З мужам я сустракалася часта. Баракі абходзіла нейкая лекарка, у якой акрамя белага халата й аспірыну нічога болей не было, але факт яе існаваньня ўжо напамінаў «гнілым буржуям» аб вышыні савецкай мэдыцыны. За галубое піжамка ў кветачкі, з якога баптыстка Роза перарабіла лекарцы модную блюзку, эскуляпка ласкава брала мяне з сабою насіць столачак з яе няхітрымі перавязкамі, і мы накіроўваліся заўсёды, гдзе быў мой муж. Погляд, усьціск рукі, пару слоў, пераданая запісачка — усё гэта былі вялікія эмоцыі, якія памагалі жыць. Я была яшчэ сьледственнай, і мне дазвалялі йсьці з бакам з другой напарніцай па кіпяток. Ішлі мы заўседы паціху, цягнулі той бачок паволі, каб даўжэй пабыць на паветры, пачуць нешта новае, чым можна было б пацешыць сваіх у камеры.
Акрамя Маці Марты пачала праяўляць вельмі вялікі інтарэс да мае асобы старшая нашай камеры — расейка. Была яна асуджаная на пару гадоў, нейкая артыстка ці нешта падобнае, але настолькі праціўная, сказаць проста нельга. Яна як старшая камеры загадала перанесьці мне мае лахманы да яе й спаць з ёю побач. «Ах, якое ў вас усё загранічненькае, — не сьціхала яна, — вось прадайце мне гэту сукенку шаўковую, я дам за яе кілаграм сапраўднага масла вашаму мужу». На масла для мужа можна было мяне купіць, і мая мілая пражская сукеначка перайшла ў рукі старшой. Доўга мы радзіліся з Маці Мартаю, як ратавацца ад ведзьмы, і Маці Марта вырашыла, што дзеля спакою трэба мне ўсе стрываць, бо чалавек гэта небясьпечны для цэлай камеры й Маці Марта сама ёй плаціць даніну. А Валька, наш блатны пачальнік, часта заглядаў у нашу камеру й весела пашчыпваў старшую.
Аднойчы несьлі мы кіпяток, а Валька, з некім душэўна гутарачы, разьвесяліўся такім жудасным расейскім матам, што, слухаючы гэта, можна было згарэць з устыду. Але ўбачыўшы мяне, вельмі, вельмі засаромеўся. «Даруйце мне, — прасіў, — я ж вас ня ўбачыў». Мяне крыху зьдзівіла яго блатная далікатнасьць, але засталося добрае ўражаньне. Выклікаў ён мяне раз у сені бараку й так ветліва папрасіў, ці не прадала б я са сваіх рэчаў яму сукеначку для яго каханай. Я згадзілася, і ён хутка дастаў дазвол весьці мяне ў т. зв. капцёрку. Рэчы былі ў парадку, і я дастала адну са сваіх сукенак, найболей каляровую, да таго насавую хустачку й яшчэ адну сукеначку для баптысткі Розы, бо яна ня мела чаго злажыць[94]
, і мы пайшлі. «Колькі я вам вінаваты?» — пытае Валька. А я й кажу яму: «Ня ведаю вашых цэнаў, калі маеце грошы, дык дайце іх маяму мужу, яны яму, напэўна, патрэбныя, а калі ня маеце, дык бярэце так, а вось вам яшчэ хустачка ад мяне на памяць». Усю дарогу ён мне паясьняў, што ён сын інжынера, але чэсна працаваць — гэта 600 рублёў, а красьці — гэта раскошна некалькі месяцаў жыць, а пасьля пару гадоў сядзець, што ж, аплачваецца. «Я вор», — казаў ён, а я горача даказвала яму, што з яго яшчэ будзе чалавек. А з яго быў чалавек харошы, чэсны, лепшы, як усе яго суродзічы на волі. Ён за пару дзбн прыйшоў да нас, выклікаў мяне й паважна папярэдзіў наконт старшой нашага бараку, кажучы, што яна спэцыяльна пастаўленая, каб за мною сачыць… «Я нічога не казаў», — закончыў ён гутарку й пабег. Было ўжо позна, гдзе што ведзьма змагла ўжо ў мяне выведаць. «Якія прыгожыя і акуратныя хлопчыкі былі немцы», — гаворыць мне. А я, дурань, кажу: «Што вы, яны варвары, дзікуны, але вось Джоны ў барэціках, у сваіх адпрасаваных блюзах, вясёлыя, як дзеці, добрыя, як сама Амэрыка» — і пайшла, і пайшла прадаўжаць ім хвалу. Моцна мне гэта пасьля адрыгнулася. Няўцям мне было, што культурная багатая Амэрыка куды страшней была для іх, чымсьці разьбітая ўжо Германія. Адрыгнулася мне гэта на сьледстве, гдзе разглядалі мяне ўжо як касмапаліта, так мяне й ахрысьцілі. Угаворвала і ўпрошвала мяне Маці Марта вытрымаць усе «кампліменты» старшой. Жаданьне й рады Маці Марты былі для мяне сьвятасьцю, і я перамагала сябе, гутарыла з той падлай і выслухоўвала яе хлусьню, толькі ўжо пра Джонаў маўчала.