Раніцай 18-га травеня, аддзелы 2-га корпусу здабывалі паасобныя ўзгоркі, не спатыкаючы ўжо вялікага супраціву нямецкай пяхоты. Абсады паасобных бункераў здаваліся ў палон. Не пераставала толькі грымець, ераходная на ўсіх пунктах абшару наступу, навала нямецкай артылерыі, ды там-сям адзываліся таксама нямецкія мінамёты. Пагражалі небясьпекай усьцяж, на ўсім займаным абшары, нямецкія міны й пасткі, якія спрычыняліся да новых ахвяр сярод жаўнераў 2-га корпусу й узятых нямецкіх палонных.
Затое, звычайна пагрозьлівы сваім зьнішчальным вагнём, манастыр Монтэ-Касыно цяпер маўчаў. Зьвярнулі на гэта ўвагу бліжэйшыя да яго аддзелы. Дадумваліся, што манастыр, відаць, эвакуаваны, а аптымісты, у сваім ваяўнічым выабражэньні, бачылі навет белы сьцяжок на ім, хоць ніякага сьцяжка там ня было. Высланы патруль 12-га ўланскага палка, дзеля выясьненьня сытуацыі на гары й у манастыры Монтэ-Касыно, ніякіх нямецкіх аддзелаў там не знайшоў. Толькі групу нямецкіх параненых выцягнулі са склепу. 18-га травеня, а гадз. 10-ай і 20 хвілін, гэты патруль вывесіў польскі сьцяг на руінах манастыра.
У гэты-ж дзень, папаўдні, была асягнута беспасярэдняя лучнасьць з брытыйскімі аддзеламі 13-га корпусу, што працягваў наступ у даліне ракі Ліры. Гэты корпус, як і 1-шы Канадыйскі корпус, быў ужо ў сутычнасьці з ворагам на новай абароннай лініі — лініі Гітлера.
Аднак патрэбны быў яшчэ пэўны высілак дзеля заканчэньня бою пад Монтэ-Касыно. Высілак гэты скіраваны быў на акружаючы манэўр у напрамку П'едымонтэ, і наш аўтар браў удзел у наступе свайго батальёну — разам з іншымі батальёнамі 5-ай дывізыі — 18-га й 19-га травеня.
Раніцай 19-га травеня быў заняты ўзгорак 575. Цяпер 2-гі корпус скіраваў свае сілы на здабыцьцё П'едымонтэ. Але займаньне далейшых пазыцыяў прыходзіла ўжо шмат лягчэй, вораг быў значна аслаблены.
На працягу наступных некалькіх дзён 2-гі корпус заняў гару Монтэ Кайро й мястэчка П'едымонтэ. Гэтым і была закончаная фаза баёў пад Монтэ-Касыно.
Адсюль, у сярэдзіне чэрвеня, 2-гі корпус перайшоў на пазыцыі над Адрыятыцкім морам каля Пэскары, перанятыя ад гіндускіх дывізыяў.
Апошнюю фазу баёў пад Монтэ-Касыно — пасьля заняцьця Монтэ-Касыно — аўтар не пасьпеў апісаць. Але апісаў самае галоўнае — баі за здабыцьцё Монтэ-Касына, — самыя жорсткія баі з усей італьянскай кампаніі.