Читаем Сотнікаў полностью

- Дык гэта, панімаеш... Можа, я цябе завяду, пагрэемся, а пасля...

Рыбак чагось змоўк, заклапочана паглядзеў у ранішняе поле, якое ўжо было відаць ва ўсю далячынь. Голас яго стаў трохі няпэўны, бы вінаваты, і Сотнікаў здагадаўся.

- Ну што ж! Я астануся.

- Да, знаеш, так будзе лепш, - прыкметна ўзрадаваўся Рыбак. - А мне трэба... Толькі дзе той лес, чорт ведае. Зблудзілі мы.

- Папытаць трэба.

- Папытаем... А ты, гэта, патрывай. Пасля, можа, пераправім куды.

- Ладна, нічога, - знарок бадзёрым голасам заспакоіў яго Сотнікаў.

- І не турбуйся, я дамоўлюся. Накажу, каб глядзелі, і наогул...

Сотнікаў змоўчаў. Увогуле ўсё было лагічна і, бадай, правільна, тым не менш штосьці крыўдлівае варухнулася ў яго душы. Праўда, ён тут жа адчуў, што гэта - ягоная слабасць, можа, ад ператомы і знерваванасці. Чаго было крыўдаваць? Адносіны іх самыя раўнапраўныя, ніхто нікому не абавязаны. І так, дзякуй Богу, Рыбак зрабіў усё, што толькі было магчыма. Можна сказаць, уратаваў у самых безнадзейных абставінах, і цяпер настаў час развязаць яму рукі.

- Што ж, тады пайшлі. Пакуль нікога няма.

Сотнікаў першы спрабаваў падняцца, але толькі варухнуў параненай нагой, як тая люта забалела, і ён прутка выцягнуўся на снезе. Усё ж неяк стрываў боль, сцяў зубы і, апіраючыся на хваіну, падняўся.

Ускрайкам могілак пад навіссю галін яны сышлі з пагорачка. Непадалёк трапілася добра ўтаптаная сцяжына, яна прывяла іх на голы, нічым не агароджаны падворак. Гэта была даволі вялікая, але старая хаціна з замазанымі глінай вугламі, выбітым і заткнутым нейкай зрабнінай акенцам. У счарнелым прабоі на дзвярах сапраўды тырчала наспех уваткнутая трэска - мабыць, нехта непадалёк выйшаў, і дома нікога не асталося. Сотнікаў падумаў, што так, можа, і лепш: абыдзецца без роспытаў і тлумачэння.

Рыбак выняў трэску, прапусціў у сенцы Сотнікава, дзверы ціха прычыніў знутры. У сенцах было цемнавата, пад сцяной стаялі нейкія кублы, вялікая, акутая ржавымі жалезнымі палосамі скрыня, а ў куце відаць былі жорны. Сотнікаў не раз ужо бачыў гэтую несамавітую вясковую прыладу малоць збожжа: два круглыя камяні ў скрынцы і прымацаваная недзе ўверсе палка-круцёлка. Маленькае, заплеценае павуціннем акенца ў сцяне дало ім згледзець дзверы ў хату.

Трымаючыся за сцяну, Сотнікаў як-колечы дабраўся да гэтых дзвярэй, з дапамогай Рыбака пералез высокі парог. Хата сустрэла іх затхлаю сумессю пахаў і - цеплынёй. Ён хапіўся рукой за абшкрэбаны бок печы - тая была свежанапаленая, і ў яго цела шыбанула такая асалода, што ён ажно застагнаў, мусіць, першы раз не стрымліваючы сябе за ўсю гэту жахлівую ноч. Знясілена і няспрытна ён апусціўся на ўслончык пры печы, ледзь не паваліўшы нейкія чыгункі на падлозе. Пакуль ён уладкоўваў параненую нагу, Рыбак зазірнуў за дыван-занавеску ў хату, дзе разы два насцярожана рыпнуў ложак. Сотнікаў напяўся, навастрыў слых - зараз павінна было вырашыцца самае для іх важнае.

- Вы адны тут? - цвёрдым голасам запытаў Рыбак у дзвярах.

- Ну.

- А бацька дзе?

- Дык нетуці, - пачуўся дзіцячы голас.

- А матка?

- Матка ў дзядзькі Амялляна малоціць. На хлеб зарабляе. Нас жа чацвёра едакоў, а яна адна.

- Ого, як ты разбіраешся! А то едакі спяць? Ладна, хай спяць, - сцішыў голас Рыбак. - Ты чым пакарміць нас знойдзеш?

- А бульбу мамка ўранку варыла, - ахвотна азвалася малое.

Зараз жа там аб падлогу тупнулі босыя ногі, і з-за шырмачкі з'явілася гадоў дзесяці дзяўчынка ў даўгаватай паркалёвай сукенцы. Яна коратка зыркнула на Сотнікава жвавымі чорнымі вачанятамі, але не спалохалася, на цыпачках звыкла пацягнулася ў чалеснік і забразгала засланкай. Каб не замінаць ёй, Сотнікаў крыху пасунуў убок сваю бедалагу-нагу.

Пад акном стаяў стол, ля стала была лаўка з алюмініевай міскаю, дзяўчынка пераставіла міску на канец стала і вытрасла ў яе з чыгунка бульбу. Рухі яе маленькіх рук былі натужлівыя і не надта спрытныя, хоць і старанныя; бачна было - яна са шчырасцю хацела дагадзіць людзям: дастала лыжкі, шмыганула некуды ў цемнаваты кут і паставіла на стол яшчэ і талерку з вялікімі зморшчанымі агуркамі. Пасля адступіла да печы, з цікавасцю пазіраючы на маўклівых, узброеных, аброслых шчэццю, мусіць, страшнаватых, але, безумоўна, цікавых для яе дзядзькоў.

- Ну, давай падрубаем, - падаўся да стала Рыбак.

Сотнікаў яшчэ не адагрэўся, накалелае цела яго дробна трэслася, але ад бульбы на стале струменіла лёгкая пара, і ён памкнуўся з услона. Рыбак памог яму перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Так было лепей. Ён узяў цёплую, падгарэлую з аднаго боку бульбіну і прываліўся плячыма да беленых бёрнаў сцяны. Дзяўчынка з ранейшай спаважнасцю стаяла ў дзвярах, церабіла край шырмачкі, не зводзячы з дзядзькоў свайго зыркага позірку.

- А хлеба няма? - запытаў Рыбак.

- Дык учора Лёнік усё з'еў. Як мамку ждалі.

Рыбак неспяшліва дастаў з-за пазухі старастаў акраец і адламаў ад яго кавалак, потым адламаў яшчэ і моўчкі працягнуў дзяўчынцы. Тая далікатна ўзяла хлеб, але есці не стала - занесла кудысь за перагародку і вярнулася.

- І даўно матка малоціць? - запытаў Рыбак.

- Ад пазаўчора. Яна яшчэ тыдзень малаціць будзе.

Перейти на страницу:

Похожие книги