Читаем Сотнікаў полностью

Хмызняк, аказваецца, быў далей, чым здалося ўначы. Рыбак яшчэ не дабег да яго, калі ззаду забахалі стрэлы. Стралкі, аднак, былі болей чымся няважныя, ён, не азіраючыся, зразумеў гэта па тым, як напятай струной прайшла над ім куля. Надта высока прайшла - гэта ён зразумеў пэўна. І ён прымусіў сябе пад тымі кулямі дабегчы да хмызу. Мусіць, тут было нейкае лугавое балотца - па снегавой роўнядзі блытаўся голлем алешнік, рыхлы снег пад нагамі бугрыўся купінамі. Рыбак упаў між куп'я, зваліў з пляча авечку. Пэўна, трэба было бегчы далей, але ў яго ўжо не асталося сілы. Ззаду ваўсю ішла перастрэлка, і ён зразумеў, што гэта Сотнікаў стрымлівае іх. Спярша ён ажно парадаваўся: значыць, адарваўся. З карабінам у руках ён на каленях вывернуўся назад, прыўзняўся над грыўкай дробненькага хмызняку і здалёку ўбачыў напарніка. Недзе пад самым пагоркам той варушыўся ў снезе, але адсюль, праз шэры прыцемак ночы, нельга было зразумець, ці ён бег, ці, можа, стаяў на адным месцы. Пасля трох-чатырох стрэлаў з пагорка адзін бахаў бліжэй - то быў стрэл Сотнікава, які, вядома, затрымліваў іх. Але ўсё ж наўрад ці разумна было ў ягоным становішчы пачынаць перастрэлку з паліцыяй, падумаў Рыбак. Мусіць, трэба б як найхутчэй уцякаць, адрывацца. Гэты хмызняк на дарозе - проста іх шчасце, ён бы даў магчымасць заблытаць свой след і ўцячы. Ды Сотнікаў нібы не разумеў таго - здаецца, залёг і ані не варушыцца нават. Калі б не яго стрэлы, дык можна б падумаць, што ён нежывы.

А калі ён паранены?

Ад гэтае думкі-здагадкі Рыбаку стала зусім ніякавата - то было вышэй за яго магчымасці. Паліцаі зверху, з пагорка, мусіць, добра бачаць адзінокага чалавека на снезе і мала што пакуль не бягуць да яго - яны, безумоўна, застрэляць яго з вінтовак. Калі ён, Рыбак, кінецца на дапамогу, заб'юць абодвух - гэта ж так проста. Як бывала ў фінскую, калі праклятыя снайперы з дрэў набівалі па чатыры-пяць чалавек за хвіліну, і ўсё тым жа самым прымітыўным спосабам: да першага падстрэленага на выручку кідаўся сусед па ланцугу і тут жа клаўся з прастрэленым нутром побач, потым да іх поўз наступны. І кожны з гэтых наступных напэўна ведаў, што яго чакае там, але не мог стрымаць сябе, чуючы, як гэтак блізка стогне-канае таварыш.

Значыць, калі яшчэ можна, трэба ўцякаць. Сотнікава ўжо не ўратуеш, а самому загінуць вельмі проста. Рашыўшы так, Рыбак хуценька закінуў за спіну карабін, рашучым намаганнем узваліў на плячо авечку і, спатыкаючыся ў снезе, прыпусціў краем балотца.

Мусіць, ён далёка ўжо адбег ад таго месца і зноў здорава замарыўся. Стрэлы ззаду на нейкі час быццам сціхлі, і ён, услухоўваючыся ў цішыню, з цьмянай палёгкай падумаў, што там усё скончана. Але праз хвіліну яны пачуліся зноў. Бахнула разы тры, адна куля з віскам прайшла над балотам. Значыць, Сотнікаў яшчэ жывы. І менавіта гэтыя стрэлы азваліся ў Рыбаку новай трывогай, панішчыўшы кволую радасць ад таго, што сам уратаваўся. Яны напаміналі і страхавітаю горыччу варушылі разгарачанае яго пачуццё. Авечка ўсё цяжэла, часам яе скалянелы цяжар здаваўся чужым і апрыклым, і ён валок яе, думаючы зусім аб іншым.

Праз хвіліну наперадзе паказаўся неглыбокі равок, можа, бераг рачулкі. Пэўна трэба было перайсці на той яго бок, Рыбак сунуўся з берага, але паслізнуўся - ноша яго звалілася на ўзгорак, а ён на спіне ссунуўся ўніз. Войкнуўшы, ускочыў, на руках і каленях выбраўся з раўка і раптам выразна адчуў, што рабіў не так. Як было столькі сілы выдаткоўваць на гэту праклятую авечку, калі там аставаўся таварыш? Ён яшчэ жыў і напамінаў аб сабе стрэламі, а Рыбак, па сутнасці, кідаў яго ворагам. Відочная недарэчнасць ранейшага намеру стала такая выразная, што Рыбак вылаяўся і збянтэжана сеў на ўзгорку. Якраз у той час за хмызняком грымнуў яшчэ адзін стрэл, і болей стрэлаў з пагорка ўжо не было. «Можа, там што перайначылася?» - падумаў Рыбак. Настала няпэўная паўза, яна, аднак, падштурхнула Рыбака, і ён ускочыў.

Стараючыся не разважаць болей, ён хуткім крокам кінуўся па сваім следзе назад.


6


Сотнікаў не меў ніякага намеру пачынаць перастрэлку - ён проста ўпаў на схіле, у галаве закружылася, усё навокал паплыло, і такая знямога скавала цела, што ён, бы нежывы, распластаўся ніц, убіўшы ў снег галаву.

Перейти на страницу:

Похожие книги