Другі паверх выглядаў зусім іначай, чым першы. Відаць, наверсе былі панскія пакоі, а ўнізе – для «абслугі». У панскіх стаяла антыкварная мэбля, на сьценах – дываны, на іх – зброя... А ў сталовай — абедзенны стол з матавага цёмнага металу, і нават без абруса. Адны сурвэткі, зьвязаныя з тонкіх ільняных нітак. У металёвай паверхні люстраваліся лямпачкі, і здавалася, што посуд зараз паплыве. А на мне замест вячэрняй сукенкі – стары швэдар... Добра, што і Юрась выглядае гэткім жа «бедным сваяком». Затое, у адрозьненьне ад мяне, пра гэта зусім ня думае.
— Гэта праўда, Ганна, што вы можаце прачытаць за гадзіну пяцьсот старонак тэксту?
Голас Пятра Калыванава быў гэткі ж рэзкі, востры, як аблічча. Расейскі магнат нагадваў мне, як ні дзіўна, Скарамуша – драўляную ляльку з італьянскага вулічнага тэатра: нос і падбароддзе – як шчыпцы, чорныя вочы маленькія, але жудасна пранізьлівыя, валасы зачасаныя назад – толькі стракатага раздвоенага каўпака не хапае. На экране тэлевізару магнат выглядаў больш мажным, прыемна паўнаватым, скрадвалася вуглаватая, небясьпечная вастрыня. Вакол гэтага чалавека нешта адчувалася... Сказаць – «сіла» – неяк па-джэдаеўску... Сказаць «харызма» – па-газетнаму... Цяжка было ўявіць, што з ім можна спрачацца. Аднак ён нечакана шмат ведае пра мяне...
— Магу чытаць і хутка... Але насамрэч мне падабаецца цешыцца з тэксту. Калі тэкст, вядома, гэтага варты.
Мой адказ ня быў надта ветлівы ад таго, што я страшэнна бянтэжылася.
— Вы валодаеце польскай і нямецкай, — працягваў гаспадар нібыта чытаць маё дасье. — І ў вас своеасаблівы талент сьледчага. Мне расказвалі, як вас пакінулі без нагляду на паўгадзінкі ў кабінеце судовага архіву, а пасьля вы напісалі артыкул, цытуючы напамяць дзясяткі дакументаў з таго кабінету. Гаспадара якога, дарэчы, пасьля гэтага звольнілі. Журналісты непераборлівыя ў сродках, га?
Калыванаў па-змоўніцку падміргнуў мне.
— У мяне было ўсяго дваццаць хвілінаў, — буркнула я. – А справа тычылася вывезеных з мясцовай царквы каштоўнасьцяў, якія ў розныя эпохі па чарзе прыўлашчвала начальства. Я не люблю, калі бароняць чыноўных злодзеяў.
Калыванаў раптам шчыра засьмяяўся, але ягоны сьмех падтрымаў толькі Віталь Янчын. Потым магнат пачаў сьвідраваць позіркам Юрася.
— Гэта вы адладзілі музычны куфэрак жонкі Саксаганава? Быў пару месяцаў у іх у гасьцях, хваліліся... Мілая такая штучка. Лялечны тэатрык у мініяцюры. Складана было рамантаваць?
Юрась пасьміхнуўся.
— «Складана!» Ды там ніводнай цэлай дэталі не засталося. Фігуркі рухаюцца на некалькіх ярусах, сьпектакль разыгрываюць, а дэталі медныя, усе рассыпаліся. Паўгода важдаўся.
— Добрая праца! – сур’ёзна пахваліў Калыванаў. – Саксаганскі за куфэрак дваццаць кавалкаў аддаў, і ніхто адладжваць ня браўся. Нават у Швейцарыі. Я заўсёды казаў, што славянскія самародкі ўсіх замежных сьвяцілаў у лапці абуюць. Колькі талентаў хоць бы за гэтым сталом! – Калыванаў агледзеў прысутных. – Вось гэты паважаны чалавек, Зьміцер Патапавіч – прафесар фізікі. А таксама знаўца любой найтонкай электронікі. Без дапамогі Зьміцера Патапавіча гэты дом даўно б заняпаў....
Сівы старэча ў акулярах з круглымі і тоўстымі, нібы два ледзякі, лінзамі ветліва кіўнуў мне з другога канца стала.
— А той прыемны малады чалавек у белым пінжаку – сьпецыяліст, так бы мовіць, па мазгах, — працягваў гаспадар прадстаўляць гасьцей. «Сьпецыяліст па мазгах», сапраўды вельмі прыемны бялявы хлопец, які сядзеў насупраць, прыветна памахаў рукой.
— Завіце мяне Макс.
— Ужо прабачце, пераняў я на Захадзе звычку ўвесь час карыстацца паслугамі псіхолага, — ветліва патлумачыў Калыванаў. – Справа Макса – папярэджваць канфлікты, выслухоўваць скаргі, сачыць за здароўем насельнікаў гэтага дому… Ну, Віталя Янчына ўсе ведаюць, — магнат павярнуўся да нашага былога выкладчыка, які сядзеў зьлева ад яго. — Арганізатар геніяльны...
Янчын трохі няшчыра ўсьміхнуўся – вядома, я таксама б пакрыўдзілася: ані слова пра творчыя здольнасьці.
— А таленты гэтых маладых людзей я нікому ня раіў бы выпрабоўваць на справе, — Калыванаў паказаў на ахоўнікаў, што выстраіліся ля сьцяны ганаровай вартай, нібыта хваліўся чарговай калекцыяй.
Магнат пачакаў, пакуль афіцыянт (ці як ён там у панскіх дамах называецца, можа, як пры каралеўскім двары, падчашы?) разалье па келіхах напоі, і падняў свой келіх уверх.
— За вашыя посьпехі! Заўтра раніцой – зноў да гадзіньнікаў, сябры. Прымусьце іх загаварыць. У вас для гэтага ёсьць усё – талент, час, грошы... Прафесар распавёў мне, што ўзьніклі складанасьці з рамонтам, нейкія там старажытныя сакрэты, але я веру, што вы справіцеся. На саракавінах па маім сябры гадзіньнікі мусяць працаваць дакладна так, як у пятнаццатым стагоддзі! Дакладна так!