Читаем Сотнікаў полностью

Здароўя ў яго не бракавала, малака і смятаны было даволі, рана на назе за месяц як-колечы ўгаілася, праўда, трошкі напамінала аб сабе на хадзе, але нічога. Між ласкі і маладых уцех у гасціннай Ахрэмавай хаце ён усё больш пачаў думаць аб тым, як быць далей. Тады аб'явіліся дружкі, такія ж, як ён, акружэнцы - хто выздаравелы ад ран, хто проста аклемаўшыся на хутарах і ў вёсках ад першага страху акружэння, - пачалі сходзіцца, дасталі прыхаваную зброю. Вырашылі: трэба падавацца ў лес, нягожа былым вайскоўцам туляцца па сялянскіх закутках, ля добрасардэчных маладзіц, нераспісаных, нявенчаных ваенных жонак. І пайшлі. Сумнае і нечакана балючае было яго развітанне ў Карчоўцы. Праўда, ён не стаў, як некаторыя, таіцца ці - яшчэ горш - уцякаць, сказаў усё, як было, і надзіва - яго зразумелі, не скрыўдавалі і не адгаворвалі. Зоська, праўда, заплакала, а дзядзька Ахрэм сказаў толькі: «Раз нада, дык нада. Ведама, дзела ваеннае». І ён і цётка Гануля сабралі яго, як роднага сына, і выправілі. Рыбак паабяцаў даваць знаць пра сябе, наведвацца пры выпадку. Яно раз і наведаўся ў канцы восені, а пасля стала нельга, а галоўнае - не цягнула; мусіць, адвык, ці што. А можа, не было таго, што прыварожвае назаўжды, а так - з'явілася, перабыло і прапала. І ён не шкадаваў аб тым, сабой быў давольны - не ашукваў, не лгаў, добра ці не - усё зрабіў па шчырасці і адкрыта. Хай людзі мяркуюць, як знаюць, ягонае ж сумленне перад Зоськаю было амаль чыстае.

Ён страх не любіў чыніць людзям зло - знарок ці ненаўмысле крыўдзіць, не трываў, калі на яго крыўдавалі. У арміі, праўда, цяжка было абысціся без гэтага, трэба было - спаганяў, але стараўся, каб тое выглядала па-добраму, дзеля карысці службы, а не дзеля якога асабістага інтарэсу. І яшчэ стараўся абыходзіцца без выпадаў злосці. Цяпер злы, дапяты хваробай Сотнікаў папракнуў яго старастам, што пусціў, не пакараўшы, але Рыбаку стала агідна караць - чорт з ім, хай жыве. Вядома, да ворага трэба адносіцца без усякае літасці, але тут сталася так, што ўжо надта па-сялянску знаёмым здаўся яму гэты Пётра. Калі што, хай яго пакараюць другія. У хаце, пакуль спрачаліся, ён нават і меў нейкі намер правучыць старасту, але пасля, у хляўку, калі разам узяліся лавіць авечку, гэтае жаданне паступова знікла. У хляве мірна, звычайна пахла сенам, гноем, жывёлай. Авечкі спуджана кідаліся з кутка ў куток, гэтую ж, з белай плямкай на лобе, стары падлаўчыўся схапіць за шэрсць, і тады Рыбак спрытна ашчаперыў яе за шыю, адчуўшы на момант нейкую паўзабытую, ледзь не дзіцячую радасць здабычы. Пасля, пакуль трымаў, а Пётра рэзаў ёй горла і авечка білася на саломе, па якой цёк ручаёк парнай крыві, у ягонае пачуццё шыбанула незабыўнае з маленства ўражанне страхавітае радасці, калі гэтаксама ў канцы восені бацька рэзаў адну ці аж дзве авечкі і ён, падлетак, памагаў яму. Усё было тое самае: і пахі ў хляўку, і кіданне ў смяртэльным, нібы ўсвядомленым, адчаі жывёліны, і парнасць цёплай крыві на марозе. Тады ён, праўда, баяўся глядзець на такое, затыкаў вушы, каб не чуць перадсмяротнага бляяння звыклых ад ягнячае пары авечак, кожную з якіх ён ведаў ва ўсіх драбніцах іхняга выгляду і характару. Цяпер жа, аднак, таго страху не было і звання, астаўся адзін успамін.

Поле, на якое ён павярнуў ад хмызняку, аказалася нечакана даўгім і шырокім, і яны ішлі, мабыць, з гадзіну, бухаючы нагамі ў снезе. Рыбак не ведаў пэўна, ды ўсё ж адчуваў, што недзе ўпоперак таго, куды яны ідуць, павінна быць дарога, тая самая, якою яны нядаўна ішлі сюды, пасля пачнецца схіл да поплаву. Але мінаў час, яны адмералі вярсты дзве, а дарогі ўсё не было, і ён пачаў меркаваць, ці не перайшлі яны дзе яе, не заўважыўшы. Тады яны маглі збіцца з кірунку, не ў час павярнуць улева, у лагчыну. Кепска, што гэтую мясцовасць ён ведаў блага, ды і не распытаў як след у хлопцаў у лесе. Праўда, тады планавалася ісці трохі ў іншы бок.

Рыбак спыніўся, азірнуўся на Сотнікава, які зноў далекавата адстаў і знямогла гробся ў суцемку. На месяц угары насунулася нейкая імгла, ноч пацямнела, удалечыні зусім нічога не было відаць. Ён скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Праз хвіліну не надта ўпэўненым крокам да яго дашкандыбаў Сотнікаў.

- Ты ўжо як-небудзь. Знаеш, я не памочнік.

- Ладна, куды табе, - адсопваючыся, сказаў Рыбак і перавёў размову на іншае: - Не прымеціў, мы правільна ідзём?

Сотнікаў, цяжка дыхаючы, паглядзеў у ноч.

- Мабыць, правільна. Там лес.

- А дарога?

- Тут недзе і дарога. Калі не павярнула куды.

Перейти на страницу:

Похожие книги