Аднойчы, ужо ў 49-м годзе, выклікалі мяне й павялі недзе далбка на гору. Канваіры, пераважна паганыя людзі, змушалі нас закладваць рукі назад, і так было мне цяжка йсьці. Пасьля, відно, нехта йшоў насустрач, ён так павярнуў мяне да сьцяны й так трэснуў маім лобам у сьцяну, што мне пацямнела ў вачох. Пасьля валок мяне далей, далей… Нарэшце завёў у кабінэт Цанавы, жудаснага сталініста, які сядзеў у кабінэце, высланым жудасна зялёнымі дыванамі, выбітым дрэвам. Сядзеў гэты крывапіўца за пісьменным сталом, а злева, за другім сталом, сядзеў чэх і паглядаў на мяне пераможна. З мяне быў цень: скура, косьці, крыху мужнасьці ў сэрцы й рэшта — злосьць. Цанава запытаў мае пэрсаналіі, як гэта яны робяць заўсёды, і загадаў скінуць каптурык з галавы, я ня скінула. Тады пачаў крычаць: «Хто Абрамчык?» — «Мой друг», — кажу. «Хто Абрамчык, хто Абрамчык?» — «Дэмакрат», — адказваю. «А ты ведаеш, што гэта — дэмакрацыя?» — верашчыць. «Государственный строй, основанный на трех принципах французской революции», — кажу, і называю тыя прынцыпы па-французску, і пытаюся іранічна, можа, перакласьці. «Не, ня трэба!» Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэскага перакладчыка? А я яму й кажу: «Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэця па-беларуску!» Ён ашалеў! Навокал, я ўбачыла, стаяла многа мужчынаў, нейкія ваенныя, і яны ледзь не сьмяяліся, калі ён казаў: «Вы достаточно хорошо говорите по-русски!» Праўда, я сказала тады, што расейскай моваю не валодаю дасканала. Ну й вось пачынаецца: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» — «Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я ня ведаю, гдзе ён!» — «Бить ее, допрашивать день и ночь», — верашчыць няшчасны гэнэцвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» — «Вы ее испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат. А я крычу, што Бог са мною і я не баюся. Я пасьля думала, скуль узялася сіла? Мяне вывелі, і там напалі на мяне сьледавацелі. Нейкі Харашавін, якога тады назначылі начальнікам сьледственнага аддзела, крычаў: «Біць цябе сам буду, сьцягну з цябе трусы». А другі, нейкі скрыўлены, страшны, енчыў: «Павесіць яе на вуліцах Мінска!» — «Яшчэ ня вырасла тая бярозка, на якой вы мяне будзеце вешаць, — крычу, — усіх нас вам не перавешаць!» А яны ледзь не лінчуюць мяне й верашчаць: «Ты хочаш на наша месца!» Ага, думаю, во што вам галоўнае, вам народ не патрэбны, не ў галаве, вам месца! Як схопіць мяне злосьць! Знача, я думала, што са мною канец ужо, што так аслабела я й арганізм біцьця ня вытрымае. Вядуць мяне, а я хачу крыкнуць мужу, папрашчацца з ім, бо ён сядзеў у той вязьніцы недзе. Але я гэтага не зрабіла, падумала, што бедны весткі пра маю сьмерць не стрывае. У камеры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма. Недзе былі мае сябры далёкія, мой сын, брат, які адзіны выжыў з вайны. Быў спакой у людзей, агні гарадоў, чалавечнасьць, а ў мяне — адчайны бой з усімі сіламі адзічэлай рэакцыі, не, не за сябе, але за Радзіму маю, за нашую праўду, за зьняволены-пераняволены наш народ, які трапятаўся, як рыба ў сеці, каб жыць. Я ня ведала, што йсьці на сьмерць за Радзіму ня страгана, а лёгка, весела, амаль сьвяточна. Усе было пры мне, г. зн. маё сэрца й праўда. Што ж, я нашчадак прагнучых волі, шмат з нас лягло памостам для будучых дзён нашай Радзімы, якое ж я маю права баяцца згінуць за справу, за якую палеглі яны? I Цанава, і Коган, і Харашавін, і паламаны садыст, і вырадак той з Лазоў ля Воўпы сталі ня страшнымі, а нікчэмна малымі перад веліччу нашага лёсу, які трэба было здабываць. Пад вечар зноў адкрылася кармушка й гугнявы голас канваіра сказаў: «Хто на «Г»?» Я спакойна пайшла насустрач лёсу. «Рукі назад!» Я йшла лёгка, нат не ўгіналіся ногі. На гэты раз мяне прывялі ў кабінет маяго другога сьледавацеля, гдзе сустрэў мяне паламаны садыст і яшчэ некалькі катаў. Яны зноў абяцалі вешаць мяне на вуліцах Менску, але я спакойна на іх паглядала й чакала далейшага. «Ві паэт? — азваўся жыдок-сьледавацель. — Ві вершаплёт! У нас у дзесяцілетках лепш сяньня пішуць, ну?» Прысутныя рагаталі з гэтага, а ён нейк падазрона крывіўся. Нарэшце кампанія пакінула кабінет, варожа на мяне паглядзеўшы, сьледавацель маўчаў. Я спакойна чакала абяцанага біцьця. На стале ляжала прэспап'е, дык я няхочучы падумала, што калі ён мяне зачэпіць толькі, дык я схаплю тое прэспап'е, і трэсну яму па лобе, і буду біцца з ім да апошняга! Аднак ад маіх ваяўнічых намераў «выратавалі» таго жыдка ягоныя паводзіны. Ён нечакана спакойна на мяне загледзеўся й сказаў: «Ну, говорите, что ви хотите, я буду писать». Пасьля асьцярожна папытаўся ў мяне пра БНР, і я яму сказала неабходнае. Ён пісаў. Аб біцьці болей не было мовы.