Аказваецца, наперадзе ўжо адчыніліся новыя дзверы ў цемру. Рыбак праціснуўся каля Дзёмчыхі, угнуў галаву і апынуўся на парозе нейкай затхлай, смярдзючай каморкі. Ён нічога не бачыў тут, маленькае акенца слепа свяціла пад столлю, унізе быў змрок. У нос шыбала чымсь кіслым, нясвежым, цяжкім для грудзей, і ён спыніўся, не ведаючы, куды ступіць ад дзвярэй.
Ззаду тым часам бразнуў засоў, Дзёмчыха асталася з паліцаямі, і нечы голас там запытаўся:
- А бабу куды? У вуглавую?
- Давай у вуглавую.
- Штось пуста сёння?
- Немцы ўчора разгрузілі. Адно жыдзянё асталося.
Яны адышліся, недзе непадалёк забразгаў засоў, і тады ён, трохі ўжо абвыкшыся ў змроку, згледзеў яшчэ некага ў куце. Заняты чымсьці сваім, чалавек варушыўся-корпаўся, не то распранаўся, не то слаў пад сябе адзежыну - мусіць, рыхтаваўся легчы. Цьмянае акенца амаль не свяціла на яго месца, толькі сівая галава чалавека ды плечы то з'яўляліся, то прападалі ў рэдзенькім сейве святла.
- Сядайце, чаго ж стаяць. Стаяць ужо няма чаго.
Рыбак здзівіўся і нават міжвольна ўзрадаваўся: голас старога здаўся знаёмы, і ён тут жа ўспомніў: стараста! Ну так і ёсць, у куце варушыўся іх начны знаёмы, лясінаўскі стараста Пётра.
- І вы? - вырвалася ў Рыбака.
- Ды во, папаў. Авечку ж апазналі, ну і...
«Так, так», - стукала ў галаве недарэчная думка, хоць усё ўжо было зразумела. Дзіўна, але ён толькі цяпер успомніў тую злашчасную авечку і толькі цяпер з недаравальным спазненнем падумаў, чым яна можа абярнуцца яе гаспадару.
Але там што ён мог зрабіць?
- А пры чым тут вы? Мы ж яе забралі, - трошкі фальшыва здзівіўся Рыбак.
Стараста нешта разаслаў ля сябе, ды не лёг, а ўсеўся спіной да сцяны. Цяпер ён амаль увесь мясціўся ў змроку, відаць былі толькі сагнутыя яго калені.
- Як сказаць. Калі забралі, дык трэба было далажыць. А я... Ды цяпер што ж! Цяпер ужо ўсё роўна...
«Цяпер, мусіць, сапраўды ўсё роўна, цяпер позна ўжо меркаваць наконт авечкі, - падумаў Рыбак. - Цяпер ужо ўсё ясна».
Не расшпільваючы кажушка, ён паныла апусціўся на зляжалую саламяную падсцілку і таксама прыхінуўся плячамі да сцяны. Было невядома, што рабіць далей, ды апроч як чакаць, тут наогул рабіць нічога не выпадала. Толькі цяпер ён адчуў, што здорава замарыўся за ноч, гарнула на сон, але думкі трывожна таўкліся ў галаве. Апынуўшыся тут са старастам, ён падумаў, што няблага было б, згаварыўшыся, адмаўляць іхні заход у Лясіны - хай бы стараста сказаў, што прыходзілі не яны - другія. Старасту ўсё роўна, на каго ўказваць, а ім бы, мусіць, была ў тым палёгка. Якой-небудзь віны або нават няёмкасці ў адносінах да гэтага Пётры Рыбак не адчуваў ні на кроплю - ці першы раз такім спосабам яму даводзілася здабываць харч? Зноў жа - узялі ўсяго толькі авечку і не ў якой чырвонаармейскай кабеты, а ў самога старасты. Тут ён быў зусім спакойны і не мог сцяміць, як гэта атрымалася, што стары не зваліў усяе віны на заходжых і даў сябе так недарэчна засадзіць у гэты смярдзючы склеп.
Мінула гадзіна ці болей, Сотнікаў не вяртаўся, і Рыбак не без кароткага шкадавання падумаў: можа, яго там і прыбілі? Размаўляць тут яму ні пра што не хацелася, настрой быў самы прыгнечаны. Ён адчуваў, што вось-вось павінны прыйсці па яго, і тады пачнецца самае горшае. Ён усё думаў, прыкідваў і так і гэтак, каб як абхітрыць паліцыю, выкруціцца або хоць адцягнуць кару. Каб адцягнуць кару, мусіць, быў адзін сродак - расцягнуць следства (усё ж якое-ніякое павінна быць следства). Але тады трэба знайсці важкія факты, такія, каб зацікавіць паліцыю; бо калі тая вырашыць, што ўсё ясна, тады ўжо трымаць іх не стане. Тады ім канец.
У склепе было ціха і сонна, толькі аднекуль знадворку чуліся галасы, тупат ног у будыніне. Часам тупат быў надта густы, як ад крокаў мноства людзей, штось там прыглушана грукала і далятаў голас-лаянка. Тупат гэты жыва нагадаў Рыбаку пра Сотнікава, які недзе адзін там сярод такой зграі. Пры думцы аб напарніку ў Рыбака пакутна сціснулася ўнутры - той самы лёс чакаў і яго. Але ён стараўся не надта паддавацца паныласці, куды важней было надумаць, як апраўдацца перад паліцыяй, каб выратавацца ад смерці і, можа, яшчэ і пасабіць Сотнікаву.
Але, мусіць, тое было няпроста.
З высокага, чымсь застаўленага знадворку квадратнага акенца цадзілася рэдзенькае святло, яно напаўняла камеру прывіднай шэрасцю, у якой выразна былі відаць толькі святлявы лапік затаптанай саломы ды нагнутая сівая галава старасты пад акном. Той нерухома сядзеў ля сцяны, аддаўшыся сваім, мусіць, таксама невясёлым думкам.
- Казалі, там нехта паліцыянта ўначы параніў, невядома, ці будзе жыць, - пасля доўгага маўчання сказаў-намякнуў стары.
Рыбаку тое раненне не было навіна, але ён проста забыўся пра яго і цяпер, пасля напамінку старасты, затрывожыўся яшчэ болей. Аднак размову перавёў на іншае.
- Вас ужо бралі наверх? - запытаў ён з нясмелай надзеяй, што чарга на допыт, можа, яшчэ не яго.
Але стараста тут жа і разбурыў гэту яго надзею.
- На допыт? А як жа! Сам Партноў дапрашваў.
- Які Партноў?
- Следчы іх.
- Ну і як? Здорава білі?