Читаем Сотнікаў полностью

З дапамогай рук Сотнікаў перабраўся да крэсла і прысеў там, адставіўшы ўбок нагу. Хоць трошкі, ды стала зручней, так ужо можна было трываць. Ён уздыхнуў і паглядзеў за печ, у кут ля акна, не адразу зразумеўшы, што шукае не што іншае, як прылады катавання - мусіць жа, яны павінны тут быць. Але нічога здатнага для таго тут не было відаць. Між тым адносіны яго з гэтым паліцаем перайшлі за мяжу ўмоўнасці. Сотнікаў адчуваў: паколькі гульня не ўдалася, неўзабаве пачнецца размова па сутнасці, якая абяцала мала прыемнага. І ён стараўся сабраць свае сілы, падрыхтавацца ўнутрана, каб вытрымаць да канца.

Тым часам Стась Гаманюк прынёс кварту вады, падаў Сотнікаву, і той выпіў усю. Паліцай з-за стала падазрона сачыў за кожным ягоным рухам, нешта ўсё разважаў ці, можа, стараўся што адгадаць.

- Ну, пазнаёмімся, - даволі міралюбна сказаў ён, калі Стась выйшаў. - Маё прозвішча Партноў. Следчы паліцыі. Вось так.

- Маё вам нічога не скажа.

- А ўсё ж?

- Ну Іваноў, дапусцім, - сказаў Сотнікаў праз зубы - балела нага.

- Не настойваю. Хай будзе Іваноў. Так і запішам, - пагадзіўся следчы, хоць нічога і не запісваў. - З якой банды?

Ого, так адразу ўжо і пра банду? Перш чым адказаць на такое больш чым непрыемнае пытанне, Сотнікаў памаўчаў. Партноў, свідруючы яго позіркам, узяў са стала запэцканы чарнілам драўляны прэс, пакруціў у руках. Сотнікаў невідушча пазіраў на яго пальцы і не ведаў, як лепш: гуляць у паддаўкі ці адразу адмовіцца ад паказанняў, каб не блытацца ў хлусні. Тым болей што ў хлусню гэту, мабыць, не надта павераць.

- А вы думаеце, я вам скажу праўду?

- Скажаш, - проста і з такой натуральнай упэўненасцю сказаў следчы, што Сотнікаву стала не па сабе, і ён спадылба запытальна паглядзеў на паліцэйскага. - Скажаш!

Пачатак не абяцаў нічога добрага. На гэта пытанне ён, вядома, адказваць не будзе, але і іншыя, мабыць, не будуць лягчэйшыя. Следчы чакаў, гуляючы з прэсам. Рухі ягоных рук былі спакойна-ўпэўненыя і неспяшлівыя, аднак гэтаю самай неспяшлівасцю і выдавалі стоеную да пары напружанасць. Дзіўна, што з выгляду ён быў зусім мала падобны на ката-следчага, які меў на рахунку, відаць, не адно загубленае жыццё, а хутчэй нагадваў сціплага сельскага служачага. І ўсё ж нешта ў ім таілася невядомае, загадкавае і страхавітае. Сотнікаў чакаў, калі яно выбухне з лютасцю, ён толькі не ведаў, за якім пытаннем здарыцца тое.

- Якое мелі заданне? Куды ішлі? З якога часу ў вас агентам гэтая жанчына?

- Ніякі яна не агент. Мы выпадкам зайшлі ў яе хату, узлезлі на гарышча. Яе і дома ў той час не было, - знешне спакойна растлумачыў Сотнікаў.

- Ну вядома, выпадкам. Так усе гавораць. А да лясінаўскага старасты вы таксама зайшлі выпадкам?

Ага, во як! Значыць, ужо дазналіся і пра старасту? Хаця данёс, мабыць, у той самы вечар. Пашкадавалі, называецца, - з непрыемнасцю падумаў ён пра старасту. Аднак выходзіла, што паліцаі ведалі пра іх куды больш, чым яны на тое разлічвалі, і Сотнікаў на хвіліну сумеўся. Мусіць, гэта быў разлічаны ход у допыце. Следчы са з'едлівасцю на твары адзначыў дасягнуты ім эфект, кінуў свой прэс і закурыў. Пасля акуратна прыбраў са стала партабак, запальнічку, крошкі тытуню здзьмухнуў на падлогу. Праз дым уважліва паглядзеў на яго, чакаючы адказу.

- Да, выпадкам, - пасля паўзы цвёрда сказаў Сотнікаў.

- Не арыгінальна. Вы ж разумны чалавек, а хочаце выехаць на такой прымітыўнай хлусні. Трэ было б прыдумаць нешта хітрэйшае. Гэта ў нас не пройдзе.

Не пройдзе, мабыць, так. Але чорт з ім. Быццам ён спадзяваўся, што пройдзе. Ён наогул ні на што не спадзяваўся. Было толькі шкада няшчаснае Дзёмчыхі, якую невядома як было выгарадзіць.

- Вы можаце зрабіць з намі што хочаце, - стараючыся як мага памяркоўней, сказаў Сотнікаў. - Але не чапайце жанчыны. Проста яе хата аказалася з краю. А я не мог ісці далей.

- Дзе паранены?

- У нагу.

- Я не пра тое. Дзе, у якім раёне?

- У лесе. Два дні назад.

- Не пройдзе, - гледзячы ва ўпор, заявіў следчы. - Заліваеце. Не ў лесе, а на бальшаку гэтай ноччу.

Чорт! Ведае пэўна ці ловіць? - апанурыўся Сотнікаў. Але як жа трымацца далей? Няўдала схлусіш у дробязях - не павераць і ў праўду. А праўду пра Дзёмчыху вельмі неабходна было давесці гэтаму прыслужніку, ды ён адчуваў, што давесці яе будзе цяжэй, чым якую хлусню. Сітуацыя ў самым пачатку складвалася самым найгоршым чынам.

- А калі я, напрыклад, пацверджу, вы адпусціце жанчыну? Вы можаце гэта абяцаць?

Вочкі следчага са злосцю, здаецца, пранізалі Сотнікава.

- Я вам нічога не абавязаны абяцаць. Я задаю пытанні, а ваш абавязак адказваць.

Значыць, не ўдасца, паныла думаў Сотнікаў. Вядома, са сваіх рук яны нікога не выпускаюць. Знаёмая завядзёнка. Тады, мабыць, прапала Дзёмчыха.

- Нізашто пагубіце жанчыну. А ў яе трое малых.

- Губім не мы. Губіце вы! Вы яе ў банду ўцягнулі. Чаму тады не думалі пра дзяцей? - жорстка дакараў следчы. - А цяпер позна. Вы ведаеце законы вялікай Германіі?

Перейти на страницу:

Похожие книги