Аднойчы ў барак прывялі высокую, тонкую яўрэйку з этапу. На плячох у яе быў непамерна вялікі да яе фігуры мяшок, з якім яна змагалася, каб зьняць. Я падышла й памагла ёй. Гэта была Камунэла Маркман з Грузіі, таксама са срокам 25 гадоў ІТЛ. Мы разгаварыліся, але яна хутка перапрасіла мяне, што мусяе знайсьці тут адну пісьменьніцу, жонку доктара з Чэх. Знача, яна шукала мяне. Я да сяньня ня пэўная, ці ўжо тады не была яна, як і Люда Васількоўская, заангажаваная й прыстаўленая да мае асобы праз КГБ… Яна ўзялася мне расказваць, як толькі што ехала з маім мужам і абяцала яму мяне знайсьці. Мужа павезьлі на Варкуту, гэта за 300 км далей на поўнач… Стала нейк безнадзейна, нясьцерпна цяжка. Не зрабілася лягчэй, калі выклікалі нас усіх на праверку на двор. Дагэтуль па два разы на дзень строілі, лічылі й правяралі нас па бараках. На двард была сьлякаць, холад, балота па косткі. Навокал вялікага чатырохкутніка гэтага асаблівага паселішча былі старанна і ўмела на роўных, высокіх стаўбах нацягнутыя драты. Два рады стаўбоў і на іх наежаная, роўная, густая пярэпляць калючага дроту. Між радамі стаўбоў гладка, як на асфальце, ні травінкі, ні камячка, каб лягчэй было попкам-канваірам, якія дзень і ноч «красаваліся» на вышках, заўважыць эвэнтуальны пабег… Пабегаў там, як правіла, не бывала. Тундра, балоты, жудасная адлегласьць ад людзей, драты й палкі адданых Сталіну тупых канваіраў учэпіста спынялі наш кожны крок… Вось пачалі нас выводзіць на тую праверку. Ішлі мужчыны й жанчыны, юнакі й дзяўчаткі, амаль школьніцы, бабусі старэнькія й дзядкі на схіле гадоў. Цягнуліся калоны сініх, худых людзей. Ніколі я ня думала, што тыя баракі змаглі ўціснуць у сябе такую колькасьць няшчасных. Падаў сьнег з дажджом, і некалькітысячны шнур людзкі, пастроены па пяцёрках, праз чатыры гадзіны, пакуль усіх далічыліся, таптаў і таптаў рэдкае месіва з балота й сьнегу, амаль так, як яшчэ нядаўна ў Асьвенціме й Майданаку. Навука Гітлера не пайшла ў лес… Што будзе, куды гэта дойдзе людзкасьць такімі шляхамі, пад такім кіраўніцтвам партыяў і адзінак? Я не магла забыцца аб адной беларускай жанчыне на этапе. Ёй было 93 гады, але яна была кулачка, якой дзеці-кулакі не ўзялі з сабою на высылку. I вось бабусеньку ў даўгім кажуху, але яшчэ даволі крэпенькую, каб залезьці ў вагон, гналі цяпер недзе за дзецьмі. Баюся, што сканала яна на адной з перасылак, як і іншыя… Некалі ў Празе я, вечны народнік, часам абуралася залішней цывілізацыяй, якая забівае ў людзях здаровыя інстынкты зямлі. «Юберкультывірт»[104]
, — казалі на гэта немцы. Вось цяпер я магла не тужыць па падобным. Перада мною быў найстрашнейшы, тэхнікай і сталінскімі ідэямі падмацаваны прымітывізм, які ня сьніўся нават ардзе Джынгісхана… Калі вецер данёс да мяне з-за рогу барака маліцьвенны сьпеў двух дзядкоў, я расплакалася.5. Лагер
Лагер на Інце, куды нас прывезьлі, т. зв. 5-ты ОЛП пад уладаньнем гнусавага Шапіры быў толькі перасылкай, на якой сартыраваліся людзі на другія ОЛПы гэтага лагеру, які нечаму называўся «Мінлаг». Мы думалі часам, ці не падманвалі нас злыдні? На 5-м было затрымацца вельмі цяжка. Там панавалі побач з Шапірам выбраныя лекары са зьняволеных, якім жылося няблага. Сэгрэгуючы паводле жаданьняў начальства народ і ўслугоўваючы болей надзірацелям, як хворым, яны карысталіся шматлікімі прывілегіямі, уключна мары ўсіх зьняволеных — лагерных жонак — у разуменьні не плятанічным. Цяжарных адсылалі ў жаночы ОЛГТ Інты, гэта быў т. зв. горад, пабудаваны нядаўна зьняволенымі над рэчкай такой жа назовы. Дзеравяныя, за маяго прыезду, баракі й дамы ператвараліся рукамі зьняволеных паступова ў шматкватэрныя блокі. Вось у Інце было ўпраўленьне гэтымі ОЛПамі, якіх галоўным начальнікам быў Казлоў — сыты вол, які жыў у раскошным, як на Інту, асабняку ў поўным камфорце са сваімі вывадкамі. Яго імя, як і яго выгляд былі ненавіснымі для нас, вязьняў. Вакол Інты былі ўсе лагеры, якія абслугоўвалі шматлікія шахты, будавалі Інту. Сярод іх быў адзін жаночы, куды нас і пагналі строем з сабакамі. Такі ж абнесены дратамі квадрат, як на 5-м, з азьвярэлымі попкамі на вышках, вахтай і брамай, праз якую ўпускалі й выпускалі нас на работу. Калі мы падышлі бліжэй, убачылі нізкія даўгія баракі, ля іх нары, клункі й сноўдаючых людзей. Гэта была чарговая, няўпынная там пражарка блашчыцаў. Як аказалася, стварэньні гэгыя пладзіліся і ў 40-градусны мароз. У нарах і ў сьценах баракаў была іх цьма! Параньне нараў было вечным, ненавісным для нас загадам пасьля цяжкой працы за зонаю. Бальшавіцкія лагеры пабудаваныя так, што там не даюць людзям вольнай хвіліны. Апрача пражарак ганяюць у капцёрку, на праверкі, шмоны, суботнікі, нядзельнікі, у сталовую, у баню, па цукер, якога на 20 дзён давалі па шчопцяхі[105]
і па які мы беглі ахвотна. Лустачка камякаватай пайкі, ледзь пасыпаная цукрам, была несказаным прысмакам нашага ўбогага меню.