Ува мне застаўся ранейшы дух адчайнай бадзёрасьці. Здавалася мне, што я трапіла ў нейкі заапарк між дзікага зьвяр'я, гдзе трэба выжыць і захаваць чалавечы воблік і лепш памерці, чымсьці гэты чалавечы воблік страціць… Мяне доўга не выклікалі. У камеры гулялі мы ў даміно. Я слухала апавяданьні тых, якія сядзелі са мною, ім падабаўся Захад. Хто быў там нават у цяжкія часы вайны, лічыў, што жыцьцё там куды цікавейшае. Мяне яны проста лічылі шчасьлівай, казалі: «Вы хоць пажылі, панасілі прыгожую вопратку, бачылі людзей, а мы, што, бедавалі ды працавалі». Мяне браў жах з іхніх слоў. Вартасьць жыцьця й яго цікавасьць, у маім паняцьці, не вымяраліся гэтым. Гэта былі нездаровыя людзі, прагныя жыцьця й яго радасьцяў за ўсялякую цану й за цану сумленьня. Вышэйшых праўдаў і глыбейшых прычынаў існаваньня яны ня ведалі. Гэтае толькі ведалі ўкраінскія сялянкі з перасылкі ў Львове, і я моцна засумавала па іх… Мне было халадно, і я папрасіла са сваіх рэчаў нейкую драбніцу. На гэта трэба было напісаць заяву ў канцылярыю вязьніцы й даць яе праз кармушку. Мне далі папер, і я па-беларуску напісала, што мне трэба. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мне вярнулі заяву з зацемкай, што «па-чэску» не разумеюць, каб напісаць па-расейску… Знача, беларускую мову палічылі ў Беларусі чэсксй! Ого, такога я не спадзявалася нават ад бальшавікоў! «О, мая Беларусь», — застагнала я шчыра…
Мінчанам часам прыносілі перадачы, але ніякага візыту, ніякага ліста нікому не дазвалялася атрымаць, хоць бы ён сядзеў гады! Ніякіх чалавечых пачуцьцяў садысты не разумелі. Адзінае, што да іх даходзіла, гэта хваліць Сталіна й камунізм. Аб Леніне тады не ўспаміналі. Людзі ратаваліся гэтым. Ня раз даваў мне Коган зразумець, што для мяне гэта ня толькі ратунак, але й кар'ера. Я ведала, што іначай загуба сыну, мужу і ўсім нашым родным, але стаць супраць людзкасьці, адрачыся ад Хрыста й зьмяшацца з гэтым жудасным заапаркам я не магла. Мне страшны быў іх выгляд, а яшчэ страшнейшым здавалася тое духовае апусташэньне іх і адсутнасьць у іх усяго лепшага ў чалавеку. Я не магла забыцца, з якой радасьцю канстатаваў Коган, што ёсьць дастаткова матэрыялу, каб асудзіць мяне. Знача, не цікавіла іх мая віна ці не віна, ім быў патрэбны матэрыял для зьняволеньня чалавека. О, гуманізм XIX стагодзьдзя, як далёка мы адступілі назад!
Нарэшце мяне выклікалі. За сталом, поўным папер, сядзеў нейкі трэці сьледавацель. Сядзеў і маўчаў. Прыбег Коган, сеў, гартаў нейкія журналы й бурчэў скрозь зубы, што ёсьць два ўрады й два прэзыдэнты беларускія за мяжой. Я маўчала, бо да мяне ніхто не зьвяртаўся, і ён выйшаў. Чужы сьледавацель прадаўжаў сядзець, а я супраць яго, так мы прасядзелі дзень, безумоўна, моўчкі. Казалі мне потым, што гэта яны робяць на канцы сьледства з усімі, а я ўжо чаго ні перадумала тады.