Па нас страляюць даволі рэдка, затое пазыцыі батальёнаў перад намі вальцуюць густа. Аднак на гэтым падыходзе й мы трацім чатырох забітых і дзевяць параненых.
Дзядзьку Лукашу асколак распароў мяшок на плячох, у якім ён, як прадбачлівы беларускі селянін, меў хлеб, некалькі бляшанак біфу, чыстую бялізну й некалькі гранатаў. Усё высыпалася. Ну, калі-б Немцы пачулі, што ім жадаў Лукаш, яны хіба не пачуваліся-б добра. Поўзаючы ракам, Лукаш часткова знайшоў свае скарбы. Але ўзьнікла праблема: у што іх запакаваць? Практычны й кемлівы Лукаш не разгубіўся: знайшоў трупа й зьняў зь яго мяшок. Пасьля спакойна спакаваўся й дагнаў нас. Толькі мяшок выглядаў паўнейшым: бо гэны забіты меў сёе-тое, а ашчадны селянін ня выкінуў гэтага на змарнаваньне. Пазьней тлумачыўся:
— Яму, беднаму, ужо нічога не патрэбна, бо яго ўсім забясьпечвае сьвяты Пятро.
Даходзім да лініяў нашых пазыцыяў. Агонь тут густы. Пачынае адзывацца ручная зброя. Афіцэр сувязі паказвае нам кірункі, куды пайшлі нашыя патрулі разьміноўваць і трасаваць сьцежкі. Спачатку бачым белыя йстужкі: паміж імі поле разьмінаванае. Неўзабаве йстужкі парваныя й раськіданыя выбухамі. Пачынаецца зямля «нічыя» — грозная, няведамая, пакрытая мінамі, пасткамі й крыжовым вагнём ручной зброі. Што раз часьцей чуваць енкі параненых, рвуцца міны, шпокаюць пасткі, сьвішчуць кулі. Яшчэ сто мэтраў наперад. Далей — толькі на жываце. Выразна бачым, скуль харкаюць волавам спандаўы й шмайсэры. Яшчэ за далёка для «пята», «Бэнгалёра», тым больш для ручной гранаты. Трэба паўзьці.
Раптам у паветра вырываюцца тры фары — ракеты на парашутах. Робіцца відна. Праклятыя фары вельмі-ж паволі ападаюць. Трацім дарагі час. Калі да золаку ня зьнішчым буйкераў, раніцай яны нас выстраляюць, як качак.
Урэшце фары згасьлі — трэба паўзьці. Найбліжэйшы бункер плюе вагнём.
— Чакай-жа, сукін сын, — кажа Лукаш і зь «пятам» паўзе ў кірунку бункера. Што рабіць — я з гранатай паўзу на другі. У хаосе і ўпацёмку камандаваць цяжка. Кажны жаўнер камандзер сам сабе. Падпаўзаю і мяркую, што гранату дакіну. Лепш было-б запаўзьці за бункер і ўкінуць гранату ззаду. Але нейкі далейшы шмайсар страляе нада мной, а перада мной — лысіна.
Раптам чую справа выбух. Гэта дзядзька Лукаш прыцэліўся й разваліў бункер. Трэба й мне нешта рабіць. Кідаю гранату ў кірунку, скуль харкае бункер. Удалося: бункер моўкне. Пазьней выясьнілася, што бункера я не разьбіў. Толькі граната падкацілася пад рульку шпандаўа і, выбухнуўшы, яе пашкодзіла. Немец кінуў шпандаў і бункер ды падмазаў пяткі. Ганцэвічу ўдалося лепш: падпоўз да самага бункера і ззаду цяпнуў гранату. Пэўна-ж у бункеры застаўся гуляш. Але гэта была ягоная апошняя граната. У наступны бункер ён шпурляў каменьні. На шчасьце падпоўз Лукаш зь пятам і бункер змоўк. Суседзі зьлева і справа, таксама ня сьпяць. Нямецкі агонь ручной зброі слабее. Дапаўзаем да вяршыні гары, скуль месцамі можна бачыць даліну ракі Ліры — мэту нашага наступу. Там, таксама варыцца, як у гаршку. Аднак Ангельцы ўрэшце йдуць наперад. Бачым далей і ар'ентуемся паводля выбухаў, што францускі корпус на гарах Абруццы таксама йдзе наперад.
Здаецца дасягнулі мэты: адрэзаць манастыр, спалучыцца з Ангельцамі ў даліне Ліры. Манастыр часткова адрэзаны, але як дайсьці да Ангельцаў празь некалькі горак? А тут прыходзіць найгоршая небясьпека — дзень. Травеньская ноч кароткая.
Сувязь парваная. Ніякіх загадаў няма. Што дзеецца — ня ведаем.
Бягу на дзьвюх нагах, часам на чатырох, а часам паўзу на бруху ўздоўж лініі. Але якая тут лінія? Усё перамяшалася. Крычу: кансалідавацца, абкладацца каменьнямі, бо тут, на скале, капаць акопы немагчыма, а перад раніцай трэба неяк забясьпечыцца. Раптам чую, што мяне нехта сьцебануў нечым па назе. Першае ўражаньне, што гэта вясковы пастыр сьцябануў мяне, падпаска, пугай, за тое, што я пусьціў кароў у збожжа. Але хутка ўсьведамляю, што мяне падстрэлілі. На шчасьце, куля не кранула касьці, але пашкодзіла нейкую жылу й рана крывавіць. Аднэй рукой заціскаю рану, другой разрываю кішэнь, дзе маю бандаж. Санітараў няма — або выбітыя, або зносяць цяжка параненых. Разразаю нагавіцы й бандажую рану. У гэты мамэнт на гару ўзыходзіць сівы палкоўнік.
— А, даражэнькі, урэшце атрымаў сваю порцыю. Спаўзай уніз.
Я паглядзеў уніз: там пекла агню. Тут здаецца бесьпячней.
— Не, палкоўнік. Перавяжу рану й далучуся да аддзелу. Я даў загад кансалідавацца й акопвацца. Набліжаецца дзень.
— Добра, сынок, нічога хітрэйшага ня прыдумаем.
Палкоўнік (перад гэтым паранены) пакульгаў рабіць высілкі неяк камандваць батальёнам.