Читаем Споведзь полностью

Камера, у якую нас прывялі, была невялікай, а ў ёй бітком набіта людзей. На нарах, пад нарамі, усюды на падлозе — пальцам ня ткнуць. На этап трэба добра апранацца, у найлепшае, а то блатныя ўсё выкрадаюць. На гэты раз і я адзела свой шэры ангельскі касьцюм, пальто й каптурык. Стаяла я ў куце ды думала: гдзе можа быць мой муж? Тут падышла да мяне маладая полька й паклікала да нараў, на якіх разьмясьцілася болыпае таварыства. Выдзялялася жанчына крыху ўжо сівая, з прыгожым арліным профілем, у лагерных лахах і жудасных «чунях» на нагах, але, нягледзячы на гэта, самая шляхотная з выгляду з усей гэтай пакутнай чалядкі. Яна запыталася ў мяне, хто я, якой нацыянальнасьці? Я адказала: «Ці ж ня ўсё роўна?» Мяне ўпарта дапытваліся далей, тады кажу: «Маю народнасьць вы, палякі, не прызнаеце, ня любіце — я беларуска!» — «А як вас зваць, хто вы?» — «Ну, гэта вам нічога ня скажа…» — «А можа?» — сказала пані Гражына Ліпінская, тая самая шляхотная жанчына, з твару якой сьвяцілася сіла й боль. Я назвала свае імя, і пані Гражына аж ускрыкнула: «Дык вы ж нашая паэтка!» I пачалася ўжо гутарка аб усім. Пані Гражыну вязьлі з Поўначы ў Караганду, нас на Поўнач. Яна мела дасканалую памяць і расказала мне, хто ўжо ў мінулым вяку ехаў сюдэмі, гнаны маскалямі пасьля паўстаньняў. Гэта ж быў Кіраў, старая страшная Вятка, праз якую пехатою гналі некалі няшчасных нашых продкаў такія ж, толькі цяпер яшчэ болей адзічэлыя, нялюдзкія маскалі… Я даведалася ад пані Гражыны, што з намі тут знаходзіцца й генерал Вайцяхоўскі, якога таксама вязуць у Караганду…

Вечарам пані Гражыну й палову яшчэ перапоўненай камеры выклікалі на этап. Мы абняліся. Перад тым у пальто зашыла пані Гражына мне свой адрас. Яна была разумным, практычным вязьнем. Яе адрас я перахавала да асвабаджэньня. Ён выпаў у мяне ўдома з парванага ўжо пальта. Я засталася на нарах са знаёмай пані Гражыны, маладой жанчынай, здаецца, з Беластоку, якая расказала мне, чаго не пасьпела сказаць пані Гражына, аб тым, што 300 полек пасадзілі за АК[101] i што ў час акупацыі пані Гражына была ў Менску галоўным прадстаўніком Лонданскага ўраду Польшчы…[102] Знача, і ў вайну ня толькі сваю тэрыторыю, але й нашую яны ўжо намерваліся забіраць пасьля немцаў… О, Край мой, столькі ворагаў разрываюць Цябе на часьці, забыўшыся аб тым, што й Ты маеш нарэшце права быць вольным! Пані Гражына, праўда, гаварыла мне верш аб тым, што Беларусь — гэта сястра Польшчы, але я з практыкі ўжо ведала «сваяцкія» адносіны Польшчы да нашага народу. Гэта было жудасна… Ну а цяпер і яны, і мы былі поўнасьцю ў «кіпцюрох ГПУ», як пісаў некалі Аляхновіч. Супольны вораг — гэта ўжо прычына, каб не сварыцца…

Цераз тыдзень нешта нас павезьлі далей. Усё пусьцей і пусьцей было на гарызонце, пагінулі гарадкі, вёскі, і толькі тырчэлі вострыя вярхі ялінаў, абсьцёбаныя вятрамі, пургой. Тырчэлі, штораз часьцей, у гэтай пустэчы вышкі. Вышкі й вышкі, і толькі вышкі падымаліся ўжо па абодвух баках дарогі, а лясы рабіліся ўсё ніжэйшыя, а вярхі ўжо зусім без гальля. Усё меней, меней бярозаў, адны худыя сасонкі і яліны. Так нас прывезьлі на Інту ў Комі АССР. Ксёндз ехаў разам. Мы маўчалі, бо тое няведамае, што чакала нас, спаралізавала нат словы…

Нарэшце брыдзем мы па сьнегу й лужах. Ужо май, недзе палова яго. Канвой з сабакамі гоне нас, як быдла. Валочым свае мяшкі. Стаімо перад брамаю, чытаюць нашыя прозьвішчы, мы мусім адказваць сваю стацьцю, срок і абавязкова канец сроку. Гэта ўжо такі азыяцкі зьдзек, каб кожны памятаў, як доўга будзе так валачыцца па тундры з кіркою й ломам, гнаны канваірамі і іх адпасьвенымі аўчаркамі. Мне канец сроку прыпадаў на 73-ці год. Але ўсе ў руках Найвышэйшага, і даўно, даўно тыя, якія нагарадзілі мяне гэтым падаркам, самыя гніюць ужо ў непасьвянцонай зямлі…

Адчынілі браму. Нас сустрэла начальства. Здалёк прыглядаліся нам брацьця па долі, бо кожны этап прыносіў новасьці. Мы сумна пераглянуліся з ксяндзом. Нашыя рэчы ўжо выкідалі на дарогу ў балота. Мая ружовая й галубая праская бялізна не закрыла на гэты раз маяго скарбу, які я перавезла праз усе этапы цудам, — чэскую Біблію. Яе схапіў начальнік лагеру яўрэй Шапіра й пачаў верашчаць, што сюды прывезьлі працаваць, не маліцца. Ён злосна гартаў маю дарагую кнігу й ненавісна трымаў яе ў руках. Але раптам убачыў на зямлі крыж ксяндза Лазара, яго кніжку маліцьвенную і яшчэ нейкія рэчы, належныя званьню ксяндза, яго служэньню. Тут малады, аблезлы й выжыты ўжо са ўсяго чалавечага Шапіра амаль пырскаў сьліною, бясіўся. Ксёндз спакойна сказаў яму, што, забраўшы маліцьвенныя рэчы нашыя, не забярэ Вялікага Вечнага Бога з нашага сэрца і Ён будзе з намі. Я бачыла пасьля закручаныя парашкі ў лісточкі мае чэскай Бібліі і іншых маліцьвенных кніг. Што ж, у бандытаў і злодзеяў ніколі нічога не было й ня будзе, нават паперы на аспірын…

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих казаков
100 великих казаков

Книга военного историка и писателя А. В. Шишова повествует о жизни и деяниях ста великих казаков, наиболее выдающихся представителей казачества за всю историю нашего Отечества — от легендарного Ильи Муромца до писателя Михаила Шолохова. Казачество — уникальное военно-служилое сословие, внёсшее огромный вклад в становление Московской Руси и Российской империи. Это сообщество вольных людей, создававшееся столетиями, выдвинуло из своей среды прославленных землепроходцев и военачальников, бунтарей и иерархов православной церкви, исследователей и писателей. Впечатляет даже перечень казачьих войск и формирований: донское и запорожское, яицкое (уральское) и терское, украинское реестровое и кавказское линейное, волжское и астраханское, черноморское и бугское, оренбургское и кубанское, сибирское и якутское, забайкальское и амурское, семиреченское и уссурийское…

Алексей Васильевич Шишов

Биографии и Мемуары / Энциклопедии / Документальное / Словари и Энциклопедии