- Панятна. Ты - старшая?
- Ага, я большая. Каця з Лёнікам малыя, а мне ўжо дзевяць гадоў.
- Многа. А немцаў у вас няма?
- Раз прыязджалі. Як мы з мамкай да цёткі Галены хадзілі. У нас падсвінка рабога ўзялі. На машыне павезлі.
Толькі Сотнікаў з'еў са дзве бульбіны, як прычапіўся кашаль. Хвіліну ён так біў яго, што аж выпінала ўсё з грудзей. Калі трохі палягчэла, стала ўжо не да бульбы - ён выпіў паўкварты вады і заплюшчыў вочы. У галаве хмельна кружылася, цела калаціла дрыжака. У адчуваннях нешта плыло, гойдалася, хваравітая знямога звабліва клікала туды, дзе забыццё і нябыт. Ён намагаўся асіліць яе, унутрана супраціўляўся, але адчуваў, што сілы яго хопіць ненадоўга. У завалочанай туманам хваравітай свядомасці хутка адплывалі ўдалячынь рэшткі тутэйшай явы, з якой хвіліну яшчэ гучалі пераблытаныя галасы Рыбака і дзяўчынкі.
- А маці тваю як зваць? - хрупаючы гурком, пытаўся Рыбак.
- Дзёмчыха.
- Ага. Значыць, ваш татка Дзёмка?
- Ну. А яшчэ Аўгіння мамку завуць.
Чутно было, Рыбак пацягнуўся за сталом, мусіць, каб узяць новую бульбіну, затупаў на падлозе ботамі. Размова на які час замоўкла, але потым азваўся цішэйшы, з прытоенай цікаўнасцю голас дзяўчынкі:
- Дзядзька, а вы парцізаны?
- А табе нашто ведаць? Малая яшчэ.
- А вот ведаю, што парцізаны.
- Ведаеш, дык маўчы.
- А таго дзядзьку, мусіць, ранілі? Ага?
- Ранілі ці не - аб тым ні гу-гу. Паняла?
Дзяўчынка памаўчала, Рыбак гучна хрупаў гурок.
- Я па мамку збегаю, добра?
- Сядзі і не рыпайся. А то яшчэ наклічаш якую халеру.
- ...Халера на іх! Людзі мы ці...
- Былі людзі...
Але гэта ўжо не цяперашняе - гэта голас з мінулага. Свядомасць яго яшчэ спраўляецца адзначыць амаль няўлоўны пераход у забыццё, і далей ужо Сотнікаў бачыць таго незнаёмага, параненага ў нагу лейтэнанта, які ледзьве шкандыбае ў калоне, апіраючыся на плячо таварыша. У лейтэнанта яшчэ забінтавана галава. Бінт стары, брудны, са счарнелаю карыной крыві над скроняю; ссохлыя вусны і нядобры ліхаманкавы бляск у счырванелых вачах надаюць яго схуднеламу твару нейкі напаўвар'яцкі выгляд. Ад параненае яго нагі ідзе гэткі смурод, што Сотнікава ажно блажыць; саладкаваты пах гнілі атручвае паветра. Іх гоняць калонай у лес - рэдзенькі саснячок пры дарозе, пад нагамі перасыпаецца белы пясок з ігліцай, няшчадна пячэ паўдзённае сонца. Конныя і пешыя немцы ідуць абапал калоны.
Кажуць, гоняць расстрэльваць.
Яно падобна на праўду - тут тыя, каго адабралі з усёй тысячнай масы ў шталагу: палітработнікі, камуністы, жыды і розныя іншыя, што выклікалі чымсь падазрэнне ў немцаў. Сотнікава паставілі сюды за няўдалыя ўцёкі. Мусіць, там, на пясчаных пагорках, у хвойнічку іх і расстраляюць, яны ўжо адчуваюць гэта па тым, як, збочыўшы з дарогі, сабраліся, гучней загаркалі іх канваіры - пачалі збіваць у адзін гурт калону. На пагорках, бачна было, стаялі і яшчэ салдаты, мабыць, чакалі, каб арганізавана зрабіць сваю справу. Але, відаць, здараюцца непаладкі і ў немцаў. Калона яшчэ не дайшла да пагоркаў, як канваіры нешта загергеталі з тымі, што былі на лясным ускрайку, спыніліся і падалі каманду ўсім сесці на дол - як гэта звычайна рабілі, калі трэба было затрымаць калону. Палонныя паселі - цесненька, як і ішлі, на спякоце - і пад рулямі стрэльбаў сталі чагосьці чакаць.
Усе апошнія дні Сотнікаў быў нібыта ў прастрацыі. Ён мала што знясілеў без вады і харчу, дык яшчэ і зняверыўся ў людзях і сваім лёсе - пасля ўсяго, што здарылася, ужо не надта хацелася і жыць. Ад гарачыні ўнутры ўсё спрагла, але вады не было, як не было надзеі на які паратунак, і ён думаў: хай бы ўжо хутчэй стралялі, абы менш пакутаваць. Ён моўчкі, у паўзабыцці сядзеў так сярод цеснага гурту на калючай, сухой траве, без асаблівых дум у галаве і, мусіць, таму не адразу зразумеў сэнс ліхаманкавага шэпту побач:
«Хоць аднаго, а прыкончу. Усё адно...»
«Чакай, пабачым, што далей».
«Хіба не ясна што?»
Сотнікаў ціха скасіў позірк - той самы лейтэнант даставаў з-пад бінта на назе ножык - звычайны кішэнны складанчык велічынёй з палец, і ў ягоных вачах была такая роспачная рашучасць, што Сотнікаў падумаў: такога не ўтрымаеш! Мусіць, выскачыць і наробіць глупства, бо што ён яшчэ мог зрабіць тым складанчыкам? Той, да каго ён звяртаўся, - пажылы чалавек у камсастаўскай без пятліц гімнасцёрцы, - засцярожліва паглядваў на канваіраў - двое, паблізу сышоўшыся разам, прыкурвалі жоўтыя цыгарэты, адзін на кані трохі зводдаль пільна азіраў калону.