Читаем Сотнікаў полностью

Сотнікаў знерухомеў на лаўцы, мусіць, заснуў, а Рыбак перасеў у куток ля акна і стаў пазіраць з-за вушака на сцежку, каб адразу ўбачыць, калі хто будзе ісці на падворак. Ён трохі перабіў бульбай голад, рабіць яму тут ужо не было чаго, але і ісці не выпадала - трэба было чакаць. Мусіць, таму, ці яшчэ па якой прычыне, у ім пачала нарастаць прыкрасць, якая з цягам часу пераходзіла ў злосць, хоць злавацца быццам і не было на каго. Хіба на Сотнікава, які так вось прывязаў яго да сябе, што не адвяжашся: не мог жа ён пакінуць яго на гэтых дзяцей. Гаспадыня ж усё не вярталася, паслаць па яе ён не наважваўся - як было ў такой справе спадзявацца на нейкае дзевяцігадовае дзяўчо?

І ён сядзеў у кутку ля акна, невядома чаго чакаючы, прыслухоўваючыся да выпадковых гукаў знадворку. Па той бок загародкі паўставалі дзеці, чулася іх стоеная валтузня на ложку - часам на дзвярах адхіналася шырмачка, і ў шчыліну прасоўваўся мурзаты цікаўны тварык, але тут жа хаваўся зноў. Дзяўчынка крыкліва камандавала там імі, нікога не пускаючы з-за перагародкі.

Рыбак ужо да драбніц вывучыў сцежку за акном, рэшту разламанага плота пры ёй, ускраек неагароджаных могілак з калючым галлём хмызняку на мяжы. Выбітая і заткнутая шыбка ў акенцы няблага затуляла яго знадворку. На сырым гнілаватым падаконніку побач стаяла некалькі пустых брудных бутэлечак ад лякарства, валяўся клубок зрэбных нітак і змайстраваная з рыззя лялька, вочы і рот якой былі старанна намаляваны хімічным алоўкам. Побач за сталом задышліва стагнаў у сне Сотнікаў, якога трэба было ўладкаваць болей надзейна, але на тое патрэбна была гаспадыня. Усё болей нервуючыся ў няпэўным чаканні, Рыбак амаль з непрыязнасцю слухаў хваравітае дыханне таварыша і каторы раз думаў, што з напарнікам яму не пашэнціла. Рыбак быў нязлы чалавек, але, маючы неблагое здароўе, ставіўся да хворых трохі безуважна, часам проста не мог уявіць сабе, як гэта можна прастудзіцца, занемагчы, захварэць. Сапраўды, думаў ён, больш недарэчнага на вайне, як хварэць, нельга сабе і прыдумаць.

За час службы ў ім з'явілася грэблівае пачуццё да слабакоў, хварліўцаў, розных няўдак, якія па тых ці іншых прычынах чагось не маглі, не ўмелі, не выконвалі. Ён стараўся ўмець і выконваць усё. Праўда, да вайны ў чым-колечы было і цяжкавата, асабліва што датычыла палітпадрыхтоўкі - бракавала адукацыі, а галоўнае - ён не любіў кніжнай навукі, для якой патрэбны былі трыванне, стараннасць. Рыбаку болей па душы была жывая рэальная справа з усімі ўласцівымі ёй няўвязкамі і клопатамі. Відаць, таму ён тры гады праслужыў старшыной роты - характарам яго Бог не пакрыўдзіў, энергіі таксама хапала. У нейкім сэнсе на вайне яму аказалася лёгка, прынамсі проста: мэта барацьбы была відочная, а над іншымі тонкасцямі ён не шмат разважаў, бо ведаў - чым болей фашыстам шкоды, тым лепш. Дагэтуль увогуле шэнціла, найбольшыя хібы яго міналі; ён разумеў, што галоўнае ў іх партызанскай вайне - не разгубіцца, не спудлаваць, у час прыняць рашэнне. Калі лічыць правільным, што вялікі сэнс барацьбы ў тым, каб, змагаючыся за сваё жыццё, чыніць страты ворагу, дык ён меў усе падставы лічыць сябе ўдачлівым партызанскім байцом. Ва ўсякім разе, не горшым за іншых.

- Мамка, мамка ідзе! - раптам радасна завішчала дзятва за перагародкай, і ён убачыў на сцежцы жанчыну, якая хуценька бегла да хаты.

Даўгаватая спадніца, кажушок і хустка, якая таўставата абкручвала яе галаву, сведчылі пра не першую ўжо маладосць гаспадыні, але, мусіць, была яна яшчэ і не старая. Цікуючы за ёй, Рыбак трохі захінуўся за шула. Ад дзіцячага крыку за сталом прахапіўся Сотнікаў, чырвонымі са сну вачыма зірнуў на хату, але, згледзеўшы побач таварыша, зноў лёг на лаву.

Калі ў сенцах грукнулі дзверы, Рыбак адсунуўся ад акна на канец лаўкі і з робленым спакоем знерухомеў ля міскі. Трэба было як мага добразычлівей сустрэць яе, не напалохаць, не пакрыўдзіць чым - з ёй трэба было дамовіцца наконт Сотнікава.

Яна яшчэ не адчыніла ў хату дзвярэй, як з-за перагародкі сунулася дзятва: дзве дзяўчынкі асталіся пад адхінутаю шырмачкай, а гадоў пяці хлопчык, босы, у падраных, на шлейцы штоніках, кінуўся насустрач.

- Мамка, а ў нас палцізаны! Палцізаны во!

Яна памкнулася ўзяць яго, ды раптам выпрасталася - з недаўменным спалохам зірнула на незнаёмага за сталом.

- Здраствуй, хазяйка, - як мага прыветлівей сказаў Рыбак.

Але яна ўжо сагнала з твару здзіўленне, хуценька зыркнула на стол з пустой міскай, і ў яе позірку штось нездаволена перасмыкнулася.

- Здраствуйце, - холадна адказала яна, адхінаючы ад сябе малога. - Парцізаны!

- Ды во, як бачыце. Вас чакаем.

- Гэта якая ж у вас да мяне патрэба?

Не, тут штосьці не ладзілася, жанчына была яўна не настроена на той лад, які ёй прапаноўваў Рыбак, - нешта суровае, зласнаватае і нават сварлівае прабівалася ў яе голасе.

Перейти на страницу:

Похожие книги