Читаем Сотнікаў полностью

Хістаючыся ад слабасці і гулу ў галаве, Сотнікаў устаў і вылез у халодныя цёмныя сенцы. Праз расчыненыя дзверы на снежным двары відаць быў Рыбак, ля яго ног на снезе ляжала авечка, якую той збіраўся падняць на спіну.

- Так. Ты ідзі! - роўным дзелавым голасам сказаў Рыбак да старасты. - І зачыні дзверы, нечага глядзець.

Стараста хацеў нешта сказаць, ды, мабыць, перадумаў і вярнуўся ў сенцы. Дзверы за ім шчыльна зачыніліся, пасля чуваць стала, як бразнула клямка ў хату.

- Што, пускаеш? - з папрокам, сіпла запытаў Сотнікаў.

- А чорт з ім.

- Ну і дарма!

Не адказаўшы, Рыбак дужым высілкам ускінуў на плячо авечку і пакрочыў за вугол хляўка, адтуль павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Сотнікаў павалокся следам.


5


Яны ішлі моўчкі па ранейшых сваіх слядах - цераз прыгуменне, уздоўж плота, выйшлі на касагорыну ля хмызняку. У вёсцы ўсё было ціха, нідзе з вокнаў не выбівалася ні плямкі святла, па-начному сонна шарэлі ў прыцемку заснежаныя стрэхі, сцены, платы, дрэвы ў садках. Рыбак хутка крочыў наперадзе, несучы на плячах авечку - адкінутая галава яе з белаю лысінкай на лобе мёртва целяпалася на яго плячы. Час, мабыць, мінаў за поўнач - маладзічок узлез у самую высь неба і ціха бліскаў там, па-ранейшаму завалочаны святлявым мроівам. Зоркі наўкола яго іскрыліся ярчэй, чым увечары, гучней рыпеў снег пад нагамі - у самую сілу ўбіраўся мароз. Рыбак шкадаваў крыху, што надта забавіліся ў старасты, але хоць недарма, адпачылі, абагрэліся, а галоўнае - вярталіся не з пустымі рукамі. Авечка, вядома, не вялікі наедак на дваццаць сем чалавек, але пакуль што голад спатоліць. Хоць і далекавата, ды ўсё ж расстараліся, цяпер трэба паспець да ранку.

Ён спорна крочыў з ношай, не надта ўжо і асцерагаючыся ў начным полі на знаёмай дарозе. Каб не Сотнікаў, якога нельга было кідаць аднаго, ён бы апынуўся і далей. Мабыць, упершыню за сённяшні дзень у Рыбака варухнулася кароценькая незадаволенасць хворым напарнікам, але што зробіш: ці яго ў тым віна. Праўда, міжволі падумалася, што ўрэшце мог бы дзе расстарацца і якую цяплейшую адзежыну, і тады, можа, быў бы здаровы і цяпер вось памог бы яшчэ і валачы гэтую авечку. Спярша дык яна здалася зусім нецяжкой, але неяк даволі хутка стала грузнуць на карку, галава яго пакутна падварочвалася, дрэнна было глядзець наперад. Тады Рыбак пачаў злёгку пасоўваць авечку на плячах: пакуль адно несла, другое адпачывала - так было зручней. На хадзе ён добра ўгрэўся ў цёплым кажушку, нядаўна яшчэ зусім новым, фарбаваным у чорнае, які няблага паслужыў яму ў гэтую сцюжу. Без кажушка ён, мабыць, прапаў бы. А так і лёгка і сугрэўна, і надзець і прыкрыцца дзе на начлезе; дзякуй дзядзьку Ахрэму - не пашкадаваў, аддаў. Хоць, вядома, у Ахрэма былі свае на тое прычыны, і галоўная з іх, безумоўна, датычыла Зосі, якая - гэта ён ведаў пэўна - сэрцам надта ўжо прыкіпела да яго. Але што ж... Хіба каб не вайна. Зрэшты, каб не вайна, дзе б ён спаткаў тую Зосю? Якім чынам старшына стралковае роты Рыбак мог апынуцца ў той Карчоўцы - маленькай глухаватай вёсцы пры лесе? Мабыць, і не завітаў бы ніколі, хіба што праехаў бы калі па бальшаку на асенніх манеўрах, і толькі. А тут быў змушаны. Уначы прыстыргікаў з параненай нагой, тоўста абкручанай скрываўленай нацельнай сарочкай, папрасіўся ў хату - баяўся: удзень пачнуць ездзіць немцы і хутка падбяруць яго, аднаногага. Толькі развіднела, яны і сапраўды пачалі гойсаць на матацыклах і конна па ўчарашнім полі бою, заваленым трупамі, ды ён у той час ужо быў прыхаваны ў пуньцы пад кучай гарохавін. Ахрэм і Зоська пільнавалі яго ўдзень і ўночы і - збераглі. А пасля наўкруг стала ціха, прыйшла і асталявалася новая ўлада, не стала нават чутно артылерыйскага гулу ўначы: было надта тужліва. Здавалася, усё ранейшае, дзеля чаго ён жыў і стараўся, чаго дасягнуў сваёй рупнасцю, назаўжды рухнула. Дужа горка яму было ў той час, і тады адзінай уцехай у яго патайным вясковым жыцці стала пульхненькая ласкавая Зоська. Ды ненадоўга.

Перейти на страницу:

Похожие книги