I вось мой суд. Усе незвычайныя падзеі ў маяго таты былі ў лютым, ен не любіў гэтага месяца. Я заўважыла, што я й гэта па ім аддзедзічыла[98]
. Я ведала, што судзіць мянt будуць няйначай як у лютым. 7 лютага я выменяла за нейкую ружовую дэталь свае бялізны крыху папяросаў мужу, кусочак хлеба й кавалачак сала тоненькі-тоненькі. Мяне пасадзілі ў знамянітае дасягненьне савецкай культуры, «чорны варанок», прывезьлі пад нейкі дом і ўвялі ўсярэдзіну. Была там загарадка для нас, лаўкі для некага, стол для судзьдзяў, вышэй крыху й на абадраных сьценах вусаты «отец народов». Было некалькі канваіраў. Адначасова амаль увялі й маяго мужа. Канваір адразу на яго абрушыўся, але я таксама груба, як ён, адразу нахабніка прысекла, і ён, відавочна, спалохаўся мяне, бо замоўк. Увайшоў суд, нам загадалі ўстаць і сесьці, і пачаліся абвінавачваньні. Я ўжо дакладна ня памятаю, але віна мая была — Камітэт самапомачы ў Празе, а мужава тое, што ён быў у Слоніме (па камандзіроўцы). Нешта гаварылі, а муж, худы, страшны, бяз зуба наперадзе, на нікога не ўслухаўся, толькі паглядаў на мяне праз сьлёзы й шаптаў: «Мама, мамачка, вось я табе прынёс часнычок, ён так падобны на лілью, якія ты любіш. Думай, што гэта кветачка, лілья. Трэцяга ж была гадавіна нашага вясельля, я выпрасіў табе часнычок у баптыста…»[99] Я яму дала свае падаркі, і мы амаль не зьвярталі ўвагі, што гавораць да нас апрычнікі. Гэта быў Вярхоўны суд БССР пры ваенным пракурору. Сядзела там і нейкая баба, а прадсядацелем яго быў нейкі Шаўчэнка. Гэтае аднафамільства гіцля й генія мяне бянтэжыла. Нарэшце далі мужу апошняе слова, і ён заплёўся ў словах, і пацяклі яму сьлёзы. Я штурхнула яго ў бок, але ён плакаў… Маё апошняе слова было злосным, я ўспомніла сьмерць бацькоў і ўсю іх суровасьць і несправядлівасьць, амаль лаялася з імі, бо й гаварыць не было там з кім. Суд выйшаў. Але не пасьпеў выйсьці, як ужо вярнуўся назад. Знача, вырак быў ужо гатовы, і працэс суда быў суцэльнай камэдыяй! Гэта ж амаль як у Гітлера, а то й мандрэй, падумала я сабе. А нам чыталі вырак па 25 гадоў ІТЛ кожнаму, без канфіскацыі маёмасьці з той прычыны, што ў нас яе няма. Мне падкасіліся ногі, але злосьць і нянавісьць да садыстаў вярнулі мне сілы, і я выслухала ўсе да канца. Бедныя людзі, бясьсільныя стварэньні, падумала я, убогая дзяржава мучаных і мучыцеляў і другіх між імі няма! А той Шаўчэнка, між іншым, пачаў гаварыць: «Лариса, мы за воровские организации даем по десять лет, мы вас пересудим. Мы не имели бы места для вас, если бы вы были с нами, но вы с этими бандитами. Вы пишите, мы вас пересудим». Не, кацюга, я ня буду з такімі, як ты!!!Суд адышоў, пачынала зьмяркацца, нехта паглядаў пад вокнамі. Нас з мужам пакінулі сядзець, прыціхлі канваіры. Мы размаўлялі, успаміналі сына, але што скажаш у хвіліну страшэннай, безнадзейнай разлукі, калі, адарваўшы сына, разьдзяляюць цябе людаеды з сям'ёй, са сьветам, з культурай, з усім… Гэтаксама стаяць над магіламі, ад якіх адыходзяць у пустэчу… Нарэшце нас вывелі, нават канваіры зацемілі, што судзілі нас ні за што, але што тут «не Чэхаславакія»… Нас вывелі на засьнежаную вуліцу. Гарэлі агні, мы йшлі разам, канваіры за намі. Дарога была як на Галгофу. Нечаму я папрасіла мужа, каб забыў пра мяне, што буду ўдзячная кожнай жанчыне, якая аблегчыць яго цярпеньні й адзіноту. Сьмешна было думаць пра сябе перад адкрытаю магілай, і хацелася толькі, каб другому лягчэй, каб лепей. Нябачна побач з намі крочыў сын. Імя яго мы не называлі, бо, здаецца, памерлі б ад гэтага… Нас прывялі пад нейкую вязьніцу, гдзе муж жыў ужо тры тыдні. На мяне чакаў «воран». Мы абняліся, і я захісталася на нагах, як у буру…
Завязьлі мяне зноў у тую «амэрыканку». Начальнік вязьніцы, адпраўляючы мяне на суд, сказаў мне, што дадуць мне тры гады. Цяпер ён падышоў да мяне й сказаў, што хацеў, каб я была сільнай, таму махляваў… Я засталася сама, і думкі пра зьдзек над намі, пра сына, пра загубленае жыцьце адымалі розум. У галаве стукалі словы: гдзе гора, гдзе боль свой дзенеш, паэтка Ларыса Геніюш?.. Прыйшоў начальнік. Мне прынесьлі мае рэчы. Зямляк з Лазоў груба мяне вылаяў, і начальнік сам панёс мае рэчы да «варанка». Мяне завезьлі ў вязьніцу для асуджаных, у нейкі быўшы палац з вежамі, і ўпусьцілі ў камеру жанчын. Як я пасьля разгледзела, зямляк з Лазоў пацягаў шмат маіх рэчаў, а мужавыя скураныя сьветлыя рукавіцы, якія нечаму трапілі да мяне, дык знасіў дарэшты.
Народжаная ў полі, выгадаваная ў полі, часта чужая паміж людзьмі, я магла б зусім шчасьліва жыць, калі б толькі слухала голасу сваяго сэрца. Яно мне падсказвала заўсёды непамыльную тактыку, а я часта пачынала думаць катэгорыямі другіх людзей, і гэта мяне вяло не туды, гдзе трэба…