Я патроху супакойвалася. Матава-ружовыя сьцены, са столі струменіць роўнае зыркае сьвятло, ціхенька гудзе кампутар, на інтэрнэтаўскім сайце б’ецца сьмешнае маленькае сэрцайка нейкай рэкламы... «Цісьні сюды!» Ад сярэднявечча – далей не прыдумаеш. Нават ня верылася, што гэтыя сьцены захоўвалі памяць аб трох стагоддзях. Я распавяла Максу аб вычытаным і яшчэ раз адчула ягонае нявыказанае зьдзіўленьне – чаму гэта я пры сваіх уменьнях сяджу бяз працы. Відаць, ён усё-ткі някепскі псіхолаг, калі не выказвае сваё зьдзіўленьне ўслых. Толькі з павагай пракаментаваў.
— Сёньня вам павінны прысьніцца горы. Сімвал жыцьцёвага посьпеху.
Цікава, напэўна, жыць са сьпецыялістам па псіхалогіі. У іх сем’ях бываюць сваркі ці не?
Юрась абдымаў гадзіньнік з караблём… Выглядала гэта сьмешнавата, нібыта ён зьбіраўся з ім таньчыць. Насамрэч, вядома, Юрась спрабаваў замацаваць унутры нейкую дэтальку... Відаць, гэта ўдалося, бо калі ён адыйшоўся, гадзіньнік раптам ажыў... Жоўты пляскаты металічны карабель на ім зварухнуўся, загайдаўся, і пачуўся звон... Пранізьлівы, журботны... Непрыемны голас у гэтых гадзіньнікаў. Ня дзіва, што ў іх нядобрая слава. Але на тварах прафесара і Макса было напісанае замілаваньне, нібыта яны слухалі салаўіны сьпеў.
Рэстаўратар стамлёна правёў рукой па твары.
— Ну вось і ўсё... Адкуль можна патэлефанаваць? Мне тэрмінова...
Макс паслужліва прапанаваў свой сотавы, і Юрась ледзь ня подбегам рушыў за дзьверы. Я зразумела, каму ён будзе званіць... І, гледзячы ў прыгорбленую сьпіну рэстаўратара, што зьнікала за дзьвярыма, нарэшце прызналася самой сабе, прызналася тужліва, з раскайваньнем, чаму так лёгка згадзілася сюды паехаць.
І яшчэ раз згадала пра гэта ўвечары, калі былы муж запрасіў мяне на шпацыр. Вядома, яму спатрэбіўся «доктар Ватсан», каб выказаць свае гіпотэзы.
— Ня думаю, што міліцыя разгадае, хто забіў Аркадзя. Бачыш – я нібыта галоўны сьведка, а мяне ні разу больш ня выклікалі… Зьехаць сюды дазволілі. Ясна, што за забойствам Аркадзя – вялізныя грошы. Я ня веру, што гэта — Калыванаў, гэта было б занадта проста. Дорыць калекцыю Лілі, дый Аркадзь перад ім саломай слаўся, — разважаў Юрась. А цяжкі туман, якому не хапала халоднае моцы стаць шэраньню, плыў у прыцемку над кустамі, заблытваўся ў голым гольлі дрэваў, і нібыта сачыў за намі тысячамі сівых вачэй. Прынамсі, мне ўвесь час хацелася азірнуцца. А можа, тут ёсьць прывіды? Цікава, што за людзі хадзілі некалькі сотняў гадоў таму па гэтых дарожках, і ці былі яны шчасьлівей за нас?
— Гадзіньнікі, вядома, незвычайныя, — працягваў думку мой былы муж, нібыта сам сябе пераконваў. — Але хіба настолькі, каб дзеля іх забіваць? А што ў Калыванава аказаліся ўсе астатнія гадзіньнікі з вежы, мяне не зьдзівіла – яго пасланец тады закупіў усе лоты, выстаўленыя ў Варшаве, ад куфэрка да фамільных партрэтаў. Нават частку сапраўднага вежавага гадзіньніка – цыферблат у два чалавечыя росты! Новы маёнтак ля Закапанэ абстаўляе «пад старажытнасьць», але з мясцовым каларытам. Чарговы магнацкі закуп. Да таго ж, Аркадзь мусіў разумець, што сам усе гадзіньнікі выкупіць ня здолее. Дарма, што яны без каштоўных аздобаў, але лік – на мільёны ідзе.
— А ці не падазрона, што да гадзіньнікаў запрасілі не абы-каго, а прафесара? – заўважыла я, змушаючы сябе не глядзець на Юрасёў твар, падсьвечаны нізкімі ліхтарамі. У такой падсьветцы выразна бачыліся шнары, паходжаньне якіх я цяпер ведала.
— Які там прафесар! – уздыхнуў былы муж. — Я пытаўся ў Янчына... Сапраўды, калісьці дзед быў «сьвяцілам», але даўно «зьехаў з розуму» і лекцыяў не чытае. Здаецца, нешта падобнае да вечнага рухавіка вынаходзіў. У тонкасьцях розных там працэсараў ці эквалайзераў разьбіраецца, як павук у павуце, жыве тут «з падачы» Янчына ўжо колькі гадоў, у перапынках між «дурдомамі». Зладзіў Калыванаву адмысловую сігналізацыю... Праўда, здаецца, у механіцы я лепей за прафесара разьбіраюся...
Я не схавала іроніі.
— У акадэмікі цэліш?
Юрась не пакрыўдзіўся.
— Я проста адчуваю старажытныя рэчы... Нібыта бачу, як іх рабіў стары майстра. А гэтыя гадзіньнікі не аднаго ўладальніка памянялі. Іх спрабавалі рэстаўраваць, пазамянялі дэталі... Карпусы перарабілі. Усё роўна што пазлы рассыпалі. Тут інтуіцыя патрэбная, каб аднавіць, як было.
Мы ішлі па прывідных прысадах у тумане, падзеленым ліхтарамі на сьветлыя і цёмныя плямы, і размаўлялі, як і калісьці. Гэткая сустрэча даўніх, патрапаных жыцьцём сяброў, якая ні да чаго не абавязвае, не становіцца ні працягам, ні ўтварэньнем новых адносінаў, а проста – прыемная настальгія, усё роўна як пагартаць запылены альбом з фотаздымкамі...
— Яна некалькі разоў была амаль вызваленая! – гэта Юрась расказваў пра Стэлу – пачаў сам, я, вядома, не пыталася. Відаць было, што ён увогуле пра свае праблемы ня звык размаўляць. Таму я проста моўчкі слухала, апусьціўшы вочы і баючыся спудзіць гэтак патрэбны яму момант шчырасьці.