грэх не напісаць. Але пастукваньні посуду аб металёвы стол не спрыялі майму спакою, а хутчэй нагадвалі непрыемнае – напрыклад, як зубны ўрач перабірае ў маленькай бліскучай місачцы інструменты. Мне чамусьці падумалася, што свае дзьве тысячы мне давядзецца адпрацаваць напоўніцу.
Войска Вялікага Князя ўязджала ў горад нясьпешна, без асаблівай урачыстасьці. Мо з сотню чалавек моўчкі назіралі за шыхтам, стоячы ля дамоў, вокны якіх былі забітыя накрыж. Яркія ўборы прыхадняў нібыта ганьбілі жалобную цёмную вопратку гараджанаў. На цнатліва белай паверхні першага сьнегу заставаліся чорныя сьляды, і здавалася, што чужынцы нясуць за сабой гэтую чарнату, вядуць яе ў апусьцелы горад, чые вуліцы былі яшчэ нечапана белымі. Чуваць было толькі, як стукаюць па бруку падковы коней ды пабразгвае вупраж. Ды яшчэ – вар’яцкае «Хе-хе-хе» княскага блазна Карэйвы, хударлявага, пачварна сагнутага ў крук – блазан і на кані сядзеў не па-людску, а амаль лежачы, у адмысловым сядле, падобным да залачоных ночваў. Усё княства ведала, што Карэйва пасьмейваецца ўвесьчасна, нібы жаба квакае. Сагнула Карэйву пасьля таго, як пабыў у лёхах замка аднаго з магнатаў, ды не як госьць. За што небараку гэтак катавалі, ніхто ня ведае. Розум востры, наколькі можа быць вострым ва ўбогага вар’ята, і блазан умеў пацешыць сваіх гаспадароў. Але, можа, менавіта гэтае пахехекваньне ўрэшце надакучыла Вялікаму Князю, які падарыў былога ўлюбёнца пану Лаўрыну Рожы – новаму войту Старавежску. Вось і ён, Рожа, у срэбным жупане, у гарнастаях і дыяментах. Аблічча шырокае, спрэс у шнарах. Прабіўся да высокай пасады нялёгка, не з багацеяў. Ад простага воя шлях прайшоў. Княскі хорт, гатовы перагрызьці горла за гаспадара нават сьвятому. Побач – ягоны верны хорт, соцкі Баркун, падобны да мядзьведзя. Гэты ня меў літасьці, напэўна, нават да ўласнае калыскі.
Чужынцы ехалі праз горад. Некаторыя старавежцы шапталі скрозь сьціснутыя зубы праклёны... Ляцяць каршукі на падлу... Іншыя – іх было больш – паглядалі з надзеяй. Хіба горай будзе? А раптам – да лепшага новая ўлада? Самім усё роўна не акрыяць.
Перад уездам на пляц з ратушай, там, дзе пачыналася варта, выстаўленая Гервасіем Бернацоні, гасьцей чакалі. Ацалелыя ад пошасьці і скокаў сьмерці радавітыя гараджане жадалі перамоваў. Лаўрын абвёў вачыма тых, хто перагарадзіў яму шлях: тузіны тры... Няшмат вас, панове. Погляд звыкла вылучыў тых, хто заслугоўваў увагі. Малады шляхціц з чорным віхорам, які выбіўся з-пад шапкі з дыяментавым «гузам», глядзіць дзёрзка, непакорліва; таўсматы пан з доўгімі сівымі вусамі і прыжмуранымі, нібы ад нянавісьці, вачыма. І руку ўпёр у бок, а другая на дзяржальне шаблі...
— Вітаем у нашым горадзе пасланцаў Вялікага Князя!
Бач, гаспадары аб’явіліся! Лаўрын грозна нахмурыўся.
— Я ваш новы войт. Увечары я вас выслухаю. А зараз – сыдзіце з дарогі.
Вочы маладога шляхціца гарэлі сінім халодным полымем, нібыта зоры ў мароз.
— Наш горад яшчэ жывы! І ягонае магдэборгскае права не адмененае! Ёсьць сем чалавек з гарадской рады. Вось – бурмістр, пан Варава Ляскевіч.
Сівавусы ганарыста кіўнуў галавой.
— Ляскевічы заўсёды абіраліся ў раду. Яе ж абірала капа, веча... А рада абірала войта. І не іначай.
Шляхта за сьпіной сівавусага ўхвальна загула.
Лаўрын пасьміхнуўся ў вусы. Бач, вадзіцца ўздумалі... Але заядацца не выпадала. Рожа быў стары ваяка, пры княскім двары за трыццаць гадоў нагледзеўся ўсялякага... Уменьне весьці перамовы ня менш важна, чым жалезная пальчатка на руцэ, якой трымаеш цяжкі меч. Рожа нясьпешна зьлез з каня – хай бачаць, што ён ня вораг. Але прыніжацца таксама нельга – стопчуць адразу.
— Хіба ў Старавежску гэтак прынята вітаць гасьцей? – цяпер голас новага войта гучаў мякка, як поступ коткі, што падбіраецца да птаха. – Вялікі Князь хоча дапамагчы вашаму гораду ў бядзе. У яго няма інакшых мэтаў.
Хрыплы сьмех блазна Карэйвы парушыў урачыстасьць словаў.
— Хе-хе-хе! Схіліце хвост ды пад мост, ягамосьці! Важныя ў вас госьці! Паздароў, Божа, паноў, што няма ні коней, ні кароў, адныя мігдалы нябёсныя, дый тыя зямлёй пахнуць. А мы вам пернікаў прывезьлі. Смачныя, княскія! Хе-хе-хе!
Новы войт злосна зірнуў на блазна – што з дурня возьмеш.
— Мне загадана ягонай мосьцю ўсяляк ратаваць і адбудоўваць горад, спрыяць, каб ён зноў насяляўся і гандляваў, і прымнажаў славу княства.
— І пастаўляў князю вояў для патрэбных толькі яму звадак! – выкрыкнуў сінявокі рыцар. – І аддаваў на княскі суд, хто князю ня ўгодзіць! У халопы месьцічаў запішаце.
— Магдэборгскае права ў нас ніхто не забярэ! – крыкнуў стары шляхціц.
– А навошта князь свайго біскупа прысылаў? — азваўся яшчэ адзін. — Мы не папісты! Гэта толькі князь можа веры мяняць, як вужака – скуру. Ганьба!