Стала ціха. Было толькі чуваць, як дзесь, нібы з рукамыйніка, капала вада і за сцяной бубніў нейкі голас. Сотнікаў, трываючы боль і задышку, марудна адольваючы слабасць, падняў галаву. У пакоі болей нікога не было, гэта трохі здзівіла. Ён з нечаканай надзеяй зірнуў на акно, але яно было моцна загароджана кратамі з самадзелкавых, прыбітых да вушака прантоў. Не, адсюль не ўцячэш! Зразумеўшы гэта, ён расслаблена апусціўся на падлогу, без цікавасці агледзеўся. Пакой меў звычайны казённы выгляд, здаваўся няўтульным і пуставатым, хоць тут быў засланы шэрай байкавай коўдрай стол, аблезлае крэсла за ім і лёганькае гнутае крэселка ля печы-галандкі, ад чорных круглых бакоў якой ішло густое, такое прыемнае цяпер цяпло. Але ззаду па падлозе цякла з дзвярэй сцюжа. Сотнікаў азябла скалануўся і, стрымліваючы стогн, патроху-памалу з асцярогай выцягнуў убок параненую нагу.
«Ну вось, тут усё і скончыцца! - журботна падумаў ён. - Дай толькі, Божа, стрываць!»
Ён разумеў, што падышоў да свае мяжы, свайго галоўнага рубяжа, а сілы ў яго было дужа мала. І ён найбольш непакоіўся, што можа не стрываць фізічна, - іншага ён не баяўся. Дыхнуўшы цёплага паветра, ён пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве, - самым прывязлівым кашлем, які дапякаў яму другі дзень. Так кепска ён даўно ўжо не кашляў, мабыць, з дзяцінства, калі сваёй прастудай выклікаў нямала трывог у маці, якая бясконца перажывала за яго слабыя лёгкія. Але тады нічога не здарылася, ён перарос хваробу, дажыў да дваццаці шасці год. А цяпер што ж - цяпер здароўе ўжо не мела для яго вялікага значэння. Цяпер было важна іншае.
Праз кашаль ён не пачуў, як у пакоі з'явіўся яшчэ нехта, ён толькі ўбачыў боты, не дужа новыя, але дагледжаныя, з падбітымі наскамі і дбайна наваксаванымі халявамі. Сотнікаў падняў голаў.
Насупраць стаяў немалады ўжо мужчына ў цёмным цывільным пінжаку пры гальштуку, павязаным на нясвежую, у палоску кашулю, у ладных, вайсковага крою брыджах. У паглядзе яго маленькіх, але надта пільных вочак было нешта гаспадарскае, спакойнае, у меру заклапочана разважлівае; пад носам тапырылася шчотачка коратка падстрыжаных вусікаў - як у Гітлера. «Будзіла, ці што?» - падумаў Сотнікаў, хоць нічога з таго пагрозліва-звераватага, якое паліцаі прыпісвалі гэтаму чалавеку, у ім не было зусім. Аднак адчувалася, што гэта начальства, і Сотнікаў сеў на падлозе трохі раўней, наколькі гэта дазваляла яго балючая нага.
- Гэта хто вас? Гаманюк? - запытаў чалавек стрыманым начальніцкім тонам.
- Стась ваш, - з неспадзяванай ноткай скаргі сказаў Сотнікаў, тут жа, аднак, пашкадаваўшы, што не стрымаў незалежнасці тону.
Начальнік рашуча расчыніў у калідор дзверы.
- Гаманюка ка мне!
Кашаль у Сотнікава пакрысе суняўся, была толькі слабасць, і надта нязручна было апірацца на звязаныя рукі. Ён пакутаваў, не зусім разумеючы сэнс заступніцкага намеру гэтага чалавека. Тым не менш праз паўхвіліны ў пакой уваліўся той самы Стась і з падкрэсленай услужлівасцю стукнуў абцасамі сваіх франтаватых ботаў.
- Слухаю вас!
Гаспадар пакоя набычыў велікаваты для яго тхарынага тварыка выпуклы, з глыбокімі залысінамі лоб.
- Што такое? Пачаму зноў грубасць? Пачаму на пол? Пачаму без мяне?
- Вінават! - як дураслівы, варухнуў локцямі і яшчэ больш выцягнуўся Стась.
Але па той бяздумнай стараннасці, з якой ён рабіў гэта, таксама як і па бясстраснай строгасці яго начальніка, Сотнікаў адразу западозрыў, што перад ім пачынае разыгрывацца бяздарны імправізаваны фарс.
- Хіба такая была інструкцыя? Так нас вучыць германскае камандаванне? - нібы крывымі цвікамі да падлогі, прыбіваў ён паліцая сваімі пытаннямі, а той з фальшывай бояззю толькі пяў грудзі.
- Вінават! Болей не буду! Вінават!
- Да палонных належаць адпаведныя адносіны. Нямецкія ўлады гатовы шанаваць тых, хто сам здаўся...
Не, годзе! Як нямецкія ўлады шануюць палонных, Сотнікаў ужо ведаў, і не стрымаўся, каб не разбурыць усёй гэтай наіўнай самадзейнасці.
- Дарма стараецеся!
Паліцэйскі трохі паспешліва павярнуўся, азадачана нахмурыў лоб.
- Што вы сказалі?
- Што чулі. Развяжыце рукі. Я не магу так сядзець.
Паліцэйскі нешта разважыў, свідруючы яго насупленым позіркам, але, мусіць, зразумеў, што баяцца няма чаго, і сунуў руку ў кішэню. Падчапіўшы кончыкам нажа тры столкі супоні, ён адным махам перарэзаў яе і схаваў нож. Сотнікаў разняў набрынялыя рукі, на запясцях якіх чырванелі рубцы.
- Што яшчэ?
- Піць! - сказаў Сотнікаў. Ён рашыў, пакуль ёсць магчымасць, пакарыстацца паблажлівасцю гэтага чалавека, каб пасля ўжо трываць.
Паліцай кінуў Гаманюку:
- Дай вады!
Той выскачыў у калідор, а паліцай зайшоў за стол і нетаропка ўмясціўся ў сваё крэсла. Увесь час ён паводзіў сябе падкрэслена стрымана, нібы таіў штось важнае для арыштанта. Позірк яго вострых, чымсь заклапочаных вачэй амаль не сыходзіў з Сотнікава.
- Можаце сесці на стул.