Гэты Бернацоні быў, відаць, магутнай асобай. Пра Яна Гуса, свайго колішняга патрона, ды Гераніма Пражскага, спаленага вучня Гуса, паўтараў – «Яны былі Божыя людзі». Уяўляю, як лютавалі каты. Звычайныя, перапалоханыя людцы, якія шчыра верылі, гэтак жа, як іх пасьлядоўнікі наступных стагоддзяў, што робяць сьвятую справу і адзінаборнічаюць не са спакутаваным зьняможаным вязьнем, а з магутным таемным ворагам. У камеру да Бернацоні манахі заходзілі абавязкова па некалькі чалавек, прычым сьпінай уперад, мелі пры сабе соль, асьвечаную ў вербную нядзелю, і штохвілі хрысьціліся і чыталі малітвы.
Бернацоні спалілі толькі праз год ад пачатку працэсу. Ён так і не раскаяўся.
Я прагартала свае выпіскі. Самае цікавае для мяне тычылася паказаньняў сакратара Бернацоні, нейкага Энрыке, які, «паглядзеўшы на прылады для ўразумленьня», цалкам прызнаў і сваю віну, і свайго гаспадара, і нагаварыў столькі, што вогнішча мусіла распаліцца ад аднаго Божага гневу. Асабліва пра «д’ябальскія машыны, якія пан па-блюзьнерску прыпадобніў апосталам», і якія «званілі голасам д’ябальскім», і пан вазіў іх за сабою паўсюль, а потым згубіў па волі Божай у далёкім барбарскім горадзе.
Напэўна, гэта і былі старавежскія гадзіньнікі. Энрыке сьцьвярджаў, што гаспадар-вядзьмак нікога да тых машынаў не дапускаў, наладжваў іх сам. Ставіў у кола, «апосталамі называючы», і такім чынам утвараў «уваход у чысьцец», і адтуль вылятала нячыстая сіла, якая крышыла ўсё навокал. У тыя моманты пан загадваў усім, хто быў у доме, закладваць у вушы васковыя шарыкі. Але ўсё роўна «туга на душы» змушала ліць сьлёзы раскайваньня. Бернацоні некалькі разоў загадваў свайму сакратару садзіцца між гадзіньнікаў, але той кожны раз губляў прытомнасьць ад іх «д’ябальскага звону».
Сакратара прыгаварылі толькі да пажыцьцёвага заключэньня. Па сьвятах ён мусіў «хадзіць у тыя дамы, дзе грашыў, і бічаваць сябе», а таксама бічаваць сябе перад уваходам у кожны храм, і насіць на адзежы нашытыя «шафранавыя крыжы» на знак свайго ведзьмакоўскага мінулага.
Я ня надта верыла ў злавесную сілу лекаравай механічнай калекцыі. Яшчэ нядаўна на вуліцах Еўропы мінакоў ахоплівала масавая істэрыя ад відовішча страшнай прылады – парасону, або жанчыны ў нагавіцах. Ну а паравоз або аўтамабіль увогуле маглі напалохаць да сьмерці. Лекар проста апярэджваў свой час. Вядома, фокус з сасудамі, якія самі па сабе разьлятаюцца на кавалкі, мог напалохаць каго заўгодна. Хаця ці так ужо гэта неверагодна? Мая сяброўка, самавітая сямейная кабета (у адрозьненьне ад мяне), жонка ваеннага і маці дваіх сыночкаў-мацакоў, расказвала, як яе малодшанькі любіў у дзяцінстве барабаніць. Стукаў аднойчы палачкай па стале, на якім красавалася ваза, купленая гаспадарамі падчас службы ў Чэхіі, стукаў, стукаў... А ваза раптам і разьляцеліся на драбнюткія кавалачкі – як рассыпалася! «Рэзананс...», — тлумачыла сяброўка, падрослы сынок якой барабаніць ужо ў самадзейным рок-гурце.
Я адсунула паперы і зьняможана апусьціла галаву на стол. Чаму людзі такія лютыя адно да аднаго... Як мне цяпер пазбавіцца ад жахлівых карцінаў, што разьдзіраюць уяўленьне? Відовішчы сярэднявечнай інквізіцыі зьмяняліся сюжэтамі з сутарэньняў НКВД. Ян Гус, Геранім Пражскі... Беларускія паэты Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка... Пяцьсот гадоў – і ўсё тое ж: ахвяра курчыцца ў невыноснай пакуце, каты нязмушана абедаюць у суседнім пакоі... Нават катаваньні не зьмяніліся. Божа, будзь літасьцівы да майго розуму... Мне здавалася, падыму галаву – а нада мной, як на малюнку Гойі, грувасьцяцца пачвары мінулага...
— Ну што, Ганначка, начыталіся?
Псіхолаг Макс стаяў проста за маёй сьпіной і белазуба ўсьміхаўся. Вось ёлуп, павінен жа разумець згодна сваёй прафесіі, што нельга гэтак да людзей падкрадацца, бы кадук апоўдні... Макс, аднак, згасіў мой гнеў тым, што паставіў перада мной кубак кавы і спакусны бутэрброд. Я раптам адчула, што страшэнна галодная – гадзінаў пяць, мусіць, прамінула!
— Сілкуйцеся... Я ведаю, дакументы ня з простых. Дазвольце, прысяду?
Шэрыя вочы псіхолага глядзелі вельмі сур’ёзна і даверліва.
— Цікава, якія сны вам сьняцца? Напэўна, часта бачыцца мора?
— Чаму вы так вырашылі? – зьдзівілася я, адпіваючы каву, зусім някепска звараную.
— Мора – сімвал ініцыяцыі асобы, жаданьне прыняць сябе такім, якім ёсьць, даведацца пра сябе ўсё, і боязь гэтага. Мне здаецца, у вас яшчэ шмат ад падлетка, Ганна. Пошукі месца ў жыцьці...
Напэўна, гэта былі крыўдныя словы, але Макс прамаўляў так шчыра, мякка... Я толькі буркнула:
— Апошнім часам не запамінаю сваіх сноў. Помню толькі, што сьніцца вежа. Але калі вы зараз пачнеце мне тлумачыць, што, паводле Фрэйда вежа — фалічны сімвал, то...
Макс бесклапотна засьмяяўся. Цікава, ён маладзей за мяне ці равесьнік? Прынамсі, Юрась выглядаў старэй за яго гадоў на пяць.