— Я вось ізноў падумала пра тое, што і як я тут расказваю, і мне зрабілася неяк не па сабе. Ты ж ведаеш — ёсць такія выдатныя ўзоры акцёрскіх маналогаў і дыялогаў, успамінаў, згадак. Пра сябе, пра сваю прафесію. У мяне ёсць кнігі Алы Дзямідавай, Алісы Коанен, Соф’і Гіяцынтавай... Возьмеш у рукі — як жа разумна, цікава, глыбока і тонка разважаюць яны пра свой лёс, нашу агульную справу, пра мастацтва і час! А я — чалавек, які не піша і не разважае. Прынамсі, я сябе менавіта так успрымаю. Слова мне даецца цяжка, не падуладна мне, не слухаецца. Прыгадай во, колькі ты, здаралася, раздражняўся, нават злаваў, калі я хацела нешта хуценька табе паведаміць ці пераказаць, хай сабе і самае простае, і мыкала, спатыкалася амаль на кожным слове, не магла яго звязаць з іншымі зграбна і трывала...
— Не перабольшвай.
— Не, сапраўды. Я тэта ўсё да таго, што нярэдка адчуваю: мне куды лягчэй штосьці мімікай, жэстам ці інтанацыяй паказаць, пластычна выявіць, калі я расказваю, чым паслядоўнымі, упарадкаванымі фразамі. Відаць, мне трэба было жыць у
Прыгадай, як нашаму малому Дзіме я расказвала пра паніклае над ракою дрэва, ці пра нейкае кустоўе, што ашчацінілася калючкамі? Я і не расказвала — хутчэй паказвала: усёю сабой. Схіляеш вось так галаву, апускаеш рукі. Або: рукі во так, перад сабой,выстаўляеш, пальцы ва ўсе бакі гэткімі нібы пратарчакамі, адпаведны «калючы» выраз на твары: паспрабуй толькі падысці — ураз адскочыш з енкам! Любое дзіцё, нават зусім малеча, адразу гэта разумее. Мова прыроды і мова гульні яму зразумелыя аднолькава добра. Гэта самой жа прыродай і закладзена ў яго.
— А памятаеш, той хлопчык на «Аленькай кветцы»?..
— А, цудоўны прыклад! Я ў гэтай казцы на дзіцячых ранішніках адвечную сваю Бабу-Ягу іграю. I вось сяджу на куфры, які стаіць блізка да краю сцэны, недалёка ад першага рада крэсел, гляджу ўбок на тое, што робяць іншыя персанажы, а нейкі хлопчык, расказвалі мне потым, падскоквае да сцэны і, калі не бачу яго, трасе кулаком, пагражае мне з залы, як самай сапраўднай, «жыццёвай» Язе. Не, я табе скажу: чула я кампліменты, але такога...
У мастацтве, колькі б ні працаваў, хочацца выяўляць сабою ўсё больш і больш з таго, што жьве наўкол цябе. Усё болей і болей жывога. I я, да прыкладу, стараюся разглядзець, злавіць жывы рух у выгібах галіны, карэння, ва ўзоры на сасновай кары — і ў сваёй «біжутэрыі», кулонах і каралях, зрабіць так, каб гэтае жывое зайграла б нейкім выразам сваім і для іншых людзей, усім было прыкметнае. А ўвогуле распавядаць доўга і падрабязна словамі — справа для акцёра няўдзячная. Гаварыць пра ягонае жыццё і асобу павінны яго вобразы, тое жыццё, якое стварае ён на сцэне. Менавіта яно больш за ўсе словы можа сказаць пра гэтага акцёра, ягоную прафесію, лёс, здзейсненае ім. I я заўсёды па-добраму зайздросціла тым, хто можа лёгка сам гаварыць пра ўсё гэта ў розных «кінапанарамах», «тэатральных гасцёўнях», у сустрэчах на тэлебачанні. Калі ўжо трэба — магу так гаварыць і я, але я толькі краю тады тую нібыта лёгкасць, нязмушанасць, з якой кажу пра нешта словамі, на самай жа справе мне лягчэй было б нешта даць адчуць праз тую ці іншую ролю, ейны фрагмент.
Яшчэ раз: самае галоўнае ў акцёры — у вобразах, створаных ім. Ну, і натуральна ўзнікае пытанне: а які ён сам, тэты акцёр, у жыцці, так сказаць, як асоба, індывідуальнасць? Мы з табою неяк гаварылі пра гэта, але скажу зноў: нават самы знакаміты акцёр у жыцці — самы звычайны чалавек. Больш за тое: можа, нават і не асоба, не індывідуальнасць прыкметная. Страшна вымавіць, але іншым часам думаеш: каб ствараць значныя вобразы іншых людзей, акцёр павінен быць у нейкім сэнсе... «пустым» сасудам, павінен мець знутры сябе дастаткова месца, прасторы для жыцця там іншых людзей, ягоных герояў-персанажаў. Але гэтая прастора — не фізічная, а духоўная, там богам змешчаны нябачны нікому магічны крыстал, дзякуючы якому і ўзнікае мастацтва.
— Перастаю разумець... Шмат чаго проста перастаю разумець. I чым болей жывеш, тым менш ведаеш, як трэба жыць. I як жыць наогул... Вось падыходзяць Дзяды. Непрацоўны цяпер ужо дзень. Гэта добра. Гэта патрэбна. Каб людзі ўспомнілі ўсіх сваіх. Каб хаця трохі і самі апомніліся ў гэтым тлуме, дзерганіне, даставанні самага неабходнага. У гэтай нашай суцэльнай чарзе літаральна праз ўсё жыццё ад нараджэння да смерці і яшчэ пасля яе, на могілках... Але ж Дзяды надыходзяць, а ўсё амаль застаецца па-ранейшаму. I шмат чаго нават палохае.