Нам дазвалялася пісаць два разы ў год. Я пісала мужаву бацьку ў Зэльву. Старэнькі доўга не адказваў, людзі тут кажуць, што ён адрокся ад нас быў, начыста выракся. Дзіва тут няма. Кажуць, што быў такі жах, створана такая атмасфэра, што людзі адракаліся ад усяго, нават ад бацькоў і родных дзяцей, каб толькі выжыць. Пасьля дзед пісаў нам. Лісты яго былі больш-менш такія: «Дарагая Ларыса, мне куды горш, як Вам. Я ўжо зрабіў сабе труну, і яна ляжыць у мяне на гарышчы. Жонку сваю я пахаваў паводле ўсіх законаў рэлігіі, а вось хто мяне пахавае?..» і т. п. Дзед пісаў няпраўду. У яго былі запасы, і ён шмат пакінуў пасьля сьмерці чужым, вельмі нячэсным людзям, каб яны перадалі нам. Былі гэта Архімовічы, надта пабожныя каталікі. Ледзь вырвалі мы ад гэтых пабожных сваю старую хату. Калі мы вярнуліся з лагера, дык хата нашая была занятай. Архімовіч пасяліў там траіх кватэрантаў, а сам пабег хутчэй у міліцыю з заяваю, што мы антысавецкі элемэнт і нас зноў трэба вярнуць у Комі… Прыйшлося мне пісаць у Менск у галоўную пракуратуру, каб дазволілі нам вярнуцца хутчэй у Чэхаславакію. Тады загадалі вярнуць нам хату й тэстамэнт бацькоў. Быў там напісаны параграф, паводле якога хата належала нашчадкам, і яшчэ рукою Архімовіча было дапісана, што ён абавязваецца яе вярнуць: сыну, унуку альбо нявестцы памершага. Зэльвенскі адвакат і пракурор, падкупленыя Архімовічам, перакруцілі значэньне таго параграфа, і толькі растлумачыла нам яго нейкая камсамолачка, надзіва чэсны й сумленны юрыст. Быў сьпiсаны акт па сьмерці бацькі ўладамі на рэчы па ім і т. п. Гэта «ўлады» зажулілі, і мы маўчалі, бо вельмі дрыжэлі пасьля лагероў. Так і выехаў той Архімовіч з сям'ёю ў Польшчу, адвозячы нашыя рэчы й крыўду. Праўда, быў у яго сын Раман, і вось той Раман аднойчы прынёс нам пачку нашых сямейных старых здымкаў, за якія мы яму ўдзячныя й сяньня. Страшны быў яго сын Петр і яшчэ страшнейшай дачка — наколькі пабожныя, настолькі нелюдзі. А мы нейк жылі.
Адбілася ад тэмы. Знача, арыштаваныя 5 сакавіка 1948 года ў Вімпэрку, выданыя саветам 1948 года 12 жніўня, прывезеныя ў Менск у кастрычніку, суджаныя 1949 года 7 лютага па адной справе § 58 і § 4 савецкіх законаў. Першы гэта была групавая арганізацыя, а другі нешта накшталт: «Ведаючы, што на зьмену капіталізму мае прыйсьці камунізм, усё ж трымаўся з буржуазіяй…» Кляты той Коган сказаў мне, што ён мог на падставе гэтага параграфа асудзіць на 25 гадоў Чэрчыля, калі б той трапіў у яго рукі. Чэрчыля не любілі. I так, маючы разам з мужам паўстагодзьдзя маскоўскай кары, разарванай на тры часткі сям'ёй, уліліся мы ў шэры, убогі натоўп далёкіх лагероў ледзяной поўначы. Муж быў на Варкуце, і я гэта ведала ад Элкі Маркман. Я была на Інце, і муж аб гэтым ня ведаў. Коган мне прапанаваў на сьледстве разьвесьціся з мужам і наагул пачаць пісаць па-расейску. Я яшчэ раз пашкадавала харошага чалавека, якому лёс назначыў быць маім мужам і які сапраўды цярпеў з-за мяне й з-за свае дурноты — веры ў сацыялізм. Муж і, галоўнае, сын… Божа мой, што было рабіць мне, няшчаснай? Не, нельга было йсьці на ніякія ўступкі, мы ж, як ваякі, і Народ наш, і Зямля наша, і ўсе гуманныя здабыткі чалавецтва, і праўда, і Бог — ад такога не адступаецца нават перад грозьбай сьмерці. Што ж, пабачым, што прынясе час. Коган нейк казаў мне, пасьля даносаў Нэлкі Гардзей, што грузіны жывуць вельмі доўга й Сталін добра трымаецца, але я ведала, што гэты «айцец народаў» вытрымае ўсю «малітву» і ўсю хвалу ачумелых паэтаў і ўсякіх ідыётаў бяз розуму, але стогну мільёнаў, ім загубленых, — не стрывае.
I так лагер. Доўга цягнуцца ўпрогаладзь працоўныя дні за зонай у той клятай Ілгі Дзіндонс (і запамятала я гэтае прозьвішча). Калі мне надта хацелася есьці ці было ня вытрымаць цяжка, я малілася Богу. У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысьціянскіх сьвятыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы, але Бог ішоў за намі, і, як мне казала простая малдаваначка манашанька Галя, Ён ніколі не пакідае тых, якія Яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасьць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленьне… Так, тое сумленьне… Калі мы прыдумвалі кару ворагу за ўсе, што тут рабілася з мільёнамі людзей, дык мы прасілі Бога, каб абудзіў у іх сумленьне й яны ясна сабе ўсьведамілі, што чыняць з людзьмі. Гэта была б тады на іх пякельная кара. Бо навошта асьвенцімскія печы, калі ў мірны час спальвае мільёны маладых найлепшых людзей мароз і голад. Тупеюць і зьвярэюць яны ад зьдзеку й нявольнай працы, на дзесяцігодзьдзі адарваныя ад сем'яў, ад сяброў і сьвету… Марксізм у яўнай практыцы.