Прадмова
Кніжка гэта малая, але мае цікавы й глыбокі зьмест. Яна адсланяе жорсткія адносіны між людзьмі й народамі ў нашым веку, калі чалавецтва дайшло да вялікіх навуковых і тэхнічных асягненьняў, калі столькі гаворыцца пра свабоду, справядлівасьць, гуманнасьць.
Кніжка апісывае бітву пад Монтэ-Касыно — адну з найвялікшых бітваў з Другой Сусьветнай вайны — і ўдзельнікаў яе, сярод якіх было шмат Беларусаў. Раскрывае душы некаторых з іх, расказвае, што яны перажывалі ў чужым войску, ідучы на пагібель за чужую справу. Праўда, яны змагаліся з Гітлераўскай тыраніяй, але-ж тады ўжо было ведама, што Беларусь была здана на ласку й няласку другога тырана — бальшавіцкай Маскве.
Кніжка мае назоў «Сьмерць і салаўі». Аўтар выбраў яго нездарма. Бітва адбывалася вясной, калі ў прыродзе ўсё ажывала, цьвіло, цешылася, сьпявала. А жаўнеры, — маладыя, поўныя сілаў людзі — замест таго каб цешыцца жыцьцём і красой яго, ішлі паміраць пры звоне вясны й салаўіных сьпеваў. Гэта трагічная сытуацыя ёсьць відавочным пратэстам супроць вайны й усякага гвалту.
Да гэтага часу ў беларускай літаратуры ня было апісаньня вялікай бітвы. Дык апавяданьне «Сьмерць і салаўі» запаўняе гэты прабел і, па сваім зьмесьце й матывах, ёсьць зусім нечым новым. Праўда, савецкая беларуская літаратура шмат увагі ўдзяляе вайне. Але, папершае, там няма апісаньня вялікіх бітваў, а прадстаўлены пераважна партызанскія баі; падругое — усё савецкае творства падпарадкавана накінутаму згары шаблёну соц. — рэалізму, таму савецкія творы маюць у сабе шмат штучнага.
Апавяданьне «Сьмерць і салаўі» друкавалася першы раз у газэце «Бацькаўшчына» ў 1963-64 гадох, але ня было закончаным, бо аўтар перадчасна памёр. Такім, чынам, гэта выданьне — асобнай кніжкай — ёсьць пасьмертнае. Заўдзячваем яго Спадарыні Эльзе Сыч — жонцы аўтара, якая пастаралася таксама, каб апавяданьне мела й заканчэньне, хоць і з іншай рукі.
Будзем спадзявацца, што беларускае грамадзтва прыме гэту кніжку прыхільна.
Ад аўтара
Калі мы першы раз убачылі панараму Монтэ-Касына, ужо штось ведалі аб ім. Ведалі, што гэта амаль непераломная падвойная абаронная лінія, якая загараджвае дарогу ў Рым праз даліну ракі Ліры, што другой дарогі ў раёне Тырэнскага мора, дзе высадзіліся альянты — няма. Каб узяць Рым, трэба ўзяць перад гэтым Монтэ-Касыно. Мы таксама ведалі, што перад намі гэтыя страшныя горы штурмавалі Амэрыканцы, Ангельцы, Новазэляндцы, Французы й Гіндусы.
Першы штурм пачала 5-я амэрыканская армія 2-га студзеня 1944-га году фарсаваньнем ракі Рапідо (шпаркая) й здабываньнем мястэчка Касына ў падножжы Монтэ-Касына. Ужо першая ноч баёў была грозным «мэмэнто», што змаганьне ня будзе лёгкае. Абарона была так сканструаваная, што навет мусе цяжка было-б праляцець жывой. Арэна, на якой адбываліся жорсткія баі, на якую ўвайшло альянцкае войска, была пад абстрэлам з чатырох бакоў, мела замінаваныя даступныя пераходы, была пакрытая добра прырыхтаванымі й замаскаванымі бункерамі. З усіх бакоў шчырыла зубы сьмерць. Таму ня дзіва, што ўжо ў першую ноч амэрыканская армія мела жахлівыя страты. Далейшае змаганьне гэтыя страты павялічыла. Амэрыканцы біліся і ўміралі спартова. Навочныя сьветкі расказваюць, як яны йшлі чаўкаючы гуму й гінулі. Праўда, Амэрыканцы здабылі гарадок Касыно, які быў дашчэнту разбураны, але далей сустрэлі так цьвёрдую абарону, што скрывавіліся й адступілі. Францускі корпус меў пэўныя асягненьні, але й таксама вялікія страты. Сьветчаць аб гэтым шматлікія могільнікі, раськіданыя ў розных мясьцінах на поўдзень ад Монтэ-Касыно — Вэнафро, Вітторыё, Чэрваро й іншыя.