Читаем Сотнікаў полностью

Па той самай сцяжынцы ўздоўж плота яны выехалі на дарогу і павярнулі паўз могілкі. Сотнікаў уцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да аўчыннае спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Развальні тузаліся пад імі, палазы часам заносіла ўбок. Стась ззаду, чуваць было, лузгаў і пляваўся сваімі семкамі... Мусіць, іх везлі ў паліцыю або СД - значыць, спакойнага часу асталося надта мала - трэба сабрацца з душэўнымі сіламі, падрыхтавацца да яшчэ большых пакут. Вядома, яны не скажуць ім праўды, хоць таго, што яны з лесу, відаць, утаіць не ўдасца, але каб хоць выгарадзіць Дзёмчыху. Бедная цётка! Бегла дадому і не сніла, не ведала, што яе чакае там. Цяпер яна нешта ўсё крычала ззаду, сварылася і плакала, звераваты паліцай лаяўся на яе - брыдка, са смакам і з намерам як найбольш дапячы жанчыну. Але Дзёмчыха таксама не аставалася ў даўгу.

- Звяры! Фашысты! Куды вы мяне везяцё? Там дзеці! Дзетачкі мае родненькія, залаценькія мае! Гэлечка мая, як жа ты будзеш...

- Трэ было раней думаць!

- Ах ты, погань нячыстая! Ты мяне папракаеш яшчэ, запраданец нямецкі! Што я зрабіла вам?

- Бандытаў хавала.

- Гэта вы бандыты, а тыя як людзі: зайшлі і выйшлі. Што я знала, што яны на гарышча ўзлезлі? Што я - сваім дзіцям на загубу? Гадаўё вы паганае! Гітляроўскае!

- Маўчаць! Бо кляп усаджу!

- Каб табе кол усадзілі, нячысцік!

- Так! Стась, стой! - гукнулі з задніх саней, і абое сані спыніліся, не даязджаючы дзвюх тоненькіх бярозак, што пагойдваліся на ветры ў кусце лазняку за канавай. Рыбак і возчык цікаўна азірнуліся, а Сотнікаў толькі сцяўся нутром, чакаючы чагось абразлівага і страшнага. І сапраўды Дзёмчыха неўзабаве закрычала, затузалася, сані ззаду скрануліся на дарозе, рыпнуў хамут, і нават конь неспакойна пераступіў на снезе. Потым усё сціхла. Стась саскочыў быў з развальнёў, ды хутка зноў задаволена паваліўся на сваё месца.

- Хе! Рукавіцу ў зяпу - не крычы, шалёная баба!

Сотнікаў з натугай павярнуў галаву і апынуўся твар у твар з канваірам.

- Падлюгі!

- Ты, заступнік! Адвярні нюхаўку, а то красную юшку спушчу!

Паліцай зрабіў страшны выраз твару, вочы яго нядобра схаладнелі, зрэнкі патанулі ў іх некуды ўглыб. Але Сотнікаў ужо ведаў, з кім мае справу, і з выклікам і непрыкрытай варожасцю вытрымаў гэты позірк.

- Спрабуй, гад!

- Ха, пагражае! Ды знаеш - я цябе зараз шпокну і атвячаць не буду! Гэта табе не Саветы!

- Шпокні! Зрабі ласку.

- А то слабо? - Паліцай узяўся за затвор вінтоўкі, але толькі пырануў ствалом у грудзі і вылаяўся.

Сотнікаў нават не міргнуў - ён ужо не баяўся гэтага вылюдка. Ён ведаў, што на яго нахабства трэба адказваць такім жа нахабствам - гэтыя людзі разумелі абыходжанне толькі ў іх тоне. Самая малая прыкмета страху, залежнасці адзывалася ў іх звыклай рэакцыяй драпежніка перад безабароннай ахвярай.

- Жанчына ні пры чым, запомні, - сказаў ён з разлікам - не так для паліцая, як для Рыбака: каб той зразумеў, што трэба казаць на допытах. - Мы без яе залезлі на хату.

- Будзеш бабцы байкі баіць! - заківаў галавой Стась і апусціў вінтоўку. - Нябось Будзіла з цябе ўсё выцягне. З вантробамі вырве.

- Пляваць мы хацелі на таго Будзілу.

- Чакай, паплюешся!

«На якога д'ябла ён задзіраецца з ім?» - раздражнена думаў Рыбак, слухаючы злосную сварку Сотнікава з паліцаем.

Іх везлі дарогай, якой уранку яны пляліся да вёскі, толькі цяпер поле не здавалася такім доўгім і паныла-раўнінным, конік ладна варушыў нагамі, пасцёбваючы па санях жорсткім валассём хваста. Рыбак з прыкрасцю адзначыў, што яны едуць хутка, і яму з усяе сілы хацелася запаволіць язду, адчувала яго душа - гэта апошнія гадзіны на волі з яе апошняй магчымасцю ўцячы, болей такой не будзе. Ён праклінаў сябе за неасцярогу, за тое, што так бязглузда ўзлез на тое гарышча, што не абышоў за вярсту той крайняй хаты - колькі яму ўжо было навукі не совацца да крайняй, у якую заўжды лезлі і немцы. Ён не мог дараваць сабе таго, што яны гэтак неабдумана забрылі ў тую злашчасную вёску - лепш бы пераднявалі дзе ў хмызняку. Наогул з самага пачатку гэтага задання ўсё пайшло не так, наперакос, калі ўжо цяжка было і спадзявацца на ўдалы канец. Але таго, што здарылася, проста немагчыма было прадбачыць.

Зрэшты, усё праз Сотнікава. Тое незадаволенне напарнікам, якое ўвесь час прабівалася ў ім і якое ён намаганнем волі збольшага глушыў у сабе, цяпер ужо заглушыць было нельга. Рыбак ужо выразна разумеў, што, калі б не Сотнікаў, не яго прастуда, яны б напэўна дайшлі ўжо да лесу. Ва ўсякім разе, паліцаі б іх не ўзялі. У іх былі вінтоўкі - можна было пастаяць за сябе. Але калі цябе загналі на гарышча, а ў хаце куча дзяцей, тады ўжо з вінтоўкай не дужа разгонішся.

Рыбак коратка вылаяўся ад прыкрасці, жыва ўявіўшы сабе, як нецярпліва іх чакаюць у лесе, даядаючы апошнія крошкі з кішэняў. Напэўна, думаюць, што яны гоняць карову і таму так забавіліся. Вядома, можна было б і карову... Ніколі яшчэ ён не падводзіў таварышаў і не трапляў у гэткі тупік сам, бо меў на плячах цвярозую галаву. Дагэтуль яму шанцавала.

Перейти на страницу:

Похожие книги