Читаем Сотнікаў полностью

Ён ляжаў, прываліўшыся каркам да шархоткага камля хваіны, заплюшчыў вочы, каб не сустракацца позіркам з Рыбаком, не размаўляць з ім. Ён адчуваў сябе нібы вінаватым, што, пакутуючы сам, вымагаў на пакуты таварыша, які без яго, вядома, быў бы ўжо далёка. Рыбак быў здаровы, меў большую, чым Сотнікаў, прагу жыць, і гэта ўскладвала на яго пэўную адказнасць за абодвух. Так думаў Сотнікаў, ніколькі не дзівячыся пэўнай настойлівасці Рыбака выручыць яго ў гэтую ноч - ён адносіў яе да звычайнай салдацкай узаемавыручкі і не меў нічога супроць Рыбаковай дапамогі, калі б яна была скіравана на іншага. Але сам ён, хоць і быў паранены, нізашто не хацеў прызнаць сябе слабым, які апусціўся да патрэбы ў дапамозе, гэта было агідна ягонай істоце. Як мог, ён стараўся ўправіцца з сабой сам, а там, дзе гэта было немагчыма, зменшыць сваю залежнасць ад каго б там ні было. І ад Рыбака таксама.

Але Рыбак, мабыць, мала турбуючыся клопатамі таварыша, па-ранейшаму дбаў пра яго і цяпер, крыху перадыхнуўшы, сказаў:

- Пачакай тут, а я падскочу. Вунь хата блізка. Калі што, мо ў гумне перахаваемся.

Пачакаць - гэта добра, адзначыў у думках Сотнікаў, абы не ісці. Чакаць ён гатовы быў доўга, толькі б дачакацца чаго. Рыбак зморана падняўся на ногі, карабін, каб не кідаўся здалёку ў вочы, узяў, як кіёк або палку, за ствол і пайшоў, ступаючы між перамеценага снегам куп'я магіл. Сотнікаў расплюшчыў вочы і павярнуўся крыху на бок, падабраў бліжэй вінтоўку. У тым канцы могілак між камлёў сосен за пагорачкам відаць была крайняя хата вёскі, развалены хляўчук пры ёй; на паламаным паркане вецер матляў нейкай забытай анучай. Людзей там не было.

Некалькі доўгіх хвілін Сотнікаў самотна дрыжаў за дрэвам, час ад часу пазіраючы між хвой у другі канец могілак. Рыбак неўзабаве прапаў з яго поля зроку, але ў вёсцы было па-ранейшаму пустэльна і ціха, гэта абнадзейвала. Каб трохі лаўчэй палажыць параненую нагу, ён ухапіўся за шурпатую палку агароджы, і тая, ціха хруснуўшы, асталася ў яго руцэ з іржавым цвіком на канцы. Магілка была старая, даўно закінутая, у агароджы тырчалі з-пад снегу нейкія тры камяні, не было нават крыжа. Струхлелая загародка дажывала свой век, мабыць, гэта было апошняе, што асталося ад чалавека на зямлі. І раптам Сотнікаву стала надта самотна на гэтых могілках, сярод загародак, камення і пахілых крыжоў, гледзячы на якія, ён з маркотай падумаў: навошта? Калі нельга навек, нашто тады на некалькі год - каму гэта трэба? У адвечным змаганні чалавека з часам перамога заўжды на баку апошняга, і ўся гэтая завядзёнка з помнікамі - хай сабе мармуровымі ці драўлянымі - не больш чым наіўная спроба чалавека прадоўжыць сваю прысутнасць на зямлі пасля смерці. Але хіба гэта магчыма? І навошта гэта патрэбна?

Усё, што Сотнікаў перажыў на вайне, яшчэ і каторы раз, даводзіла неабвержнасць не новага ўжо меркавання, што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце - яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з'яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж - смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё.

Суцяшалі хіба што духоўныя магчымасці, часам непадуладныя ніякай самай пагрозлівай сіле. На ўсё жыццё Сотнікаў запомніў, як улетку ў шталагу немцы дапытвалі старога сівога палкоўніка, пакалечанага, з перабітымі кісцямі рук, ледзь жывога. Гэты палкоўнік, здавалася, проста не ведаў, што такое пачуццё страху, і не гаварыў, а адчайна крычаў у вочы нямецкаму афіцэру гнеўныя словы пра Гітлера, фашызм і не зважаў ні на што. Немец мог бы прыбіць яго кулаком, мог застрэліць, як за гадзіну перад тым застрэліў двух палітрукоў-пехацінцаў, але гэтага чалавека ён нават не абразіў лаянкай. Ён, падобна было, збянтэжыўся, мабыць, упершыню ўчуўшы такое, схапіўся за тэлефон і нешта далажыў, відаць - чакаючы загаду ад начальства. Вядома, палкоўніка потым расстралялі. Але тыя некалькі хвілін перад расстрэлам былі ягоным трыумфам, яго подзвігам, мабыць, не меншым, чымсьці на полі бою, бо палкоўнік не ведаў нават, што яго хто ўчуе са сваіх (яны выпадкам аказаліся побач за сцяной барака).

Трываючы сцюжу, Сотнікаў цярпліва пазіраў на край могілак, дзе адразу ўбачыў Рыбака, як толькі той паявіўся ад хаціны. Рыбак дбайна зайшоў ад поля, каб не відаць было з вёскі, і хуткім крокам кіраваў да напарніка. Праз хвіліну ён задышліва ўпаў пад хваінай побач.

- Здаецца, парадак. Панімаеш, там хата, клямка на шчэпачцы. Паслухаў, быццам нікога...

- Ну?

Перейти на страницу:

Похожие книги