Знача, мы ходзім на ДОК. Ужо другі дзень туды нас пасылаюць. Раманчук, сталы працаўнік ДОКу, сустракае нас з раз'іскранымі вачыма, і калі канчаецца праца й зноў мы чакаем на канвоя на бярвеньнях ля вахты, ён прыходзіць з сябрамі Хведарам Вялёндай і Пётрам Рашэтнікам і кажа, што не захварэў ні разу за ўсё сваё пакутнае прабываньне ў лагерох, а вось сяньня ноччу меў тэмпэратуру, і гэта таму выключна, што я тут апынулася ў гэтым пекле, і як я толькі магла так зрабіць? Ён пачаў асьцярожна й са страхам выпытваць у мяне, як жа я тут апынулася. Беднаму, відавочна, здалося, што я сюды завітала проста па добрай волі, можа, захопленая самым «мудрым і геніяльным усіх вякоў і народаў». Я расказала, як гэта з намі здарылася, і Раманчук уздыхнуў з палёгкаю. «Вельмі мне жаль, што вы тут, — сказаў ён, — але калі ўжо так здарылася, дык памагайце нам, Ларыса Геніюш, пішэця. Ах, каб я мог узяць на сябе ваш срок, а вам аддаць тых пяць гадоў, што мне засталося», — зноў застагнаў ён. Справа ў тым, што спачатку давалі максімум па 10 гадоў кары, калі гэта не было ўжо сьмяротнае рашэньне, і чвэрць стагодзьдзя на чалавека гэтыя нехрысты прыдумалі толькі пасьля свае т. зв. «пабеды». Каб паказаць народу не велікадушнасьць да ўсіх тых, якія здолелі перажыць гітлераўскую жудасьць, а нешта яшчэ страшнейшае за гітлерызм, бо й той вырадак роду людзкога, пэўна, ня змог бы такога чаўпсьці з радасьці, каб перамог. Тут зьдзеку не было граніцаў, і кожнага нават зусім не вінаватага чалавека расыгісвалі сьледавацелі паводле загаду згары так, што ён сам сябе ледзь пазнаваў і за голаву браўся з усяго гэтага. Болей я ня ўбачыла ў жыцьці Раманчука, гэтага нашага сьветлага героя, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ею. Нас болей на 4-ты ДОК не павялі.
Пачалася перапіска. Тоненькія запісачкі насілі дзяўчаты, якія хадзілі на бліжэйшыя аб'екты. Насіць запіскі было небясьпечна, жыць бяз іх было немагчыма зусім, і кожная з нас гэта разумела. Цярпелі дзяўчаты БУР, і голад, і гора, але спагадалі адна адной і памагалі. Мае запіскі насіла пераважна нейкая Жэня Врублеўская з Варшавы. Была гэта маладая прыгожая дзяўчына, расейка. Мне яна не падабалася, бо не была дружнаю й часта цьвердзіла, што каб выжыць, дык кожны павінен глядзець толькі сябе і йсьці напралом праз лагер, не зьвяртаючы ўвагі на рэшту зьняволеных. Запіскі ад Раманчука былі палкія, цікавыя. Прага барацьбы й волі бурліла ў іх, да гэтага прымешвалася, праўда, стрыманае ў словах, але між радкамі гарачае й глыбокае пачуцьце да мае асобы. Я гэтаму не дзіўлюся, такія былі абставіны. Раманчук першыя сваіх пяць лет зьняволеньня адбыў у бытавых лагерох між блатных, жудаснага бандыцкага безыдэйнага й наагул выкалеянага з жыцьця элемэнту. Таму, калі ён трапіў у лагер палітычных зьняволеных, яму здавалася, што ён між харошых людзей. О наіўны! Найгоршы бандыт ня так страшны, як тыя сталінскія «дзеці», якія, страціўшы ласку «самага мудрага», ня маюць іншых пачуцьцяў і інтарэсаў, як толькі вярнуць тую ласку… Любымі сродкамі… Раманчук пачаў дзейнічаць, ён арганізоўваў пратэст і паўстаньне ў лагеры супраць бяспраўя й зьдзеку, згрупоўваў людзей. Ведаю, што ён быў зьвязаны з нейкім палкоўнікам ці генералам расейскім Паўлавым і Баляславам Руткоўскім[111]
, паляком, які пасьля прадаў Раманчука. Здаецца, абодва яго прадалі. Паляк звычайна нават у лагеры нішчыў усе найменшыя праявы беларускай думкі, спакойна злучаючыся з ворагам, настолькі сільная была ў іх закаранелая прага калянізацыі Украіны й Беларусі.А пакуль што ляцелі нашыя гарачыя запіскі, асабліва вершы мае, мужныя й бадзёрыя, поўныя цярпеньня й змаганьня са злом. Мы жылі сябрамі, калі было Пятра ці так чые імяніны, мы стараліся паслаць ім хоць драбнічкі: торбачкі, вышытыя васількамі, на хлеб ці на цукер, хустачкі да носа ці паясочак да кніжкі. На гэта я парола сваю праскую гардэробу ці выпрошвала па нітачцы ад скупой і, як пасьля выясьнілася, здрадніцкай Люцыі Антонаўны Клагіш. Хлопцы былі задаволеныя нашай увагай, асабліва ж вершамі. Яны, на жаль, загінулі, забыліся амаль, і я толькі пятае праз дзесятае з іх помню. А былі, мусяць, як полымя, бо людзі жылі імі, і мне трэба было пасылаць новыя якія, што пэвен час, бо так і пісалі: «Прысылайце хутчэй глюкозу!» Ізноў ішла за драты душа мая, мая «глюкоза», якою жылі зьняволеныя мае браты. Што будзе заўтра — ня думалася, а жылося мамэнтам, супольнай верай на лепшае. Каб ня думалі, не змагаліся б — хіба памерлі б ад лагернай гнуснасьці. Змагацца — значыла жыць! 1-шы ОЛП той, лагер, гдзе быў Раманчук, быў супраць нашага жаночага лагеру, заўсёды драты й вышкі іх у нас на вачох.