Читаем Сотнікаў полностью

Ён пакуль што прамаўчаў, а яна тым часам расшпіліла старэнькі лаплены кажушок, сцягнула з галавы хустку. Рыбак уважліва паглядзеў на яе - зваляныя, нячэсаныя валасы, запыленыя мочкі вушэй, змораны, не надта стары твар з рэзкімі заўчаснымі зморшчынамі ля вачэй і рота, якія красамоўна сведчылі пра горыч турботнага жыцця жанчыны.

- Якая яшчэ патрэба? - Яна кінула хустку на шасток ля печы, косым позіркам матлянула па канцы стала з міскай гуркоў. - Хлеба? Сала? Ці, можа, яек на яешню захацелася?

- Мы не немцы, - стрымана сказаў Рыбак.

- А хто ж вы? Можа, красныя армейцы? Дык красныя армейцы на фронце ваююць, а вы во па завуголлі шастаеце. Ды яшчэ падавай вам... бульбачкі, агурочкаў... Гэлька, вазьмі Лёніка! - крыкнула яна старэйшай, а сама не раздзелася, а пачала прыбіраць ля прыпечка: чыгункі - на прыпек, цабэрак - у парог, венік - у кут.

За сталом пачаў натужліва кашляць Сотнікаў. Яна пакасілася на яго, нахмурылася, але змоўчала, не пакідаючы прыбіраць, - тузанула брудную фіранку над дзіркай у падпечча. Рыбак устаў. Здаецца, ён даў маху - абыходзіцца з ёй, мабыць, трэба было стражэй, з гэтаю сварлівай раззлаванай бабай.

- Дарма, цётка! Мы да вас па-добраму, а вы сварыцеся.

- Хіба я сваруся? Каб я сварылася, вашай бы і нагі тут не было. Цыц вы, халеры! Вас яшчэ не хапала! - шыкнула яна на дзятву, якая церлася ля занавескі. - Гэля, вазьмі Лёніка, сказала! Лёнік, наб'ю!

- А я, мамацка, палцізанаў глядзець буду.

- Я табе пагляджу! - пагрозліва тупанула яна да перагародкі, і дзеці пазнікалі. - Парцізаны! Адно што звання - парцізаны. Лепей бы ўжо дома сядзелі.

Рыбак пільна сачыў за ёй, згадваючы, чаго яна такая ўзлаваная, гэтая Дзёмчыха. У галаве яго праносіліся самыя розныя меркаванні: жонка паліцая, якая радня іх ці, можа, пакрыўджаная чым пры Савецкай уладзе? Але, падумаўшы, ён адкінуў тыя здагадкі - усе яны не надта стасаваліся да гаротнага жыцця гэтай жанчыны.

- А дзе твой Дзёмка? - раптам спытаў Рыбак.

Яна разагнулася і неяк насцярожана, амаль боязна паглядзела на яго.

- А вы скуль Дзёмку ведаеце?

- Ды ўжо ведаем.

- Чаго ж тады пытаецеся? Хіба цяпер жонкі ведаюць, дзе іх мужыкі? Пакідалі во, жыві як хочаш.

Яна ўзяла з парога венік і пачала замятаць ля печы. Усе яе рэзкія і шырокія рухі сведчылі пра злосць і неспакой. Рыбак сядзеў, не ведаючы, як урэшце падступіцца да гэтай Дзёмчыхі з той размовай, дзеля якой ён і чакаў яе.

- Тут бач, цётка, таварыш таго...

Яна зноў разагнулася, зірнула на Сотнікава ў куце. Той варухнуўся, памкнуўся ўстаць і хваравіта перацяў стогн. Дзёмчыха на момант знерухомела з венікам у руках. Рыбак падаўся к таварышу.

- Ось бачыш, кепска яму, - сказаў ён.

Сотнікаў хвіліну курчыўся ад болю ў назе, аберуч трымаючыся за калена і сцяўшы зубы, каб не стагнаць.

- Халера, прыкарэла, мусіць.

- А ты не тузайся, ляжы. Цябе ж не гоняць.

Пакуль Рыбак уладкоўваў нагу ўздоўж лавы, Дзёмчыха хмурылася, але што далей разкаваты выраз яе стомленага твару пачаў мякчэць.

- Падкласці што трэба, - сказала яна і пайшла за перагародку, адкуль неўзабаве вынесла старую, з клоччам шэрае ваты, ватоўку. - На, мякчэй будзе.

«Так, - адзначыў у думках Рыбак. - Гэта ўжо іншая справа. Можа, яшчэ падабрэе гэта злосная кабеціна».

Сотнікаў прыўзняўся, яна паклала ватоўку ў кут пад яго галаву, і ён, пакашліваючы, тут жа апусціўся зноў. Дыханне яго па-ранейшаму было частае і труднае.

- Хворы, - ужо іншым тонам, спакойна сказала Дзёмчыха. - Жар, пэўна. Вунь як гарыць.

- Гэта пройдзе, - махнуў рукой Рыбак. - Гэта не страшна.

- Ну канешне! - зазлавала жанчына. - Вам усё не страшна. І страляюць у вас - не страшна. І што маці гора - не страшна. Нічога не страшна. А нам... Зёлак зварыць нада, напіцца, спацець. А то вунь могілкі побач.

- Могілкі не самае горшае, - праз кашаль сказаў Сотнікаў.

Ён неяк нядобра ажывеў пасля кароткага забыцця, мусіць, ад тэмпературы, ці што. Рыбак проста не пазнаваў яго: рэзка счырванелы твар, ліхаманкавы бляск вачэй і нейкая ненатуральная парывістасць у рухах.

- Што ж яшчэ можа быць горш? - спытала Дзёмчыха, збіраючы са стала талеркі. - Мабыць жа, у пекла не верыце?

- Мы ў рай верым, - сказаў Рыбак.

- Дачакаецеся раю, а як жа.

Гаспадыня забразгала засланкай, палезла ў печ, пачала шоргаць там чыгунамі. Аднак, падобна было, яна ўжо спакойнела, нават дабрэла. Рыбак адчуваў тое і думаў, што, можа, як-небудзь усё яшчэ ўладзіцца.

- Цёплай бы вады рану абмыць. Ранілі яго, цётка.

- Ды ўжо ж бачу - не сабака ўкусіў. Вунь усю ноч ля Стараселля бахалі, - паведаміла яна і абаперлася на вілачнік. - Кажуць, аднаго паліцыянта падстрэлілі. Невядома, ці выжыве.

- Паліцая?

- Ну.

- А хто казаў?

- Бабы казалі.

- Ну, калі бабы, то пэўна, - усміхнуўся на канцы лаўкі Рыбак. - Яны ўсё ведаюць.

Дзёмчыха зласліва азірнулася ад печы.

- А то не? Мабыць, ведаюць. Вы ж во пытаецеся, бо не ведаеце.

Яна падала ім ваду ў чыгунку, скінула кажушок і ступіла за шырмачку да дзетвары.

- Ну, вы ўжо самі. А то не хапала мне яшчэ вам порткі знімаць.

- Ладна, ладна, - пагадзіўся Рыбак і падступіўся да Сотнікава. - Давай бурак знімем.

Перейти на страницу:

Похожие книги