Некалі ўдома ў сялянскай цэркве ў Воўпе я бачыла высокага дзецюка, здаецца, з сяла Лазоў. Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэньні да мяне ці да маяго таварыства. Гэты чалавек быў цяпер важнай асобай у менскай вязьніцы й зьдзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, гдзе прысутнічаў пры нашым купаньні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высьмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі… Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з маяго зьняволенага становішча. Гэта было жудасна… Калі мяне асудзілі й срок 25 лет ІТЛ[97]
павіс над нашай сям'ей, мне падкасіліся ногі. Начальнік менскай вязьніцы сказаў мне зьбірацца ў другую цюрму для засуджаных. Я ўзяла чамадан і захісталася. Тады ён сказаў таму высокаму дзецюку памагчы мне. Ён вызьверыўся, што ня будзе памагаць памешчыцы, якую нарэшце засудзілі да сьмерці, і г.д. Тады той начальнік, нейкі расеец, занёс сам мой чамадан да таго «варанка»…Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, гдзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно. Новы сьледавацель пачаў часьцей мяне выклікаць, пісаць і запісваць. У камеры была нейкая Ольга Гелах з Оршы. Яе прывезьлі з лагероў, здаецца, спэцыяльна для расправы нада мною. Калі я высказалася супраць гэтага зьдзеку, яна пачынала біць мяне кулакамі па галаве. Як я заўважыла, дык рабіла гэта яна на загад сьледавацеля. Гэта была страшная, хоць не старая яшчэ асоба, на якой лагер пакінуў свае найгоршыя сьляды, г. зн. жудасны слоўнік і адсутнасьць абсалютная якой-колек маралі. Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на сьмярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў. У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву. Мне было лягчэй, здавалася, што сын мой мяне ўспамінае… Нейкая бабка, асуджаная па бытавым параграфе, нам разносіла ежу. Яна маўчала, але відно было, што вельмі шкадуе мяне. Тая бабка на нейчы дазвол давала мне часам грэлку. Мяне, здаецца, травілі, мне вельмі балела печань. Усюды ў вязьніцах лекарамі былі яўрэі, але найгоршы хіба быў тады ў 48-м годзе ў менскай круглай вязьніцы. Ніхто яго прозьвішча ня ведаў, называлі яго проста Піня. Калі мяне завялі да яго, ён нават на мяне ня глянуў, толькі сказаў, што некалі я добра аджыўлялася, а цяпер мой арганізм пераядае печань, і яна таму баліць, і ён мне ні ў чым ня можа памагчы… Ён нікому ні ў чым не памог, і, здаецца, ен гэта травіў мяне цераз ежу.
Ноччу ў камерах гарэў заўсёды сьвет. Сьвяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі ня хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыцьцё й прагнуць выжыць. Начамі часта разьлягаліся крыкі: «Пашто б'еш мяне?» Некага мучылі ўсе, некага білі, было нейк жудасна.