Нас разьмяшчалі на грузавых машынах і ўсе стараліся, каб я й Джэні-грачанка селі ля сваіх мужоў. Муж прыгожай заплаканай Джэні, невысокі, але мажны сымпатычны грэк стаяў бедны ў чаравіках без шнуркоў, з парасолем, прытрымоўваючы адной рукой нагавіцы, бо й пояс яму забралі.
Павезьлі нас за Вену, гдзе адзінока стаяў цэлы цягнік на «жывы тавар» для «пераможцаў». Падганялі машыны да дзьвярэй вагонаў, клалі памост і па ім заганялі зьняволеных. Нейкія касавокія канваіры з віскам круцілі аўтаматамі, як пугамі, над лысымі галовамі вязьняў, і здавалася мне, што гэта часы й норавы Батыя, нягледзячы на цягнік, як іронію дасягненьняў людзкасьці. Вагоны былі падзеленыя густа пераплеценым калючым дротам на тры часьці. З левага боку жанчыны (было нас трынаццаць), з правага мужчыны — болей за сорак (сядзелі адзін на адным) і пасярэдзіне канваіры. У загарадзях былі пакінутыя толькі дзіркі, як для сабакі. Трэба было станавіцца на калені й так толькі, на жываце, туды паўзьці. Паабдзіралі мы і адзеньне, і голавы. Дзіркі гэтыя наглуха пазапляталі. «Туалет» для нас зрабілі незамыславаты. Выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і гэта было ўсе. Для нас, эўрапеек, гэта была пакута, і мы, нягледзячы на пратэсты канвояў, затуляліся, чым маглі, альбо чакалі ночы. Ваду піць падавалі нам праз дрот, ежу — таксама. Не было ні ложак, ні місак. Ля гэтага вагона назьбіралі нашыя «апекуны» брудных іржавых банак, яшчэ, відно, ад такрошніх[91]
кансэрваў, з якіх і елі мы штодня той незамыславаты панцак, якім нас кармілі. Мужчыны апякалі сабе вусны, бо з тых бляшанак трэба было пад'есьці некалькі асобам. Ваду давалі нам, якую хацелі, ад яе ледзь ня рвала. Цягнік наш суправаджаў лекар і цэлая зграя розных чакістых, паджарых, з хітрымі, сьвідруючымі вачыма, на якіх страх было паглядаць. Яны заходзілі і ў наш вагон і зьдзекваліся, як маглі, з бедных немачак, якіх вязьлі «да мядзьведзяў». Ад'яжджаючы, схапіў мяне плач страшны, нялюдзкі. Мне здавалася, што я ўжо ніколі не пабачу сына, як папруць мяне няведама куды й задушаць, думалася ўсё, а дзіця, самое ў шырокім бязьлітасным сьвеце. Якраз падышоў той «доктар» і пытаецца ў немак, чаго я так плачу, ад'яжджаючы «на родину», а яны кажуць аб хлопчыку, а той: «Ничего, бандитом будет». Гэта было сказана ня так сабе. «Доктар» быў, відавочна, у курсе спраў, бо, як я пасьля даведалася, яны скіравалі ўсе намаганьні, каб маральна й фізычна зьнішчыць няшчаснага хлопца.З немак былі цікавымі жанчынамі аўстрыячкі фрау Рэнэ й фрау Фіні. Фрау Фіні, звычайная старажыха, вельмі адчувала гора Аўстрыі, на такіх «асвабадзіцеляў» глядзела з нянавісьцю, верыла, што Бог дапаможа вярнуцца, і з абрыдлівасьцю адварочвалася ад Эле Вінклер і нейкай Геры, якую ўсе пашчыпваў той «доктар», а ей гэта падабалася.
У Мадзяршчыне доўга стаяў цягнік, і калі я падняла свой заплаканы твар, дык сустрэлася з поглядам такім спагадлівым, такім чалавечым нейкага мадзярскага чыгуначніка, што сэрца мае акрэпло.
Элё Вінклер голасна марыла аб тым, што ў Саветах прыгожыя футры, і яна вернецца дамоў у такім менавіта, ды яшчэ выйдзе замуж за шпіёна, якіх тут у цягніку поўна, кіне сваяго старога шпіёна, які тут разам з ею, бо ён скампрамэтаваўся і ў Амэрыку яго ня пусьцяць. А фрау Фіні малілася сьвятому Шчэпану, праз край якога нас вязьлі, і аж скрыгатала зубамі з гора.
Так нас прывезьлі ў Львоў. Цягнік спыніўся, і нас пачалі выгружаць з вагонаў. Дзіву я дзівілася: колькі людзей! Каля гары выгружанай чырвонай плюшавай мэблі — «германскага трафея» — стаяў тоўсты савецкі генерал, увесь у медалях, і тоўстае бруха аж вырысоўвалася боханам з-пад гімнасьцёркі, а побач гаалі худога страшнога генерала-немца, які, відно, нямала прабыў у падзямельлі той страшнай вілы й цяпер, пад сытым і наглым поглядам «пераможцы», плёўся, як цень, апіраючыся на рукі сваіх землякоў. Такі ўжо лёс пакананых… Нарэшце я ўбачыла маяго мужа, па чале й па твару сплывалі яму ручайкі крыві. Ішоў, як Хрыстос, бледны й акрываўлены, побач шчэрылі зубы савецкія азьвярэлыя аўчаркі, якімі нас адразу сустракала «отечество».
Завялі нас у вялізны хлеў, гдзе сарціравалі нас і разьдзялялі. Там упершыню я ўбачыла кучу зьняволеных дзяцей, такіх жа бледных і страшных, як мы, і болей, болей няшчасных, бо дзеці.