Пакуль нас шманалі (каторы раз!) і правяралі дакументы, да нас падыходзілі белыя й чорныя людзі. Чорныя — маладыя дзяўчатырабацягі, якіх ужо вятры й сонца пад гэтым нізкім небам здолелі ператварыць на ўзбэкаў. Мяне ўбачылі мае немкі з Вены, і пачаўся віскат. У мяне быў той рубель яшчэ з Арла, і я дала ім яго, як гасьцінца. Здалі мы рэчы ў капцёрку, пагналі нас у баню, а пасьля ў баракі. Назаўтра далі сукенкі з шэрага лінючага палатна, чаравікі з парусіны, бушлаты й панчохі «цвета утренней зари», у якіх мы хадзілі, як буслы. Нам сьлед было забыцца, што мы жанчыны, а памятаць толькі, што мы рукі для кіркі — рабочая сіла… Рабсіла, як нас называлі. Далі нас з Людкай у брыгаду Ілгі Дзіндонс, гдзе былі адныя латышкі. Ілга была тупая, жудасная асоба, якая падлізвалася да начальства і ўсю работу, якая цяжэй, узвальвала на чужы элемэнт у брыгадзе, на нас. Не прывыкшая да цяжкай фізычнай працы, аслабелая ў цюрме, я ледзь выжыла ў тае жудаснай Ілгі ў той першы час.
На ОЛПе аказалася й Роза, баптыстка з львоўскай перасылкі. Я яе проста нечакана сустрэла, яна йшла ў маей сукенцы. Роза запрасіла мяне ў свой прывілеяваны барак для швачак. Я была вельмі галодная й з радасьці прыняла пачастунак Розы — хлеб з цукрам. Шапталіся мы паціху, бо Роза вельмі баялася свае начальніцы са зьняволеных. Але тая начальніца ўсё ж падышла да нас і пачала выпытваць, якой я нацыі і т. п. Мае адказы яе насьцярожылі, і калі я сказала, што я прытым з Прагі, яна пачала пытаць мяне, каго я там ведаю з беларусоў? Я пару асоб назвала, рэшту пачала называць яна. Тут-то я зьдзівілася, а калі я назвала сваё прозьвішча, яна ледзь ня кінулася на мяне з кулакамі, крычучы, як гэта я, паэтка, сьмела сюды трапіць, чаму я не схавалася гдзе, не ўцякла? Аказалася, што латышка Люцыя Антонаўна Лепаціс (здаецца) была роджаная Клагіш, беларуска. Яна нават амаль год вучылася ў Празе, а яе брат дык там закончыў студыя. Цяпер яна тут загадчыцай гэтай майстэрні. Яна аракул для начальнікавых жонак, якіх абшывае лагерная бяздольная моладзь… Адзіная яна жыве не ў бараку, а ў асобным пакойчыку й мае асабістую слугу, старую фрау Буш, з якой разам і сьпяць, і ядуць… Роза дрыжыць перад ёю… Усе гэта мне не падабалася… I зімою, і летам тыя савецкія дамы шылі выключна квяцістыя крэпдэшынавыя сукенкі. А што, мелі грошы, дык шылі іх у вялікай колькасьці. Дарма шукаў бы там ваўняны, адпаведны клімату касьцюмчык ці сукенку — усё было параднае, прэтэнсыянальна крыклівае. Кваліфікаваныя швачкі шылі добра. Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміністрацыю лагера са зьняволеных. Гэта быў сталы кантынгент людзей, якія ніколі не хадзілі за зону, а толькі часам мяняліся прыдуркавымі сваімі месцамі як начальнік сталовай, нарадчыцы, загадчыцы, лекаркі, медсёстры, пажарніцы і т. п. Апошнімі ў гэтай іерархіі былі днявальныя, сьвінаркі й розныя прыбіральшчыцы ці шаўцы, але й гэтым пашанцавала, бо хадзіць кожны дзень за зону, як тады, без выхадных, без якіх-колек абагравалак у тундры ў 40-градусны мароз было амаль згубай.
З беларусак на нашым ОЛПе былі М.І.Зарэцкая, жонка Міхася Зарэцкага, праўда, яна тады называлася Касянкова, Каця Грынкевіч, Таіса (прозьвішча ня памятаю) ды яшчэ пару асоб. Мы крыху збліжыліся з Таісай.
Побач, за які кіламэтар, быў мужчынскі 1-шы ОЛП, там быў ДОК[106]
, на які часам вадзілі брыгады й ад нас. Павялі туды аднойчы й нас. Лета халоднае на поўначы, абманчывае, дык я надзела яшчэ пад спаднічку паласатыя мужавы нагавіцы ад піжамы й завязала праскую хустачку, бо яшчэ «формяных» тады не было. Круціцца пас з таго ДОКу, а мяне тая Ілга паставіла адкідаць з паса апілкі. Што ж, няцяжка, павявае ветрык, і я махаю лапатаю колькі трэба. Бачу, падыходзіць мужчына, невысокі, рыжаваты, знаемы твар… Так, гэты чалавек быў у нас у Празе… Чалавек зьбялеў, падбег да мяне й вырваў лапату. «Я не магу, я не магу бачыць у вашых руках лапаты, Ларыса Геніюш», — закрычаў з нейкім болем. «Нічога, — кажу, — я ўмею абыходзіцца й з ёю» — і папрасіла лапату назад… Гэта быў Сямён Раманчук. Да канца работы ён ад нас з Таісаю не адыходзіў, прывеў яшчэ Федзю Вялёнду й Пятра Рашэтніка, а калі сырэна прагула канец працоўнага дня, дык пайшоў за намі. Нас яшчэ не адводзілі, і мы сядзелі на бярвеньнях і гутарылі. Асьцярожна, але настойліва пытаўся Сямён, як я сюды трапіла. Ён смяртэльна спалохаўся, што дабравольна. Я ўсё коратка яму паясьніла, тады ў яго вырваўся цяжкі ўздох і словы: «Ах, каб я мог узяць сабе вашых дваццаць пяць лет, а аддаць вам свае пяць, што мне сядзець засталося». — «Кожны мае свой лёс, — кажу, — і мне мой срок, вам ваш». — «Божа, каб хоць вашую брыгаду закрапілі за ДОКам, — прастагнаў Сямён, — каб я вас мог бачыць…»