Яны ўязджалі ў мястэчка. Дарога ішла між прысадаў - два рады крывых вербаў стылі абапал гасцінца, пасля пачалася вуліца. Было ўжо не рана, але сям-там дымілі каміны, невысока пад заінелымі стрэхамі ў марознай смузе вісела зімовае сонца. Наперадзе цераз вуліцу таропка перайшла кабета з каромыслам на плячах. Адышоўшыся па сцежцы да дома, прыпынілася, пільна паглядзела на гэтыя двое саней з паліцаямі. У двары насупраць выскачыла з хаты проставалосае, у галёшах на голых нагах дзяўчо, пляснула на снег памыямі, таксама зыркнула на дарогу і хуценька схавалася ў дзвярах. Недзе гаўкаў сабака, мітусіліся вераб'і ў голым галлі дрэў. Тут ішло сваё - трывожнае, палахлівае, але ўсё ж мірнае жыццё, якога даўно не ведалі, а цяпер ужо ніколі не ўведаюць яны.
Сані пераехалі масток і каля драўлянага двухпавярховага дома павярнулі ў бакавую вулічку. Мусіць, яны пад'язджалі. Як ні дзіўна, Сотнікаву хацелася як найхутчэй прыехаць, ён пакутна намёрзся на ветры ў полі; паселішча, як заўжды, абяцала які-ніякі прытулак, хоць гэты раз, вядома, прытулак іх не парадуе. Але ўсё роўна карцела хутчэй у якое памяшканне, каб хоць трохі сагрэцца.
Яшчэ здаля Сотнікаў угледзеў вароты і ля іх паліцая ў кажусе з вінтоўкай, побач месцілася ладная цагляная дамоўка, пэўна - колішняя крама ці якая ўстанова, з чатырма закрачанымі вокнамі. Калі яны пад'ехалі бліжэй, паліцай закінуў за спіну вінтоўку і расчыніў вароты. Абое саней уехалі на даволі прасторны, ачышчаны ад снегу двор са старой абгрызенай конавяззю, нейкім хляўком і дашчанай шпакоўняю-прыбіральняй у куце. На ганку з'явіўся яшчэ адзін паліцай - франтаваты малады хлапец у нямецкім кіцелі з белай павязкай на рукаве.
- Прывезлі?
- А то як жа! - ахвотна азваўся Стась. - Мы ды каб не прывезлі. Во, прымай галубчыкаў!
Ён лёгка саскочыў з саней, паддаў локцем вінтоўку - тут ужо ў ёй не было пільнай патрэбы, тут не ўцячэш. Пакуль возчык і Рыбак вылазілі з саней, Сотнікаў паныла аглядаў будыніну, дзе, мяркуючы па ўсім, ім хутка давядзецца сербануць ліха: мураваныя сцены, высокі ганак з паддашкам, крутыя прыступкі ў склеп. Адно з закрачаных вокнаў было пабіта, а ніжнія шыбы застаўлены жоўтымі фанерынамі з абрыўкамі нейкага гатычнага надпісу. Усё тут было прыбрана, падмецена. Тым часам паліцай у кіцелі дастаў ключ і па сходках пайшоў уніз да дзвярэй пад ганкам - там на пагрэбчыку віднеўся здаравенны вісячы замок з перакладзінай.
- Давай усіх сюды!
Ужо ўсе павылазілі з саней - Стась, Рыбак з возчыкам, воддаль паліцаі з тых развальнёў і Дзёмчыха, ад выгляду якой у Сотнікава жаласна сцялася сэрца: яе за што? Са звязанымі ззаду рукамі яна згорбілася, угнулася, хусцінка спаўзла на патыліцу, а ў роце дзіка і недарэчна ўсё тырчала суконная рукавіца - відаць, яны не спяшаліся вызваляць яе ад гэтага кляпа.
Сотнікаву аднанож было горш выбрацца з саней; як ні павярніся - заходзілася болем нага. Трываючы той боль, усё ж вылез на снег і трохі скокнуў каля саней. Ён знарок прычакаў Дзёмчыху і, калі тая параўнялася з ім, унікаючы яго позірку, падняў абедзве звязаныя рукі і рвануў за рукавіцу.
- Ты што? Ты што, чмур?! - гыркнулі ззаду, і ў наступнае імгненне ён паляцеў тварам на снег, збіты лютым ударам нечага бота.
Боль у назе абцугамі сцяў яго адчуванне, ён сашчаміў зубы, але не здзівіўся і не пакрыўдзіўся - ён прыняў гэты ўдар як заслужаны. Пакуль ён, кашляючы, узграбаўся на адно калена, недзе побач абурана гудзеў знаёмы бас старшага паліцая:
- Ах ты, вырадак камісарскі! Бач - самаўпраўца! Ану, цягні яго ў штубу! Да Будзілы яго!
Аднак ззаду, выкрыкваючы праклёны Гітлеру, залямантавала Дзёмчыха, і яны там усе разам накінуліся на яе. У іх злоснай хватцы і ў галасах адчувалася набрынялая злая варожасць, якая кожную секунду гатова было выбухнуць з усёй сваёй лютасцю. Тут, вядома, было яшчэ горш, чым там, дзе іх узялі, або ў дарозе, тут на поўную сілу даваў сябе знаць крыважэрны фашысцкі орднунг. Чалавек тут пераставаў быць чалавекам і ператвараўся ў часова жывую істоту, пазбаўленую права і цалкам аддадзеную ва ўладу гэтае банды наймітаў. Апеляваць да справядлівасці ці сумлення тут было бескарысна.
Усё той лёгкі на падхваце Стась падскочыў да яго, дужа хапіў пад паху, тузануў; ён зноў упаў голымі звязанымі рукамі на снег, але бяздушная сіла гэтага паліцая падхапіла-павалакла яго да ганка, пхнула ў дзверы.
Ратуючы хворую нагу, ён дужа ўдарыўся плячом аб вушак. Стась адным дыхам правалок яго па калідоры, шырока расчыніў яшчэ нейкія дзверы і дужым рыўком кінуў на затаптаную, у мокрых слядах падлогу. Сам жа на развітанне вылаяўся, пнуў яго ботам і з сілай грукнуў дзвярыма.