Рыбак не першы ўжо раз трапляў у такое становішча, ды заўжды неяк абыходзілася, найгоршае яго мінала. Галоўным у такіх выпадках былі хуткасць і спрыт, якія ратавалі яго і менавіта якіх цяпер яму не хапала. Неяк восенню ў Заселлі ягоны спрыт і знаходлівасць уратавалі жыццё пецярым хлопцам з разведкі, якія надумалі на світанні завітаць у знаёмую вёску. Ён выпадкам далучыўся да іх і надта не хацеў ісці ў тую вёску, але разведчыкі сказалі, што ўчора былі ў ёй - чужых там няма. Сумняваючыся ў тым, ён прамаўчаў. Па сцяжыне яны падышлі да ваколіцы; як заўжды, было страшнавата наткнуцца на засаду, але ля крайняе хаты ніхто ім не спаткаўся. Мусіць, які гультаяваты паліцай-вартавы таксама прытаміўся тырчаць на дарозе і на золку захінуўся дзе за вугал хаты. Цяпер ужо не згадаць, як і чаму тое здарылася, толькі варта было ім адысціся ад плота крайняе хаты ў глыб вёскі, як Рыбак пачуў кашаль. Наўкось цераз вуліцу ў двары два паліцаі запрагалі падводу, і іншыя нешта грузілі ў яе ў мяшках. Толькі ён згледзеў гэта, як ззаду вызверыўся жахлівы крык «Стой!» і грымотна ўдарыў стрэл. Паліцаі ў двары схапіліся за вінтоўкі, ён яшчэ паспеў гэта згледзець, а назад ужо не зірнуў - крыкнуў: «За мной!» - і нырнуў пад жардзіну ў плоце. Хлопцы дружна рванулі следам, ззаду стралялі, але, мусіць, іх кепска бачылі, а яны, усе пяцёра, тым часам імчалі за хляўком па бульбоўніку. Хтось з паліцаяў таксама выскачыў на гарод, некалькі куль цвікнула зусім блізка, але хлопцы за якіх дзесяць секунд скаціліся з бульбоўніку ў равок і там былі ўратаваны. А каб ён на секунду замарудзіў, разгубіўся, кінуўся назад ці наперад, іх бы ўсіх і перастралялі на вясковай вуліцы.
Тут таксама была такая магчымасць, па нейкай прычыне падораная паліцаямі, і ён бы выкарыстаў яе, каб не Сотнікаў. Але з Сотнікавым далёка не ўцячэш. Яны яшчэ не вылезлі на пагорак, як той закашляўся, ажно ўгнуўся, некалькі хвілін цела яго аж скаланалася ад марных намаганняў нешта выкашляць. Рыбак спыніўся, пасля вярнуўся да напарніка, спрабаваў падтрымаць яго пад руку. Але той ужо амаль не стаяў на нагах, і ён апусціў яго на вылізаны ветрам снег.
- Пачакай, дай аддыхацца.
- Што, кепска?
- Відаць, не выбрацца нам...
Рыбак не хацеў цяпер гаварыць аб тым - няшчыра запэўніваць яго ў адваротным, не хацеў і суцяшаць - ён сам не ведаў, як выбрацца. І нават у які бок выбірацца.
Хвіліну ён стаяў над знямоглым таварышам, які сцяўся на баку, падкурчыўшы параненую нагу. У адчуваннях Рыбака перамешваліся розныя пачуцці да яго: і ціхі жаль, што столькі дасталося аднаму (мала было прастуды, дык яшчэ і падстрэлілі), і ў той жа час пачала з'яўляцца няпэўная яшчэ прыкрасць: як бы гэты Сотнікаў не наклікаў бяды на абодвух. Сярод усяго патаемна трымцела, часам заглушаючы іншае, страхавітая трывога за сваё жыццё. Праўда, Рыбак стараўся гнаць яе ад сябе і трымацца як мага спакойней. Ён ведаў ужо, што страх за ўласнае жыццё - першы крок да разгубленасці, бо варта толькі страціць цвярозую разважнасць, занервавацца, як беды пасыплюцца адна за адной. Тады ўжо сапраўды канец. Цяпер жа хоць і давялося туга, але, магчыма, не ўсё яшчэ страчана.
- Так. Ты пачакай.
Пакінуўшы таварыша на снезе, Рыбак паплёўся ўгору: трэба было агледзецца. Яму ўсё здавалася, што за пагоркам лес. Яны столькі ўжо прайшлі па начы, і калі ішлі правільна, дык павінны апынуцца недзе паблізу ад лесу.
Кепска, што зусім прапаў месяц, воддаль нічога не было відаць - ноч танула ў змрачнаватай туманнай імгле, густое сутонне шчытна абвалакло ўсё навакол. Тым не менш вялікага лесу нідзе не было. За пагоркам зноў слалася поле, убаку нібыта шарэў лясок, мусіць, хвойнічак - надта малы хвойнічак, лапінка ў полі, не больш. Але ў тым кірунку мроілася ў змроку нешта падобнае на прамую кароценькую рысу ў доле. Скрозь былі няпэўныя плямы, цёмныя на снезе пырскі быльнягу, размытыя, з невыразнымі абрысамі кусты, а тут са снежнага паўзмроку вынікала кароценькая рыска - пралегла наўкос і знікала. Рыбак з раптоўнаю лёгкасцю пакрочыў да яе і не заўважыў, як гэтая рыска неяк неўзаметку ператварылася на снезе ў цьмяную паласу дарогі. Даволі ўбітая, з раз'езджанымі каляінамі і слядамі ад конскіх капытоў, яна з'явілася зусім дарэчы і абяцала памагчы ў іх нялёгкай бядзе.
Раптоўна абнадзеены, Рыбак лёгка збег з пагорка да нерухомае на снезе постаці Сотнікава.
- Дарога тут!.. Чуеш?
Той вяла падняў круглявую і нейкую ненатуральна малую ў пілотцы галаву, пачаў уставаць.
- З дарогі дзе-небудзь сашмыгнём - не знойдуць. Толькі не напароцца каб.
Сотнікаў маўчаў і здаваўся абыякавы да гэтай навіны. З дапамогай Рыбака ён падняўся са снегу, ямчэй ахапіў пальцамі ствол вінтоўкі.