Мяне вярнулі ў камеру, і я паглядзела на чалавека, якога вялі разам і які, бедны, адседзеў за мяне, бо гэта ён нам стукаў. Гэта быў сярэдняга росту мажны чалавек лет, можа, дваццаці сямі. Мы з ім пасьля сустрэліся на этапе. Называўся ен Лёша, прозьвішча ня памятаю, але чалавекам ён аказаўся харошым, таксама асуджаным на 25 лет. У камеры я доўга не пабыла, за тыдзень выклікалі мяне на этап. Зьвялі нас, тых, каго адпраўлялі, у вялікую залю. Маяго мужа не было. Сэрца замерла мне, бо думала, што ен усе ляжыць хворы. Не было ў каго папытацца, бо ніхто мне не адказаў бы.
На этап ішло да сотні чалавек, між якіх толькі тры жанчыны. Мяне зацікавілі ксяндзы. Гэта былі ксёндз Лазар і ксёндз Юзэфскі. Ксёндз Юзэфскі быў худы, высокі, крыху неспакойны; наадварот, ксёндз Лазар з Брэста быў гаваркі, добрай думкі, быстры і, здавалася, вельмі харошы чалавек. Мы адчулі да сябе ўзаемны давер. Калі нам давалі хлеб і пару ложачкаў цукру на этап, дык чалавек, які мне гэты цукер мераў нейкім малюсенькім чарпачком, памалюсеньку даставаў з мяшочка той чарпачок і гаварыў мне: «Ваш муж адпраўлены ў напрамку на поўнач ужо тыдзень таму. Усяго вам добрага». Знача, муж быў здаровы больш-менш, калі яго адправілі. Стала сумна, муж быў худы, адныя косьці — сапраўдная ахвяра бальшавіцкага зьдзеку. Я ведала, што і ён няўступны й чэсны чалавек, і баялася, як ён дасвць радьт выжыць, бо характар у яго быў капрызны, а даверлівасьць дзіцяці да людзей. Вычытваючы мае паперы, кляты той афіцэр яшчэ не забыўся мяне вылаяць. Нарэшце нас павялі. Пакідалі мы тую польскую новабудоўлю, якую яны выстраілі спэцыяльна, паводле ўсіх «мадэрных правілаў», каб мучыць там усіх незадаволеных іх нялюдзкімі адносінамі да нас, паднявольных народаў. Што ж, сядзелі там і яны, і мы, бо на іх месца паявіліся іншыя, якім таксама не хацелася бачыць свабоднымі Беларусі й Украіны. Вялі нас праз горад з мяшкамі, вузламі, а мяне яшчэ з чамаданамі, якія, праўда, нёс цяпер Лёша. Некалі ў Празе я адварочвала голаў, калі бачыла праз вокны трамвая, як гоняць гэстапакі яўрэяў з такімі мяшкамі. Тады я плакала, цяпер — не! Самому, мусіць, лягчэй пераносіць мукі, чымсьці бачыць, як мучацца людзі… Насустрач нам ішлі людзі, нейкі «победитель Европы» ў даўгой, як спадніца на сяле, афіцэрскай шынэлі нёс пад пахаю цэглападобную буханку хлеба і, унурыўшы голаў, не паглядаў на нас, а нейкі малады канваір паглядаў на нас з жалем, другія строга «спаўнялі свой абавязак» і, трымаючы адныя сабак, другія аўтаматы, гэтак, напэўна, гаалі б сваяго роднага бацьку… Мы пакідалі Беларусь, тую, па-іхняму «свабодную краіну», з якой народ адвозілі куды хацелі на нечалавечыя мукі і якой усім маскальскім ботам моцна, па-варварску, па-сталінску наступілі на яе кволае нацыянальнае горла й амаль не задушылі насьмерць.
Нас разьмясьцілі ў знаёмыя ўжо мне «апартамэнты вагонзака», дапаўняючы намі ўжо й так поўныя клеткі. Мы з Нінай Камбэрскай, здаецца, з Менску, і нейкай другой цяжарнай жанчынай з-за Брэста трапілі ў клетку побач з ксяндзамі. Мы маглі гаварыць. Ксёндз Лазар знаў многа моваў, праўда, ён не лічыў патрэбным на Беларусі ведаць беларускую мову, ну, але гэта няхай яму прабачыць Бог, які даў пакуль што магчымасьць цярпець беларусам за сваю свабодную будучыню, у якую мы цэлым сэрцам верым. Была каталіцкая Вялікая Пятніца, усе былі крыху пад гэтым уражаньнем. Ксяндза асудзілі на 10 гадоў, а за што, ён нават добра ня ведаў. Затое ен ведаў дзень сваяго арышту яшчэ перад арыштам і ведаў дзень, калі яго пусьцяць. Гэта ён ведаў з прарочага сну, з якога многа ўжо спраўдзілася. Ля нас ехаў яшчэ другі Лёша, як ён расказваў нам, яго схапілі, калі прызямляўся на Беларусі, скінуты з дэсантам, так і быў яшчэ ў камбінэзоне. Ехаў там яшчэ й харошы беларускі студэнт Борыс па прозьвішчу, і так стварылася наша маленькая група. Мы стараліся дапамагчы сабе ўзаемна хоць словам, беглі да сябе заўсёды, калі нас выводзілі на этап з чарговай перасылкі.