Читаем Споведзь полностью

У Баранавічах вязьніца была вялікая, дзеравяная. Усё тут было з дрэва: і дзежка на ваду, і праславутая савецкая параша. Сховішча на рэчы там не было, так як усе савецкія парадкі яшчэ не былі заведзеныя, і мае рэчы пасьля шмону далі мне ў камеру. Сядзела там ужо некалькі жанчын, пераважна маладых. Адна з іх рэкамэндавалася партызанкай. Мова яе была настолькі пераплеценая нецэнзурнымі словамі, што здавалася, гэта асаблівая мова, «дыялект» партызанскі, і толькі брала дзіва, як гэта мог чуць падобнае стары беларускі лес… Жанчыны ўсё ў мяне выпытвалі, а позна ўвечары пачалі памалу нападаць на мяне, рысавацца сваёй партызаншчынай і паглядаць у бок маіх чамаданаў. Нарэшце, адзначыўшы ўсе свае «заслугі» перад савецкай уладай, яны сабраліся дзяліць між сабой мае рэчы, як ваенны трафей, але нейкі таварыш адчыніў акенца й моцна на іх прыкрыкнуў. Ён загадаў ім не чапаць мяне, і яны адсталі. Абманутыя, яны бурчалі, як кошкі, але я па дабраце душы свае дала ім нейкія драбніцы, і настрой іх адразу зьмяніўся. Перад сном яшчэ яны пасьпелі даць мне нязгоршы партызанскі канцэрт, які я з цікавасьцю выслухала. Я толькі думала сабе, што там з маім мужам? Раненько, яшчэ не развіднело, нас адпраўлялі далей. Было нас пад 50 чалавек. Дзялілі нам па куску хлеба, па сырой рыбіне й па капельцы цукру. Цікава было тое, што нейкі афіцэр папытаўся, цi няма ў мяне хустачкі? Хустачка была, і ён усыпаў мне ў яе місачку цукру. Гэта быў каралеўскі жэст з яго боку! Я ўвесь той цукер аддала мужу, але ўдзячнасьць за яго доўга саладзіла маё сэрца. Пагналі нас строем, з сабакамі недзе аж пад горку, гдзе загадалі прысесьці на зямлі, каб нас не было відно. Канвой быў нейкі нязлосны, свойскі, і мы прыпалі да зямлі, як курапаты. Пасьля прыйшоў цягнік, і зноў нас пагрузілі ў зьвярыныя клетачкі, мужа, на гэты раз, недалёка ад мяне, і павезьлі нас у Менск. Мы ехалі Беларусьсю. На станцыях спыняўся цягнік і шчодра папаўняліся нашыя клеткі. Заводзілі па-вясковаму бабы, а іх сыны з торбачкамі мужаліся й панура залазілі ў клеткі. «Мамачка, — казаў муж, — дык мы ўжо ў Беларусі, паглянь, няўжо не адчуваеш сваяго паветра?» — «Адчуваю, — кажу, — аж надта, але чую, што яшчэ болып буду яго адчуваць, таму мне хацелася б быць цяпер як найдалей ад гэтага паветра, на другім канцы зямнога шару».

У Менск прыехалі мы рана. Ля цягніка зноў паявіліся канваіры з сабакамі, і тыя цюцькі вельмі варожа на нас паглядалі, паблісквалі толькі іх завостраныя клыкі. Нам зноў загадалі прысесьці й нахіліць голавы, а пасьля павялі ў іншы вагон, гдзе мы праседзелі да позьняга вечара. Гутарылі мы праз сьценку з мужам, прашчаліся. Я хацела прыгатаваць яго, каб ня лішне спалохаўся — калі будзе зацяжка й не стрываю зьдзекаваньня, дык пастараюся ня жыць. Ён так зьбянтэжыўся, так спалохаўся, што ледзь не памёр адразу, і я абяцала яму, што выжыву. Яшчэ раз папрашчаліся мы з ім у «чорным воране». Вуліца была асьвечаная, хадзілі людзі, і нас хутка ўвялі за браму менскай вязьніцы, т. зв. «амэрыканкі». Тэатральна ветліва прывітаў нас нейкі турэмны начальнік, які вельмі зьдзівіўся, што няма з намі сына, і шчыра аб гэтым пашкадаваў… Ад яго слоў холад пайшоў мне па целе й нядобрае прадчуваньне сьціснула сэрца… Нас разьдзялілі з мужам. Мяне павялі ў нейкі павук. Я вельмі напалохалася, а пасьля пхнулі ў камеру, якая мела форму гроба з прыкаваным сталом і такімі ж прыкаванымі й адложанымі нарамі з бакоў. Узор на гэтую турму запазычылі саветы ў Амэрыцы, як мне пасьля сказалі, і не адна сотня, і не адна тысяча беларусаў у безнадзеі й муках пазнавала тут сутнасьць марксізму-ленінізму з яго першапачатковых жарол… Увесь Менск разьбілі бязьлітасна, наступаючы, немцы, а вось гэтай клятай будыніны не кранула ні адна бомба на нашу бяду! Праседзеўшы там некалькі месяцаў, я абдумвала плян, як з гэтага месца чалавечых мукаў зрабіць некалі музэй ці капліцу, гдзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на задушныя дні.

А тым часам я села на прыкаваны столачак і пачала думаць пра мужа. Аб сыну мы стараліся не гаварыць і ня думаць, гэта балела нястрымана, амаль фізычна, і рвала нэрвы. Па дарозе з Баранавічаў у Менск перакідаў, на гэты раз ужо беларускі канвой, мужавы рэчы. Я толькі чула са свае клеткі, як муж прасіўся ў яго: «Бярэця што хачаце, толькі пакіньце мне мае кніжкі, яны ж мэдыцынскія, прашу вас, пакіньце, пакіньце…» Мне стала сорамна за мужа, што так бн уніжаецца дзеля кніжак. Я ня ведаю, ці той канвой кніжкі пакінуў, але ведаю толькі, што забраў яму і свэтар, і нагавіцы найлепшыя, і наагул забраў, што хацеў…

Мяне палохалі бандыцтва й самаволя. Яшчэ ў тую ноч увялі мяне ў камеру на нізе вязьніцы. Было там некалькі жанчын, і адна з іх, Жэня Шостак, ведала мяне з прэсы. Яна заапекавалася мною, памыла мяне, дала пад'есьці. Я заўважыла, што пагана бачу. Акрамя Жэні былі ў камеры нейкая Нэла з Менску, Надзя Еўтухова з Полацку й старэнькая бібліятэкарша з Менску, якая вельмі бедавала па пакінутых удома адзінокіх кошках… У камеры было чыста, і да мяне былі ўсе ветлівыя.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих казаков
100 великих казаков

Книга военного историка и писателя А. В. Шишова повествует о жизни и деяниях ста великих казаков, наиболее выдающихся представителей казачества за всю историю нашего Отечества — от легендарного Ильи Муромца до писателя Михаила Шолохова. Казачество — уникальное военно-служилое сословие, внёсшее огромный вклад в становление Московской Руси и Российской империи. Это сообщество вольных людей, создававшееся столетиями, выдвинуло из своей среды прославленных землепроходцев и военачальников, бунтарей и иерархов православной церкви, исследователей и писателей. Впечатляет даже перечень казачьих войск и формирований: донское и запорожское, яицкое (уральское) и терское, украинское реестровое и кавказское линейное, волжское и астраханское, черноморское и бугское, оренбургское и кубанское, сибирское и якутское, забайкальское и амурское, семиреченское и уссурийское…

Алексей Васильевич Шишов

Биографии и Мемуары / Энциклопедии / Документальное / Словари и Энциклопедии