Читаем Сотнікаў полностью

Вельмі памалу яны пабрылі да дарогі, якую Рыбак яшчэ здалёк трывожліва азіраў у змроку - ці не пакажуцца дзе людзі. Ягоны напружаны позірк прабег аж да шараватага лапіка наводдаль, і тады зусім неспадзявана для сябе ён заўважыў, што неба над абсягам па-ранішняму засінелася, зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Гэтая нечакана ім заўважаная прыкмета світанку ўзварушыла яго болей, чым калі б ён убачыў людзей. Усё ў ім тузанулася, памкнула кудысь наперад, хутчэй з гэтага пагрозліва пустога поля. Але ногі былі скуты стомай, да таго ж стрымліваў таварыш - хочаш ці не, трэба было марудна валачыцца па дарозе, іншага выйсця ў іх не было.

Зразумеўшы гэта, ён прыглушыў у сабе непрыемнае пачуццё і тужэй сцяў сківіцы. Ён ні слова не сказаў Сотнікаву - той і так шкандыбаў ледзь жывы, выдаткоўваючы апошнія свае сілы, і ў Рыбака нешта роспачна сцялася ўнутры: ён пэўна ўжо ведаў - удачы не будзе. Ноч канчалася і тым знімала з іх сваю апеку, дзень жа абяцаў мала прыемнага, і Рыбак з паніклай душой назіраў, як павольна і няўхільна займалася ранне. Угары хутка святлела неба, з-пад начнога змроку ўсё выразней вынікаў самотны снежны абшар; дарога наперадзе даўжэла і рабілася бачнай далёка.

Па гэтай дарозе яны пайшлі да ляска.


8


Сотнікаў не горш за Рыбака бачыў, што ў полі віднее, і добра разумеў, якой нечаканасцю для іх можа абярнуцца гэты заўчасны ранак.

Але ён ішоў. Ён сабраў у сабе ўсё, на што яшчэ здольна было яго знясіленае цела, і, памагаючы сабе вінтоўкай, з натугай пераступаў нагамі. Сцягно яго пакутна балела, ступні ён ужо і не адчуваў нават, мокры ад крыві бурак змёрз і закасцянеў, другі, не да канца надзеты, загнуўся на палове халявы, доўгім носам грабучы снег. Сотнікаў ведаў, што повідну іх схопяць, але гэта ўжо не адзывалася ў ім вялікай трывогай - яго апанавала абыякавасць да ўсяго, што не было болем, яго рэальнай штохвіліннай, а не ўяўнай, пакутай. Каб не Рыбак, ён бы, мусіць, даўно ўжо скончыў гэтыя марныя пакуты, але цяпер, пасля ўсяго, што той зрабіў для яго, у Сотнікава ажылі зачаткі нейкага абавязку ў адносінах да намаганняў таварыша.

Пакуль яны дастыргікалі да ляска, развіднела яшчэ болей. Стала відаць поле наўкруг, пагоркі; злева, воддаль ад дарогі, цягнулася па лагчынцы кустоўе, але гэта, мусіць, у тых месцах, адкуль яны ўцякалі. Таго ж вялікага лесу, які так быў ім трэба цяпер, не было нават на краявідзе - нібы ён праваліўся за ноч пад зямлю.

Рыбак, як заўжды, настойліва імкнуўся наперад, зрэшты, гэта было зразумела: яны ішлі як па лязе брытвы, кожную секунду іх маглі згледзець, дагнаць або пераняць. Іхняе шчасце, што дарога ўсё яшчэ ляжала пустая, а купка хвоек наперадзе хоць і патроху, ды ўсё ж набліжалася. Шкандыбаючы, Сотнікаў праз боль раз-поразу кідаў туды кароткія позіркі - ці хутка дойдуць, але найперш не дзеля таго, каб схавацца, а больш - каб знайсці спакой.

Але яны яшчэ не дайшлі да гэтае купкі, як Рыбак разгублена вылаяўся і спыніўся.

- Тваё-маё! То ж могілкі!

Сотнікаў узняў голаў - сапраўды, цяпер ужо было ясна відаць, што той хамлачок хвоек, які ім здаўся ляском, быў вясковымі могілкамі - пад разложыстым суччам хваін тырчала некалькі крыжоў, агароджаў і невялікі цагляны помнік у глыбіні на пагорачку. А найгорш было тое, што з-за могілак выглядвалі саламяныя стрэхі хат; вецер, відаць было, коса цягнуў у неба хамлак дыму з коміна.

Рыбак высмаркаўся на дарогу, выцер рукой нос.

- Ну, куды дзявацца?

Дзявацца сапраўды не было куды, але і не стаяць жа пасярод дарогі. І яны, яшчэ больш апанураныя і ўстрывожаныя, маркотна пастыргікалі да вёскі.

Напачатку ім, мусіць, пашчасціла. Яны дашкандыбалі да могілак, і ніхто ім не папаўся насустрач - мабыць, вёска яшчэ толькі прачыналася. Слядоў жа тут хапала - на дарозе і каля яе ў полі. Па слаба азначанай у снезе сцяжынцы яны паспешліва сышлі з дарогі. Звычайна ў Сотнікава жыло нейкае страхавітае пачуццё да гэтай нярадаснай людской мясціны, заўжды ён імкнуўся абмінуць яе не затрымліваючыся, але цяпер могілкі тыя нібы паслаў Бог ім на паратунак. Хваіны і некалькі агароджаў трохі засланялі абодвух ад вясковых вокнаў, яны пратупалі паўз свежы, яшчэ не прысыпаны снегам, глеісты курганок дзіцячай магілкі. Сотнікаў тут памагаў сабе рукамі, хапаўся то за крыж, то за камель дрэва ці агароджу. Трохі адышоўшыся ад дарогі, ён дабраўся па снезе да таўшчэзнага камля хвоі і ўпаў. Цяпер толькі б сцішыцца, як-небудзь зацяць боль у назе, і, здаецца, для яго настала б шчасце. Усё ў ім напакутавалася, намерзлася, зайшлося ад болю, і ягоная прыцьмелая свядомасць часам ледзь успрымала абставіны, свет і сваё ў ім становішча. Вядома, становішча гэта было незайздроснае, калі не зусім безнадзейнае, і найбольшыя яго душэўныя пакуты ішлі ад выразнага ўсведамлення гэтае свае няздольнасці што-небудзь змяніць да лепшага. Так, розум, свядомасць тут адступаліся ўбок - цяпер усё вырашала элементарная фізічная сіла. А сілы якраз і не было.

Перейти на страницу:

Похожие книги