Хвіліну яны, замёршы, ляжалі, ледзь утаймоўваючы дыханне. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Ледзьве спраўляючыся з дыханнем, Рыбак з усяе сілы стараўся згадаць па тым, што ўбачыў: ішлі яны менавіта па іхніх слядах ці так проста кіравалі ў вёску. Калі па слядах, тады, вядома, будуць шукаць. Тады наўрад ці ім тут адлежацца. У грудзях Сотнікава рыпела-гуло, гэта перашкаджала слухаць, яны абодва змярцвелі, стараючыся як мага болей учуць. Галасы былі ўжо так блізка, што іх узяў жах - немцы загаварылі з Дзёмчыхай.
- Прывет, фрава! Як жысць?
То былі паліцаі, гэта было зразумела з першага іх слова, яны пратупалі па падворку, здаецца, накіроўваючыся да ганка. Дзёмчыха чагось маўчала, і Рыбак стаіўся ў чаканні, з усяе сілы прагнучы, каб прайшлі міма.
- Што маўчыш? Заві ў госці, - глухавата пачулася на гарышчы.
- Хай вас на могілкі завуць, такіх гасцей.
«Э, не трэба так, - пранеслася ў галаве Рыбака. - Нашто ты задзіраешся!» Пільна слухаючы, ён балюча перажываў грубыя словы гаспадыні і баяўся, што яна дастукаецца ўрэшце бяды.
- Ого! Ты што, недавольна?
- Давольна. Радуюся, а як жа?!
- То-та! Гарэлка ёсць?
- А ў мяне хіба крама?
- А закусь! Ану-ка, гані пару кілбас!
- Ого, чаго захацелі!! З ката я іх вам нараблю? Падсвінка забралі, а цяпер кілбас ім!
- Во як ты нас спатыкаеш! - з'едліва заскрыпеў другі голас. - Партызан дык нябось і смятанкай карміла б!
- Мае дзеці смятаны паўгода не бачылі.
- Так мы табе і паверым!
Ну, вядома, нельга было так злосна і сварліва абыходзіцца з імі, вось яны і не прайшлі міма - іх важкія крокі затупалі ўжо ў сенцах, але, здаецца, дзверы ў хату яшчэ не адчыняліся, і Рыбак аж пахаладзеў ад нечаканага і такога простага цяпер меркавання: а раптам палезуць на гарышча шукаць кілбас? Ды не, пакуль што загрукала ў сенцах, - мусіць, адкінулі века ў скрыні, пасля застукала нешта драбнейшае, нешта ўпала на дол і пакацілася з гучным бляшаным лязгатам. Баючыся скрануцца, Рыбак ціха ляжаў за пакуллем, скоса пазіраючы на змрочны, у павуцінні, бок кроквы з адсталай карыной і думаў: не, прыйшлі не па іх. Шукаюць спажывы - звычайны паліцэйскі занятак у вёсцы, а на могілках, мусіць, пост-засада - будуць пільнаваць дарогу.
Яны яшчэ не скончылі свайго груку ў сенцах, як Сотнікаў побач ненатуральна выпнуўся, спіна яго выгнулася, у грудзях нешта ліхаманкава захадзіла, і Рыбак ажно спалохаўся, што кашляне. Ды ён не кашлянуў, неяк стрымаўся, сціх, а яны там, унізе, ужо бразгалі клямкай, і вось ужо іхнія галасы прыглушана данесліся з хаты.
- Дзе гаспадар? У Маскоўшчыне?
- А я скуль ведаю?
- Не ведаеш? Затое мы ведаем. Стась, скажы, дзе яе мужык?
- Ды, пэўна ж, у войску.
- О, сука, скрывае! Ану, улупі ёй!
- А-яй! Гадаўё вы! - закрычала Дзёмчыха. - Каб вам скруцянець да вечара! Каб вашыя вочы груганы паклявалі! Каб вы дзяцей сваіх не ўбачылі!..
- Ах, во як! Стась!
Невядома, што яны зрабілі з ёй, але ў хаце жахліва закрычала дзятва, загаласіла дзяўчынка, і раптам з напятых грудзей Сотнікава бухнуў кашаль. Бухнуў толькі адзін раз, але ў Рыбака аж пацямнела ўваччу, рукі самі шаснулі ў пакуллі да рота Сотнікава, але той бухнуў і яшчэ. У хаце ўраз усё змоўкла, нібы ўсе выскачылі з яе. Рыбак спазнела сцяў Сотнікаву сківіцы, і той скурчыўся ў сутаргавай нутраной патузе.
- Хто там? - урэшце пачулася з хаты.
- Ды ніхто. Кот у мяне там, прастуджаны, ну, кашляе, - чуваць было, спалохана загаманіла Дзёмчыха, ды яе не надта ўпэўненыя словы, мусіць, нікога не пераканалі.
- Стась! - уладна скамандаваў гучны разлютаваны голас.
Рыбак зацяў дыханне на выдыху, выразна адчуваючы, што вось-вось усё загіне. Мусіць, трэба было абараняцца, страляць, хай бы і яны пагінулі, але невядома адкуль з'явілася апошняя надзея на цуд, падумалася: а раптам пашанцуе, не знойдуць. Ён разумеў, што гэта кволая надзея - сястра роспачы, але іншай у іх не асталося, і ён з усяе сілы прагнуў, каб яна спраўдзілася.
Чуваць было, як паліцэйскія з грукатам статка выскачылі ў сенцы, люта бразнулі аб сцяну дзверы, на гарышчы пад страхой адразу пасвятлела. Над імі чорнаю хрыбцінай азначылася кроква з шызым дрыготкім шматком павуціння і ўваткнутым у салому ржавым сярпом. Некалькі невядома адкуль праніклівых на гарышча ценяў слізгала сюды-туды пад страхой.
- Драбіну! Давайце драбіну! - басавіта камандаваў звыклы загадваць голас.
- Няма драбіны, нікога там няма, чаго вы прычапіліся?
Дзёмчыха плакала.
Стук, удар у сцяну, шкрэбат ботаў па бёрнах і - зусім блізкі задыханы голас:
- Дык цёмна там. Нічога не відно!
- Што не відно? Лезь, я загадваю, туды т-тваю маць!
Зноў шкрэбат па сцяне, лапанне рук па верхнім бервяне сцяны, зморанае дыханне і нецярплівае знізу:
- Ну што?
- Зачапіўся неяк. Але цёмна.
- Крыкні!
- Эй, хто тут! Вылазь, а то зараз гранатай улуплю! - раздалося, здаецца, пад самай страхой. Але крокаў на столі не было чутна - мусіць, паліцай не адважыўся пералезці сцяну.
- Так ён табе і вылезе! - гуў знізу камандзірскі бас. - Схоў які ёсць?
- Ёсць бытта. Сена, ці што...
- Пырані вінтоўкай!
- Дык не дастану.