Яны яшчэ пасядзелі на сонцы, можа, хвілін пятнаццаць, пакуль ад пагоркаў не падалі каманду, і немцы пачалі паднімаць палонных. Сотнікаў ужо ведаў, на што наважыўся ягоны сусед, які цяпер пачаў неўпрыкмет забіраць з сярэдзіны калоны ўбок, бліжэй да канваіра. Канваір гэты быў дужы прыземісты немец, як і ўсе, з аўтаматам на грудзях, у прапацелым пад пахамі кіцелі; з-пад макраватай ад нізу суконнай пілоткі выбіваўся зусім не арыйскі - чорны, амаль смаляны чуб. Ён спехам дакурыў цыгарэту, цвыркнуў праз зубы і прыкрыкнуў на кагось у калоне, хто аслабела гробся, стараючыся падняцца з долу. Мусіць, ён хацеў падагнаць або выцяць палоннага і ступіў бліжэй. Якраз у той час лейтэнант, бы каршун, уссеў на яго ззаду і па самыя тронкі ўвагнаў складанчык у яго загарэлую шыю.
Немец коратка вякнуў і асеў на зямлю, нехта ў калоне крыкнуў: «Палундра!» - ці не той пажылы ў камсастаўскай гімнасцёрцы - і некалькі чалавек, бы іх хто спружынаю кінуў з калоны, пусціліся ў поле. Сотнікаў ад нечаканасці на імгненне нібы змярцвеў, а потым, падпарадкуючыся бязладнаму інстынкту самазахавання, не разбіраючы дарогі, таксама кінуўся прэч. Тады ж ён ледзь не наскочыў на лейтэнанта, які спярша таксама пабег, ды раптам спатыкнуўся, упаў на бок пад самыя ногі Сотнікаву і тут жа нажом шырока разануў сябе ўпоперак жывата. Сотнікаў пераскочыў цераз яго цела, ледзь не наступіўшы на яго сутаргава скурчаную руку, з якой, коратка бліснуўшы мокрым лязом, выпаў у пясок маленькі, з палец, ножык.
Можа, якія тры секунды цягнулася замяшанне, потым у некалькіх месцах разам пырснулі чэргі, немцы крычалі, але ён бег. Здаецца, ніколі ў жыцці ён не імчаўся з такім шалёным імпэтам - за некалькі скачкоў дасяг выспачкі з сасонкамі. Кулі густа прашывалі голле, з усіх бакоў на яго сыпала ігліцай, але ён шыбаваў наўпрост як мага далей і праз кожную секунду з радасным жахам цвердзіў сабе: «Жыў!», «Жыў»...
На жаль, выспачка аказалася зусім невялічкай, праз сотню крокаў яна нечакана абарвалася: скончыўся сасоннічак, наперадзе было зжатае, у бабках, поле збажыны. Падавацца яму, аднак, не было куды, і ён шыбануў далей - па ржышчы цераз поле, туды, дзе непадалёк кучаравіўся зялёны шнурок алешын.
Тут яго хутка згледзелі, ззаду данёсся крык і недалёкі стрэл - куля імпэтна сцебанула па ягоных штанах, прасекла пусты партабак у кішэні - Сотнікаў надта добра адчуў гэты ўдар і азірнуўся. За ім імчаў конны. З потным азвярэлым тварам той угнуўся па-над вараной конскай грывай, трымаючы напагатове правую, з пісталетам руку. Ад каня, вядома, не ўцячэш. Сотнікаў сказаў сабе «амба!» і павярнуўся тварам да даганятага. Конь ледзь не збіў яго з ног; з апошнім спрытам ён неяк вывернуўся з-пад капытоў і шаснуў за бабку. Немец крутануўся ў сядле, адкінуў убок руку - стрэл перабіў на верхнім снапе перавясла, салома, пырснуўшы, асыпалася па баках. Але Сотнікаў уцалеў і, каб як бараніцца, схапіў з-пад ног звычайны, з кулак, палявы камень. Зноў неяк ухіліўшыся ад каня, ён спрытна, аднак, ударыў немцу ў сківіцу, той торапка стрэліў, але і гэты раз міма. Адчуўшы нейкую сілу ў гэтых камянях, Сотнікаў пачаў хапаць іх з іржышча і біць па немцу, які круціўся з канём навакол, усё тыркаючы ў яго пісталетам. Яшчэ два стрэлы прагрымелі ў полі, але і яны не зачапілі ўцекача, які, акрыяўшы ад свае ўдачы, кінуўся па другі бок бабак.
Пакуль немец упраўляўся з канём, ён прабег, можа, пяць крокаў, а потым спыніўся і зноў замахнуўся камянём, каб ударыць насустрач. ён выпусціў запар тры камяні, немец, ухіляючыся, спехам страляў, Сотнікаў круціўся доле, бы ўюн, - і ад куль і ад капытоў, на шчасце, яму пасаблялі бабкі, і ён скакаў вакол іх, нібы заяц. Тады немец скіраваў каня проста на бабку, конь высока сігануў цераз яго, Сотнікаў упаў на калені і неяк вывернуўся з-пад капытоў - конь толькі балюча сцебануў хвастом па яго твары. Бабка, аднак, забурылася, снапы паваліліся, і немец амаль ва ўпор тыцнуў у яго парабелумам. Але Сотнікаў раптам унутрана войкнуў ад радаснага здзіўлення - парабелум яго крута выгнуў затвор: скончылася абойма. Немец зразумеў сваю няўдачу, рэзка асадзіў каня, той стаў на дыбкі, а Сотнікаў з усіх ног ірвануў па полі наперад, да кусцікаў.
Немец страціў некалькі надта важных секунд, пакуль перазараджаў пісталет - дзеля таго трэба было прытрымаць каня, і Сотнікаў за той час якраз дабег да алешнічку. Тут ужо конь яму быў не страшны. Не зважаючы на стрэлы і голле, якое драпала яго па твары, ён бег, пакуль не трапілася імшарына, потым улез у нейкую твань і ўжо не мог з яе выбрацца. Там ён, аднак, зразумеў, што калі не ўтопіцца, дык можа лічыць сябе выратаваным. І ён стаіўся, каб не хлюпаць, па вушы ў багне, трымаючыся рукой за тоненькую лазовую галінку, і думаў: вытрымае галінка ці не? Калі б не вытрымала, ён бы ўжо не выкараскаўся, сілы ў яго не асталося. Але галінка не дала яму з галавой схавацца ў той прорве, спакваля ён адышоў ад стомы і, калі воддаль сціхлі стрэлы, як-колечы выбраўся на цвярдзейшае.
Была ўжо ноч, ён знайшоў у небе Палярную і, амаль не верачы ў сваё выратаванне, пайшоў на ўсход.